Ганаруся продкамі і Радзімай

Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына… Гэтыя словы мы вымаўляем з гонарам і пішам з вялікай літары. Спытай у сяброў і родных, што такое Радзіма, і атрымаеш розныя адказы. Адны скажуць, што Радзіма — месца, дзе нарадзіўся, другія — што родны дом, дзе зрабіў першы крок і сказаў першае слова, трэція — што Радзіма пачынаецца з блізкіх — мамы і таты, братоў і сясцёр, сваякоў і сяброў.

Для многіх Радзіма бярэ пачатак з бацькавай хаты. Бацькава — значыць бацькоўская. Гэтае слова — ад таго ж кораня, што і “бацькаўшчына”. Яны блізкія і па значэнні: Айчына — зямля нашых бацькоў, бацькоўскі дом — дом нашага бацькі. Якім бы ні быў наш дом, дзе б ні знаходзіўся, ён заўсёды дарагі і блізкі.

Мая малая радзіма — вёска з прыгожай назвай Ліпнішкі. Тут нарадзілася я, мая мама, дзядуля па лініі мамы і яго бацькі — мае прадзядуля і прабабуля. І мне вельмі хочацца расказаць пра свой род, свае карані.

Мой прадзядуля Міхаіл Лаўрэнцьевіч Ракса нарадзіўся 6 студзеня 1911 года. У сям’і быў адзіным сынам. Скончыў 4 класы польскай школы. Працаваў на невялічкім кавалку сваёй зямлі, ажаніўся, меў пяцёра дзяцей (Рычард, Эвеліна, Міхаіл (мой дзядуля), сёстры-блізняты Ядвіга і Тарэса). У 1944 годзе быў прызваны ў польскае войска імя Тадэвуша Касцюшкі змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Па ўспамінах маёй мамы, быў частым госцем Ліпнішкаўскай сярэдняй школы, дзе расказваў вучням свае ўспаміны пра ваенныя дзеянні. Пасля вайны працаваў у мясцовым калгасе. Працу не пакінуў нават пасля выхаду на пенсію.

Прабабуля Марыя Зыгмунтаўна Ракса (Звярко) таксама нарадзілася ў Ліпнішках. У сям’і было трое дзяцей — Франц (выехаў у Амерыку), Тарэса (выехала ў Польшчу), Марыя (мая прабабуля), пражыла 91 год. Яе тата (мой прапрадзед Зыгман) быў арганістам у касцёле Святога Казіміра ў Ліпнішках, яго жонка (мая прапрабабуля Мальвіна) спявала ў касцёльным хоры. Сям’я мела ўласныя землі. Прабабуля Марыя ўмела добра шыць, нават мела сваіх вучаніц. У свой час яна скончыла “Школу крою і шыцця адзення жаночага, дзіцячага, бялізны, мадэліравання і работ ручных” пані Стэфаніі Стэфановіч у Вільні. Пра гэта сведчыць захаваны фрагмент дыплома, які лічыцца ў нас сямейнай рэліквіяй. Некаторы час у двары Зыгмана і Мальвіны Звярко дзейнічала друкарня Юзафа Пілсудскага, ваеннага і палітычнага дзеяча, першага кіраўніка незалежнай Польшчы. Прыкладна ў 1917—1920 гады сям’я жыла ў Пецярбургу і нават у Фінляндыі, дзе мой прапрадзед таксама працаваў арганістам. Але ўся сям’я дапамагала бальшавікам. Яны, рызыкуючы ўсім, шылі фуфайкі. Пасля вяртання на радзіму жылі і працавалі на сваёй зямлі ў Ліпнішках. Я ведаю, што мая прабабуля Марыя была добрай апавядальніцай, любіла чытаць, цікавілася ўсімі навінамі, вельмі любіла сваіх унукаў і праўнукаў, з вялікім задавальненнем шыла для іх адзенне, асабліва любіла майстраваць карнавальныя касцюмы.

Мой дзядуля Міхаіл Міхайлавіч Ракса таксама нарадзіўся ў вёсцы Ліпнішкі. Пасля заканчэння Ліпнішскай сярэдняй школы (цяпер Ліпнішкаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) працаваў токарам, затым паступіў на юрыдычны факультэт БДУ. Некаторы час працаваў старшынёй Ліпнішкаўскага сельвыканкама, затым — міжгаспадарчым юрысконсультам упраўлення сельскай гаспадаркі Іўеўскага райвыканкама. Дзядуля вельмі любіў чытаць, кнігі былі яго пастаяннымі спадарожнікамі. Захапляўся музыкай, сам прыгожа спяваў і вельмі шкадаваў, што не меў магчымасці атрымаць музычную адукацыю.

Мая мама — Ларыса Міхайлаўна Мацвеева — пасля заканчэння Ліпнішскай сярэдняй школы з залатым медалём стала студэнткай Магілёўскага педагагічнага інстытута імя А.Куляшова. Свой працоўны шлях на пасадзе педагога-псіхолага пачала ў Суражскай сярэдняй школе, а з 2005 года працуе педагогам-псіхолагам у Ліпнішкаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Мама вельмі прыгожа спявае і іграе на скрыпцы, смачна гатуе, умее вязаць і вышываць, вырошчвае кветкі.

У нашай сям’і двое дзяцей — я і мая сястра Валерыя, студэнтка 4 курса факультэта права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Цікава, што яна старэйшая за мяне роўна на 10 гадоў і 1 адзін дзень.

Якія ж цудоўныя мае продкі! Добрыя і шчырыя, умелыя і працавітыя, мужныя і моцныя духам. Іх жыццё — як захапляльная кніга, старонкі якой я з цікавасцю гартаю, адкрываючы вытокі роду. Лёс маіх прадзедаў — гэта стагадовая гісторыя тых, хто ўсё жыццё жыў на зямлі, працаваў, выхоўваў дзяцей.

Дзякуй вам вялікі, мае дарагія прадзеды, што далі жыццё маім бацькам, а тым самым — і мне.

Вы — мае карані. А я — ваш парастак. Значыць, будзе жыць і расці наша радавое дрэва і наша малая радзіма Ліпнішкі!

Эла МАЦВЕЕВА,
вучаніца 5 “Б” класа Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.