“Гандаль людзьмі — страшнае зло, якое па даходнасці ўступае, мабыць, толькі гандлю наркотыкамі і гандлю зброяй”

- 12:24Інфармацыйная гадзіна

Беларусь выступае за тое, каб барацьба з гандлем людзьмі ўвайшла ў новы глабальны парадак дня. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў у інтэрв’ю рускай службе Радыё ААН з нагоды Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі.

Валянцін Рыбакоў падкрэсліў, што з пункту гледжання беларускага боку вельмі важнай з’яўляецца каардынацыя намаганняў усёй міжнароднай супольнасці для барацьбы з гандлем людзьмі.
Намеснік міністра замежных спраў Беларусі звярнуў увагу на тое, што ў штаб-кватэры ААН праходзяць міжурадавыя перагаворы па падрыхтоўцы да саміту ААН, які пройдзе ў верасні для прыняцця парадку дня ўстойлівага развіцця на перыяд пасля 2015 года.
“Для нас адным з прыярытэтаў з’яўляецца якраз пытанне барацьбы з гандлем людзьмі. Мы выступаем за тое, каб гэты пункт, гэты параграф, гэтая мэта была зафіксавана ў канчатковым дакуменце, які будзе разглядацца на саміце кіраўнікамі дзяржаў і прымацца імі, — сказаў намеснік міністра. — Мы пастаянна на ўсіх пасяджэннях групы гаворым аб неабходнасці захавання і ўзмацнення гэтага пункта, і мы вельмі спадзяёмся на тое, што ён увойдзе ў канчатковы варыянт таго дакумента, які будзе прымацца кіраўнікамі дзяржаў”.
Валянцін Рыбакоў адзначыў, што Беларусь сістэмна змагаецца з праблемай гандлю людзьмі. “Нам часта задаюць пытанні: чаму вы сталі ініцыятарам, ці з’яўляецца гэтая праблема для вас настолькі вострай, настолькі надзённай, што вы вырашылі ўз няць гэтае пытанне ў глабальным маштабе? Не, для нас гэта не тая праблема, якая з’яўляецца, скажам, пагрозай для нацыянальнай бяспекі. Але мы ведаем аб тым, што гандаль людзьмі — страшнае зло, якое па даходнасці ўступае, мабыць, толькі гандлю наркотыкамі і гандлю зброяй. Мы ведаем аб тым, што кожны год у свеце мільёны людзей пакутуюць ад той ці іншай формы таго ці іншага праяўлення гандлю людзьмі”, — сказаў намеснік міністра.
Дыпламат адзначыў, што менавіта Беларусь у рэзалюцыі 68-й сесіі Генеральнай Асамблеі па барацьбе з гандлем людзьмі ініцыіравала заснаванне Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі. Гэтая ініцыятыва была з энтузіязмам успрынята партнёрамі з ліку міжнародных і няўрадавых арганізацый і атрымала безагаворачную падтрымку дзяржаў — членаў ААН. Гэты дзень штогод адзначаецца 30 ліпеня.
Валянцін Рыбакоў падкрэсліў, што Беларусь актыўна працуе на папярэджанне па выкараненні гэтага зла. Акрамя таго, вялікая ўвага ўдзяляецца інфармаванню грамадзян. “Мы робім усё для таго, каб людзі разумелі, з якімі пагрозамі, небяспекай яны могуць сутыкацца пры атрыманні часам вельмі прывабных прапаноў па працаўладкаванні, аказанні нейкіх паслуг. Мы ведаем, што гэта часам заканчваецца вельмі трагічна для людзей”, — адзначыў Валянцін Рыбакоў.