Ганаруся працай настаўніка

Паўгода працую настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Відамлянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна. Зроблены першыя прафесійныя крокі. Кожны працоўны дзень пачынаецца са школьнага званка, сустрэч з калегамі і вучнямі. У прафесіі не расчаравалася. Больш за тое, я шчаслівая, бо вучу іншых, перадаю ім веды, атрыманыя ва ўніверсітэце.

Выдатна разумею, што без пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканальвання нельга дасягнуць прафесійных вышынь, таму актыўна вучуся ў вопытных калег і любімых выхаванцаў. Вяду ўрокі рускай мовы і літаратуры, усведамляючы высокую адказнасць за якасць іх выкладання, прывіваю дзецям любоў да слова, беражлівае і дакладнае, правільнае і акуратнае абыходжанне з ім. Сэнс педагагічнай працы бачу ў тым, каб захапіць сваім прадметам усіх школьнікаў.

З’яўляюся класным кіраўніком далёка не простага, але вельмі цікавага 7 класа. Мае выхаванцы вельмі розныя, і ўсе чакаюць любові, чулых, уважлівых і шчырых адносін да сябе.

Невялікі педагагічны вопыт пераконваў не раз, што любая строгасць даруецца, калі дзіця будзе адчуваць любоў настаўніка. Выхаванне — гэта заўсёды дыялог, таму імкнуся размаўляць ад сэрца да сэрца. І гэта ў мяне атрымліваецца!

“Настаўніцкая праца — вялікая адказнасць за сучаснасць і будучыню. Вельмі важна ў юным узросце своечасова падказаць, падтрымаць, зберагчы”, — гэтаму вучылі мяне ўніверсітэцкія выкладчыкі, гэтаму вучаць і калегі, да якіх прыслухоўваюся і звяртаюся па параду.

Удзячна школьным настаўнікам, якія дапамаглі вызначыцца з прафесіяй, універсітэцкім выкладчыкам, якія далі грунтоўныя веды, калегам і адміністрацыі школы за пастаянную ўвагу і падтрымку ва ўсім.

Настасся ГРАБЕНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Відамлянскай сярэдняй школы
Камянецкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *