Ганарымся, што навучылі!

- 18:01Нам пішуць

Пад такім дэвізам працаваў дзіцячы лагер “Брыганціна” Паляцкішскай сярэдняй школы. У дзень адкрыцця лагера з выхаванцамі праведзена гутарка “Небяспечныя прадметы ў побыце. Электрапрыборы”. Дзеці замацавалі веды аб небяспечных бытавых прадметах, пашырылі веды аб правілах карыстання прадметамі, якія могуць быць крыніцай небяспекі ў доме. Разам з выхавальнікамі засвоілі правілы бяспечных паводзін пры карыстанні электрычнымі прыборамі.

Далей — гульнявыя заняткі “Небяспечны касцёр”: прыгадалі наступствы, якія ўзнікаюць у выніку неасцярожнага абыходжання з агнём, негатыўны ўплыў вогнішчаў на экалогію. Дзеці навучыліся правільна паводзіць сябе пры пажары ў лесе, даведаліся, як зберагчы сябе ад дыму і агню.

На базе Паляцкішскага цэнтра культуры і адпачынку з выхаванцамі лагера правялі сюжэтна-ролевую гульню “Асцярожна, агеньчык!”. Падчас эстафеты “Выратуй кацяня” хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў ролі пажарніка. Гульня “З агнём не жартуй” дапамагла падвесці вынік аб станоўчай і адмоўнай ролі агню.

Завяршэннем тыдня прафілактыкі пажарнай бяспекі стала экскурсія ў Воранаўскі МНС. Старэйшыя вучні з Паляцкішской школы неаднаразова бывалі ў гасцях, а вось дзеткі 1—4 класаў — упершыню. У пажарнай частцы выхаванцам паказалі дзяжурна-дыспетчарскую службу, памяшканне для адпачынку. Хлапчукі і дзяўчынкі не толькі ўбачылі прадметы баявога адзення, але і змаглі іх прымераць. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі, задавалі шмат пытанняў, яшчэ больш пераконваючыся, якая складаная і небяспечная праца пажарнага. Вучні падзякавалі ратавальнікам і паабяцалі, што небяспечныя сітуацыі будуць пазбягаць.

Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.