Ганаровы статус “Школа міру” атрымала сярэдняя школа № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі. 21 верасня 25 навучэнцаў 7 і 8 класаў у прысутнасці педагогаў, бацькоў і ганаровых гасцей урачыста далі клятву юных міратворцаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Дружны школьны калектыў актыўна ўдзельнічае ў міратворчых ініцыятывах і праектах. У справах вучні бяруць прыклад са сваіх настаўнікаў, больш за палову з якіх, дарэчы, уваходзяць у пярвічную арганізацыю Беларускага фонду міру.
— Цэнтр патрыятычнага, маральнага, духоўнага выхавання навучэнцаў — гэта наша школа, — расказала дырэктар установы адукацыі Святлана Баранок. — Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога Сяргея Мароза, нашага кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, ідзе сур’ёзная пошукавая, даследчая, экскурсійная работа. У тым ліку з новага навучальнага года ў нас працуе клуб “Абавязак. Сям’я. Айчына”. Вялікую ўвагу ўдзяляем захаванню гістарычнай праўды, памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Навучэнцы разам з педагогамі дапамагаюць ветэранам, даглядаюць помнікі і месцы воінскіх пахаванняў, удзельнічаюць у канферэнцыях і конкурсах рознага ўзроўню. У рамках праграмы “Народная дыпламатыя” Беларускага фонду міру школа ажыццяўляе дзейнасць, нацэленую на ўмацаванне міру, дружбы, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапаганду і рэалізацыю ідэй міласэрнасці і гуманізму, папулярызацыю нацыянальных грамадска-культурных каштоўнасцей і традыцый. Возьмем для ўзору адзін аспект: мы за нядаўні час расчынілі свае дзверы для расійскіх гасцей з Масквы і Пскоўскай вобласці, горада-пабраціма Себежа, а таксама з Рэспублікі Кыргызстан. Мінулым летам нашы навучэнцы далучыліся да міжнароднага праекта “Курган Дружбы”.
Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марына Галькоўская, у школе ёсць тры моцныя валанцёрскія атрады. Юныя эколагі на чале з настаўніцай біялогіі Людмілай Шавель-Берасцень заўсёды з ахвотай уключаюцца ў рэспубліканскія, абласныя экалагічныя акцыі. Акрамя таго, яны рэгулярна рэалізуюць адметныя школьныя ініцыятывы, да якіх нярэдка потым далучаюцца іншыя ўстановы адукацыі і мясцовыя жыхары. Людміла Мікалаеўна — грамадскі эколаг, удзельніца II Рэспубліканскага фестывалю метадычных распрацовак па арганізацыі тэматычных заняткаў па валанцёрстве. Клопат пра тых, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, міласэрнасць і дапамога з’яўляюцца асноўным напрамкам работы атрадаў “Добрае сэрца” (кіраўнік — настаўніца пачатковых класаў Аксана Голубева) і “Планета дабрыні” (кіраўнік — настаўніца англійскай мовы Алена Крастоўская).
— Ажыццяўляючы дзейнасць па прынцыпе “роўны роўным”, валанцёры дзеляцца вопытам, карыснай інфармацыяй з равеснікамі, — адзначыла Марына Галькоўская. — Жадаючых папоўніць шэрагі валанцёраў многа, бо педагогаў з вучнямі яднае шчырае жаданне змяніць навакольны свет да лепшага.
Па словах Людмілы Шавель-Берасцень, галоўнае ў валанцёрстве — актыўная жыццёвая пазіцыя, неабыякавасць, камандная падтрымка і асабістая адказнасць, гатоўнасць працаваць не дзеля ўласных матэрыяльных выгод, а дабрачынна:
— Гэта значыць, для канкрэтных людзей, для малой радзімы, нашай вобласці, роднай краіны. Вельмі важныя якасці, якія мы выхоўваем у дзяцей праз сумесную дзейнасць.
Настаўніца пачатковых класаў Іна Адамовіч — удзельніца мноства праектаў па духоўна-маральным выхаванні дзяцей і моладзі. Асноўную работу педагог спалучае з выкладаннем у нядзельнай праваслаўнай школе. А яшчэ яна з вучнямі займаецца вывучэннем і адраджэннем народнай культуры. У прыватнасці, візітнай карткай школы сталі беларускія лялькі, вырабленыя ў аб’яднанні па інтарэсах пад кіраўніцтвам Іны Аляксееўны. Зараз настаўніца каардынуе работу школы па стварэнні музейнага пакоя, прысвечанага праваслаўным традыцыям і этнаграфіі беларусаў з акцэнтам на мясцовых асаблівасцах. Штогод прадстаўнікі школы прыемна ўражваюць яркімі выступленнямі на раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсных мерапрыемствах творчай накіраванасці. Летась, напрыклад, дзевяцікласнік Кірыл Салоха стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Мір у душы — мір у краіне”, яго верш апублікаваны ў аднайменным зборніку. Раскрыцца паэтычнаму таленту дапамагла настаўніца рускай мовы і літаратуры Лілія Салоха.
Установа адукацыі ўстойліва трымаецца сярод лідараў раёна па выніках злётаў юных інспектараў дарожнага руху, юных ратавальнікаў-пажарных. На рахунку каманды пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Вольгі Яскевіч і настаўніцы гісторыі Таццяны Берасцень — перамога на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Школа бяспекі”.
Не саступаюць у выніковасці і юныя спартсмены. Аматараў спорту натхняюць дасягненні не толькі выпускнікоў, але і равеснікаў. Адзін з навучэнцаў, Мікалай Горбач, цяпер трэніруецца ў Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Якраз год назад настаўнікі і школьныя сябры з хваляваннем сачылі за яго дэбютам на буйных міжнародных спаборніцтвах у складзе беларускай зборнай юнакоў 2009—2010 гадоў нараджэння. Разам парадаваліся за земляка: бронзавы медаль міжнароднага дзіцячага турніру па валейболе “Кубак губернатара Ямала — 2023” у Новым Урэнгоі — выдатны старт! Школьная ж каманда па валейболе ў мінулым навучальным годзе заняла 1-е месца на фінальных спаборніцтвах XXXVI абласной спартакіяды школьнікаў і перамагла ў рэспубліканскім фінале фестывалю школьнага спорту. Юнацкая каманда баскетбалістаў у сваёй групе на сёння займае 2-е месца ў вобласці. Да высокіх поспехаў сваіх вучняў прывялі педагогі Яўген Кавалёў і Сяргей
Салоха.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі