Ганарымся Радзімай сваёй

- 11:48Актуально, Апошнія запісы

Акцыя з такой назвай адбылася на плошчы Дзяржаўнага Сцяга ў Мінску 12 мая. У другую нядзелю мая беларусы ўжо амаль чвэрць стагоддзя святкуюць Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. На свята тут сабралася каля 500 удзельнікаў. Галоўнымі героямі ўрачыстасці сталі 90 сталічных школьнікаў, якія папоўнілі рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Гальштукі лепшым школьнікам сталіцы павязалі ганаровыя госці мерапрыемства: ветэраны, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама і інш. У ліку гасцей быў і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк.

— Пасыл гэтага мерапрыемства — натхніць дзяцей на тое, каб усё, што яны задумалі, у іх атрымалася, спраўдзілася. А галоўны сэнс — развіваць пачуццё патрыятызму і гордасці за сваю краіну, за свае дзяржаўныя сімвалы. Краіна, якая не шануе сваіх святынь, не паважае дзяржаўны сцяг і герб, не вучыць новае пакаленне разумець, шанаваць, паважаць сімволіку, у будучыні асуджаная, — адзначыў ён.

Акрамя гэтага, на цырымоніі 50 маладых людзей былі прыняты ў рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і яшчэ 20 чалавек сталі сябрамі арганізацыі “Белая Русь”. Усім новым удзельнікам маладзёжных арганізацый у якасці падарунка быў уручаны паўнамерны Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэтая ініцыятыва належыць моладзі і была рэалізавана ў гэты дзень упершыню.

— Менавіта ў гэты дзень закладзена новая традыцыя: у Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь мы будзем лепшым сябрам маладзёжных арганізацый уручаць дзяржаўны сцяг — сімвал нашай незалежнасці і сувязнае звяно паміж пакаленнямі. У кожнай сям’і ён стане сямейнай каштоўнасцю і рэліквіяй, якую можна будзе выкарыстоўваць на святочных мерапрыемствах, а таксама на конкурсах і спартыўных спаборніцтвах як талісман і пераможны сцяг, — паведаміў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк.

Пасля ўрачыстай лінейкі для піянераў у парку Перамогі актывістамі Саюза моладзі быў падрыхтаваны інтэлектуальна-забаўляльны квест. У ім прынялі ўдзел каманды дзевяці раёнаў Мінска.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.