Ганна ГАРДЗЕЕВА: “Я была мегападрыхтаваная да педагагічнай дзейнасці”

- 10:39Моя школа

Дэвіз сённяшняй госці праекта “Мая школа” — у любых умовах заставацца жанчынай. Сёння пра школьныя і не толькі школьныя гады мы размаўляем з вядучай тэлеканала НТБ і радыёканала “Радыус-FM”, педагогам школы радыёвядучых, чалавекам-святам Ганнай ГАРДЗЕЕВАЙ.

— Ганна, раскажыце, калі ласка, адкуль вы родам. Якія ўспаміны ў вас засталіся пра школьныя гады?
— Я нарадзілася і вырасла ў Пінску. Вучылася ў сярэдняй школе № 5 з музычным, як я называю, “адхілам” — спецшколе з паглыбленым вывучэннем музычных дысцыплін. Пра школу засталіся выключна цёплыя ўспаміны. Я там амаль жыла: прыходзіла туды ў восем гадзін раніцы і сыходзіла ў восем вечара. Спачатку ішлі заняткі па агульнаадукацыйных дысцыплінах, а потым па спецыяльных прадметах: харавым дырыжыраванні, рытміцы, музычнай літаратуры, вакале, сальфеджыа і іншых. Як і пры паступленні ў любую спецшколу, быў вельмі жорсткі конкурсны адбор. З прычыны наяўнасці ў мяне ідэальнага слыху мяне прынялі ў школу па класе скрыпкі.
Усе нашы педагогі былі вельмі маладыя, таму вельмі часта мяняліся — ішлі ў дэкрэтны водпуск. Вось і мой першы педагог па скрыпцы Таццяна Іванаўна Зайцава працавала са мной толькі тры месяцы, а паколькі іншых педагогаў, якія выкладалі скрыпку, не было, мне прыйшлося памяняць інструмент. Так я стала вучыцца ігры на фартэпіяна і аддала гэтаму інструменту ўсе восем гадоў. Пры гэтым для мяне найвышэйшымі музычнымі аўтарытэтамі заставаліся Страдзівары, Паганіні і іншыя вялікія скрыпачы, а скрыпка была эталонам. У падлеткавым узросце эталонам для мяне стаў саксафон, але на ім я так і не навучылася іграць, хаця і спрабавала.
Іграючы на фартэпіяна, я спявала: прапявала кожны твор, за што мне пастаянна зніжалі адзнакі. Аднойчы на экзамене загадчык кафедры сказала ў мой адрас “Ну як можна спяваць буйную форму?” і адзіная з усёй экзаменацыйнай камісіі ўляпіла “тройку” (хаця сыграла я ўсё проста цудоўна!). А я нават Баха мурлыкала сабе пад нос, бо мне так было лягчэй, і, відаць, менавіта тады я зразумела, што мне трэба спяваць. Дарэчы, гэтае самае “мурлыканне” не перашкодзіла мне пасля дзясятага класа паспяхова паступіць у тагачасны Мазырскі педагагічны інстытут на музычна-педагагічнае аддзяленне.
Школа ў Пінску прывіла мне яшчэ адну якасць: любоў да мікрафона. Спяваць я пачала ў хоры “Пралеска”, а потым стала яго салісткай, і ні адзін конкурс, ні адзін канцэрт без мяне не абыходзіўся. Любоў да мікрафона нарадзілася ў мяне менавіта тады і ідзе побач са мной да сённяшняга часу. У падлеткавым узросце стала весці канцэрты, спявала ў хоры і ансамблі — увесь час была на сцэне.
Калі паступіла ў інстытут, які на момант яго заканчэння стаў універсітэтам, з першага курса была на сцэне: спевы, вядзенне канцэртаў, удзел у гарадскіх і рэспубліканскіх мерапрыемствах, выступленні на “Славянскім базары”, на фестывалі ў Маладзечне. У Мазыры кіраўніком маёй музычнай практыкі была вядомы зараз педагог Святлана Стацэнка. А з цягам часу нашы адносіны выйшлі за рамкі зносін педагога і выхаванца.
Калі пасля заканчэння ўніверсітэта я вярнулася ў Пінск, часта наведвала сваіх мазырскіх педагогаў — вельмі цягнула да іх. А са Святланай у нас былі агульныя інтарэсы. Справа ў тым, што дачка Святланы Ксенія Сітнік і мой сын Уладзіслаў нарадзіліся амаль у адзін час і падчас нашых цяжарнасцей у нас было пра што пагаварыць.

— У музычным напрамку вы былі, несумненна, зоркай. А як ішлі справы з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі?
— У агульнаадукацыйнай школе я была хуліганкай і адрознівалася свабодалюбствам. Сябравала з такімі ж, як і сама, хуліганістымі хлопцамі.
Па сакрэце раскажу: быў нават выпадак, калі ўвечары разам з кампаніяй мы, падкраўшыся да акна кабінета дырэктара школы, разбілі аконную шыбу. Шчыра скажу: разбівала не я, але пры гэтым прысутнічала.
Наш дырэктар Ігар Абрамавіч Каралінскі быў мудрым чалавекам. Да гэтага часу памятаю імёны і прозвішчы многіх маіх настаўнікаў. Адно з уражанняў ад агульнаадукацыйнай школы — вельмі цікавыя адносіны мужчынскай і жаночай частак педагагічнага калектыву да вучняў. Я дастаткова хутка адчула гэтыя гендарныя адрозненні і менавіта тады зразумела, што магу кіраваць настаўнікамі-мужчынамі. З настаўніцамі было складаней — іх нечым трэба было зачароўваць.

— Выходзіць, захапленне музыкай перашкаджала добра вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе?
— Зусім не. Музыка, наадварот, мне вельмі дапамагала ў агульнаадукацыйнай школе. Лічу, што менавіта заняткі музыкай развілі ў мяне камунікабельнасць і адкрытасць. Многія гаварылі мне, што я нарадзілася з усмешкай на вуснах (хаця бацькі казалі інакш).
Мне вельмі лёгка даваліся дакладныя навукі: фізіка і матэматыка. З хіміяй было крыху горш. Лілія Фёдараўна Конюхава, наша настаўніца хіміі, неаднаразова адзначала мае добрыя дасягненні ў практычных работах, а вось вучыць хімічныя формулы я не любіла.
Сяброўства з хлопцамі крыху адарвала мяне ад вучобы ў 9—10 класах. Канечне, хацелася і на матацыкле пакатацца, і ў кіно схадзіць. Часам ігнаравала некаторыя прадметы і нават класныя гадзіны, і гэта пры тым, што была старастай класа. Колькі разоў даводзілася чуць ад класнага кіраўніка Ефрасінні Паўлаўны Яленскай калі я спазнялася на класны сход: “Пакуль цябе не было, мы прайшліся па табе бульдозерам…” (Смяецца.)
У старшай школе мы вучыліся ў зборным класе, і, у адрозненне ад іншых аднакласнікаў, мы — “музыканты” — былі сапраўднымі анархістамі (як-ніяк творчыя людзі!): не любілі хадзіць на сходы, пастаянна спазняліся і ўвесь час нешта рабілі па-свойму. Відаць, гэтую прагу свабоды давала менавіта музыка. У мяне была заганная звычка, за якую мяне папракалі і ў школе, а потым і ва ўніверсітэце: я заходзіла ў клас са званком, але да прыходу настаўніка.
Мікалай Іванавіч Казёлка — мой выкладчык фізікі, бачыў у мяне лепшыя якасці і неаднаразова казаў: “Ты — святло. Падлеткавы максімалізм у табе зараз перабушуе, і ты будзеш над ім”. Гэта быў цудоўны чалавек, які аказаў вельмі значны ўплыў на маю самасвядомасць, растлумачыўшы сапраўдныя святло і цемру і навучыўшы бачыць людзей. Мы размаўлялі на розныя тэмы.
Вельмі добрыя адзнакі былі ў мяне і па рускай мове. “Словаблудствам” (смяецца) я пачала займацца яшчэ ў школе. Калі трэба было напісаць сачыненне, я адразу брала новы сшытак і давала волю сваім думкам. Калі я глыбока ўваходзіла ў тэму і пачынала суперажываць героям, сачыненне было на цэлы сшытак, а часам яшчэ і з укладкамі. Але галоўнае, за што мяне дакаралі, быў знешні выгляд сачынення: літары і словы былі рознага памеру. Я і сёння больш люблю менавіта пісаць, а не друкаваць на камп’ютары.
У школьныя гадыя я, як многія ў падлеткавым узросце, таксама пісала вершы. Казалі, што нават атрымлівалася нядрэнна (смяецца). Гэтае паэтычнае натхненне праявілася потым і ў студэнцкія гады.

— Ці друкаваліся дзе-небудзь вашы вершы?
— Толькі ў студэнцкіх выданнях. Большая частка вершаў засталася неапублікаванай і да гэтага часу захоўваецца ў выглядзе рукапісаў. Зараз, калі маёй дачцэ патрэбна віншаванне да якога-небудзь свята, заўсёды ёй дапамагаю і пішу гэтыя віншаванні ў вершаванай форме. Але сцісла пісаць не магу — думкі ляцяць, і атрымліваюцца даволі вялікія вершы.

— У школе зараз бываеце?
— Апошнім часам, на жаль, вельмі рэдка. На адзін з юбілеяў нашага выпуску я была ініцыятарам збору аднакласнікаў. Гэта было ў 2009 годзе. Памятаю гэтае свята ў дэталях, бо ў той час я памяняла колер валасо (смяецца).

— Выходзіць, вашы жыццёвыя вехі адмяраюцца зменай колеру валасоў?
— Не толькі (смяецца). Тут яшчэ мае месца геаграфічная прыналежнасць і моманты майго ўласнага станаўлення. Я, відаць, іду па астранамічных сямігадовых цыклах. І ў сямейных адносінах таксама. Чаму? Відаць, я вельмі адчувальная і больш імкнуся да прыроды.
А папраўдзе, колер валасоў не мае значэння, як і знешняя абалонка. Часам уласны знешні выгляд раздражняе. Калісьці мая бабуля Вера Аляксандраўна мне казала: “Унучачка, усміхайся! Гэта ўсіх раздражняе”. Гэтыя словы мне паўтарала і маці. І гэтая фраза кручочкам зачапілася за маю падсвядомасць. Сэнс гэтых слоў я зразумела значна пазней… Але раздражняць можна па-рознаму: у добрым сэнсе і так, што ў цябе спіна мокрая. У мяне часцей усё адбываецца па другім варыянце, і гэта добра — гэта значыць, што я іду наперад.

— Ганна, ведаю, што ў вас была магчымасць заняцца навуковай дзейнасцю. Чаму не рэалізавалі сябе ў гэтым напрамку?
— Пасля заканчэння ўніверсітэта мне прапаноўвалі застацца ў Мазыры і паступаць у аспірантуру, але я выбрала іншы шлях — вярнулася ў родны Пінск. І не таму, што я не хацела працаваць у Мазыры. Ва ўніверсітэта была магчымасць даць мне службовую кватэру, але мне адмовілі, а я проста не захацела далей жыць сям’ёй (да таго часу я выйшла замуж) у інтэрнаце.
Мае педагогі не зразумелі мой выбар на карысць сям’і, бо я падавала вялікія надзеі як педагог і вучоны, пад кіраўніцтвам майго педагога Уладзіміра Мароза сур’ёзна рыхтавалася да паступлення ў кіеўскую кансерваторыю па класе вакалу. У мяне было цудоўнае моцнае меца-сапрана, якое парушылася пасля другіх родаў — не магу браць высокія ноты, а вось альтовую партыю спяваю без праблем (хаця, думаю, калі б зноў стала займацца, можна было б усё аднавіць).
Пасля заканчэння ўніверсітэта, вярнуўшыся ў Пінск, я паўтара месяца працавала акампаніятарам у дзіцячым садку, а ў новым навучальным годзе стала настаўнікам музыкі ў старшых класах у 12-й школе Пінска.

— А калі б вам прапанавалі тады пайсці працаваць у вашу родную школу, ці пагадзіліся б?
— Канечне. Чаму я магла не пагадзіцца? Я не баюся работы, не баюся аддаваць дзецям свае веды, гатова дзяліцца тым, што ў мяне ёсць. А па тым часе я была мегападрыхтаваная да педагагічнай дзейнасці.
Умовы прыёму на работу былі вельмі цікавыя. Дырэктар школы заявіў мне: “Я вазьму вас толькі тады, калі на працягу трох гадоў вы не пойдзеце ў дэкрэтны водпуск”. (Смяецца.) Так з жартамі мяне ўзялі на работу, а праз два тыдні я даведалася, што… цяжарная. Але за той час, што я паспела папрацаваць у школе, я падрыхтавала дзяўчат, якія занялі першае месца на гарадскім конкурсе, пачала работу хору і вакальнага ансамбля. Ужо знаходзячыся ў дэкрэце, прыходзіла і дапамагала сваім выхаванцам. І зараз магу шчыра сказаць, што 12-я школа стала мне раднейшай за тую, у якой я вучылася, бо там былі мае дзеткі.
Потым, калі я пераехала ў Мінск і стала працаваць на радыё, мае былыя калегі тэлефанавалі мне і радаваліся маім поспехам.

— Вы спяваеце, іграеце на фартэпіяна. Якімі яшчэ інструментамі валодаеце? Які з інструментаў даваўся найбольш цяжка?
— Падчас вучобы ва ўніверсітэце па класе фартэпіяна я асвоіла ігру на акардэоне і на нервах. (Смяецца.) Паколькі я ўмела іграць на фартэпіяна, з акардэонам было лёгка.
Калі вучылася іграць на фартэпіяна ў школе, мяне ледзь не замучылі: стукалі лінейкай па руках за тое, што “заціскала капеечку”, тыкалі ручкай у спіну, бо я не магла ўвесь час уседзець роўна…
А на колькіх энцыклапедыях я паспела пасядзець за гэты час! Спецыяльных падставак на крэсла і на падлогу пад ногі не было, таму выбіраліся самыя тоўстыя кніжкі, а гэта былі пераважна энцыклапедычныя выданні.
Мой інструмент — чорнае лакіраванае піяніна “Беларусь” з цудоўным, як казалі майстры, арганным гучаннем — потым пераехаў са мной у Мінск. Пасля, калі я зразумела, што ён ператвараецца проста ў падстаўку для кветак, абразоў і іншых рэчаў, вырашыла аддаць яго. Сёння я вельмі рада, што маё піяніна трапіла ў добрыя рукі да адной вельмі таленавітай дзяўчынкі.

— Якім настаўнікам вы былі?
— Канечне, гэта лепш спытаць у маіх вучняў. Калі працуеш з дзецьмі, ты адчуваеш зваротную сувязь. Вельмі часта навучэнцы давяраюць сваім настаўнікам тое, што не могуць даверыць нават маці ці сястры. І я цаніла, калі вучні так паводзілі сябе са мной, і ўмела захоўваць чужыя сакрэты.
Але ж я ставіла двойкі за прагулы майго ўрока і была першым настаўнікам, які, прайшоўшы праз доўгае змаганне з завучам, настаяў на тым, каб у раскладзе замест “урок спеваў” было напісана “ўрок музыкі”.
Школа была з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, і ў мяне на ўроках музыкі вучні па звычцы спісвалі дамашнія заданні па матэматыцы і англійскай мове. Я нічога асаблівага не рабіла: проста забірала сшыткі і раіла займацца гэтым на перапынку. Сваім выхаванцам я адразу паставіла ўмову: або вы ходзіце на ўрокі, або, калі не ходзіце, рыхтуеце рэферат пра біяграфію якога-небудзь кампазітара ці пра гісторыю напісання нейкага твора і абараняеце яго на ўроку.
Бацькі пасля заканчэння першай чвэрці напісалі на мяне вялізную скаргу, і на першым жа педсавеце мяне “разабралі па костачках”: маўляў, з’явілася тут “зялёнка” са сваімі правамі. Канечне, я адстойвала свой пункт гледжання, прыводзячы жалезныя аргументы, маўляў, усе вялікія, паспяховыя людзі ведаюць класіку і слухаюць оперу, даказваючы, што на ўроку трэба займацца менавіта гэтым урокам, а не спісваць дамашнія заданні.
Але самае цікавае, што ўжо ў другой чвэрці ў мяне не было спісванняў дамашніх заданняў па англійскай мове і матэматыцы. Дзеці зразумелі, што за маёй знешняй мяккасцю хаваецца стойкасць і цвёрдасць, і мы пасябравалі.

— Ваша сённяшняя прафесія, на першы погляд, ніякім чынам не звязана з вашай адукацыяй. Як вы прыйшлі ў радыё- і тэлеэфір?
— З дэкрэтнага водпуску. (Смяецца.) Усё атрымалася вельмі цікава.
Пасля нараджэння сына я некаторы час спадзявалася, што вярнуся ў школу, але, шчыра кажучы, за чатыры гады крыху астыла да выкладчыцкай дзейнасці. Аднак дома займалася з вучнямі — падцягвала музычную грамату, сальфеджыа, гармонію. Усё гэта давала мне магчымасць, як кажуць, заставацца ў тэме — мне ж трэба было недзе прымяняць свае веды. У той час у мяне было вельмі многа спецыяльнай літаратуры і я шмат чаго проста дарыла тым, каму яна была больш патрэбна.

— Дарэчы, калі б зараз селі за інструмент, які б твор сыгралі?
— Найперш адзначу, што ў музыцы заўсёды шукаю мелодыку. Эцюды і маршы — гэта не маё. А калі б села за інструмент, найперш я б з ім павіталася: пагладзіла клавішы, каб адчуць душу інструмента. Напэўна, цэлы дзень размаўляла б з ім, як з жывым (я абсалютна ўпэўнена, што ў кожнага інструмента ёсць душа). Праверыла б лямец на малаточках, струны. Заплюшчыўшы вочы, узяла б некалькі акордаў у розных рэгістрах, паіграла гамы — мне вельмі важны водгук.

— Але ж давайце вернемся да вашай медыйнай кар’еры.
— Неяк мая аднакласніца Галіна Водчыц патэлефанавала мне і паведаміла, што на мясцовай тэлерадыёкампаніі “Вараг” праводзіцца кастынг радыёдыджэяў. Уладзіславу тады было 5 гадоў, а дачушчы Лізавеце 8 месяцаў. Памятаю, пайшла тады на рынак і за 3 рублі купіла маленечкі радыёпрыёмнік на батарэйках, каб паслухаць той рэкламны ролік, дзе запрашалі на работу на “Сваё радыё”. Галка запэўніла мяне, што гэта менавіта мая работа: “Ты заўсёды на сцэне, заўсёды каля мікрафона, — казала яна. — У цябе ўсё атрымаецца”. Па ўмовах тэлерадыёкампаніі, прэтэндэнт павінен быў запісаць на аўдыякасету інтэрв’ю пра сябе, а таксама ўмець працаваць за камп’ютарам. З запісам самапрадстаўлення ніякіх праблем не было — усё запісала найлепшым чынам, а вось з камп’ютарнай граматнасцю была сур’ёзная праблема, я камп’ютар да таго часу (а гэты быў 2000 год) жыўцом ніколі не бачыла. Але я асабліва не турбавалася: заяўкі разглядаліся на працягу месяца, і ў мяне быў час на яго асваенне.
Увечары прыходжу дадому — тэлефон разрываецца. Знімаю трубку. “Вам тэлефануюць з тэлеканала “Вараг”. — “А што здарылася? Вы ж сказалі, што месяц будзеце разглядаць заяўкі”. — “Мы ўжо паслухалі вас, і вы нам падыходзіце. Прыходзьце заўтра”. Мяне ахапіла паніка: а як жа камп’ютар? “Не-не-не, — адказала я, — давайце ў панядзелак”. Мы дамовіліся пра сустрэчу ў панядзелак, а я тэрмінова пачала тэлефанаваць мужу сяброўкі, які быў праграмістам, каб ён за суботу і нядзелю паказаў мне ў камп’ютары, што і як робіцца. Адначасова я слухала мясцовае радыё, а таксама радыёстанцыю “Маяк”, вядучых якой лічыла сапраўднымі майстрамі. Ужо працуючы на “Сваё радыё”, раўнавалася на дыджэяў “Маяка”, запісвала іх эфіры на касеты, каб потым можна было яшчэ раз павучыцца іх манеры падачы матэрыялу. Я не слухала, што яны гавораць, я слухала, як яны гэта робяць.
І вось у панядзелак я вырвалася на некалькі гадзін, пакуль Лізавета спала, каб мяне ўбачылі і праслухалі. І мяне прынялі. Так я стала медыйнай персонай. (Смяецца.)
Зараз я выкладаю сцэнічнае маўленне на курсах тэлерадыёвядучых на “Тэлефабрыцы”. Мне вельмі прыемна дзяліцца сваім вопытам з іншымі людзьмі. Мае выхаванцы працуюць у розных гарадах Беларусі. І нават тыя, хто не пайшоў у тэлерадыёвядучыя, з радасцю маюць зносіны паміж сабой і са мной.

— Якая з вашых сацыяльных і прафесійных роляў займае большую частку вас як асобы?
— Іх так многа… Жонка, маці, выкладчык, тэлерадыёвядучая… Відаць, у кожнай я на 150%. У мяне вельмі вялікая ўнутраная самааддача. Я жыву кожнай гэтай роляй. І я не магу сказаць, дзе мяне больш. Усе яны абсалютна дзівосным чынам перапляліся. Нават на тэлебачанні я і жонка, і сяброўка, і вядучая, і інтэрв’юер, і гаспадыня, і кухарка, і настаўнік, і гарэзлівая дзяўчынка, і строгая лэдзі… І на радыё тое ж самае: я і псіхолаг, і гукааператар, і аўтар, і нават інтэрв’юіруемы (бывае і так), і прамоўца, і дыктар…

— Ваша прафесія настолькі рознабаковая. Гэта магчымасць прадэманстраваць ваш жыццёвы вопыт ці ваш жыццёвы вопыт знаходзіць там выхад?
— Відаць, першасны тут мой жыццёвы вопыт.
Калі мне было гадоў 18, мая стрыечная сястра разам з маёй хроснай маці неяк сказала пра мяне: “У яе няма жыццёвага вопыту — у яе ёсць жыццёвая мудрасць”. Сапраўды, у мяне ў нечым не было вопыту, але падсвядома я паводзіла сябе, як умудроны вопытам чалавек. І я такая з дзяцінства…
Парады ўвогуле няўдзячная справа. Я нікому нічога не раю: я кажу, як бы зрабіла сама ў гэтым выпадку. Чалавек сам вольны выбіраць, выкарыстаць гэтую мадэль ці не. Але да гэтага я прыйшла вельмі позна, набіўшы многа шышак.
Напрыклад, у аўтамабільнай праграме “Бландзінка за рулём” я перадаю свой жыццёвы вопыт, заснаваны на розных рэальных сітуацыях, звязаных не толькі са мной, але і з маімі сябрамі. Галоўнае — рабіць гэта трэба паліткарэктна, каб нікога не пакрыўдзіць.

— Відаць, цяжка быць заўсёды паліткарэктнай? Няўжо ніколі не хочацца выказаць усё, як ёсць?
— Хочацца. І я апошнім часам стала сабе гэта дазваляць.

— Што ў вас заклала сямейнае выхаванне?
— Найперш клапатлівасць і любоў, ну і, канечне, жыццёвую мудрасць, якая, напэўна, перадалася мне на генетычным узроўні. Усе жанчыны майго роду жылі і жывуць па прынцыпе “не нашкодзь!”, і, каб жыць па гэтым прынцыпе, пэўны час я хацела быць урачом. Медыцына шмат страціла ад таго, што я не ўрач. (Смяецца.) Ува мне жыве сястра міласэрнасці, але я ёй не стала. А калі б і стала, то на гэтым не спынілася б — чарвячок кар’ерызму пастаянна не дае мне спакою.

— Наша інтэрв’ю выходзіць напярэдадні Каляд і Новага года. Як вы адзначаеце гэтыя святы?
— У нашай сям’і склалася традыцыя адзначаць тры святы: каталіцкія і праваслаўныя Каляды і Новы год. Калісьці мая бабуля сказала: “Ніхто не ведае дакладную дату нараджэння Ісуса Хрыста”. Па гэтай прычыне мы святкуем і 25 снежня, і 7 студзеня. А Новы год, на маю думку, інтымнае сямейнае свята. На жаль, не заўсёды мне ўдавалася сустракаць Новы год з сям’ёй — прыходзілася працаваць вядучай. Я дакарала сябе за гэта, бо вяла свята для чужых людзей і пазбаўляла свята сваю сям’ю. Нішто не варта дзіцячых слёз 1 студзеня: “Мама, нам так цябе не хапала…”
Я веру ў магію першага дня года. Сапраўды, калі сустрэнеш Новы год весела, то і ўвесь год будзе вясёлым. Вельмі люблю навагоднюю мітусню, какафонію тэлефонных званкоў, провады старога і сустрэчу Новага года, спальванне паперак з жаданнямі і выпіванне іх разам з шампанскім ці віном. Мне многія кажуць, што я чалавек-свята, але ж я сямейная-сямейная, дамашняя-дамашняя…

— Ці існуюць у вас сямейныя традыцыі святочнага стала?
— Раней прытрымліваліся традыцый, а апошнім часам стараюся трымацца колеравай гамы і сацыялагічных пажаданняў. Напрыклад, калі наступны год у нас год малпы, то бананы будуць на стале абавязкова. (Смяецца.) Стараюся прытрымлівацца пэўнага выбранага колеру ва ўпрыгожванні пакоя, дзе адбудзецца свята, пры выбары сурвэтак. Аднак стол абавязкова будзе сервіраваны бацькоўскім сервізам з японскага фарфору, якому ўжо гадоў больш чым мне, і на стале будзе гарэць свечка.
Пасля таго як я стала працаваць у кулінарным праекце “Дело вкуса”, з’явілася магчымасць прыгатаваць мноства цікавых новых страў, але, рыхтуючы навагодні стол, я ўсё ж прыслухваюся да пажаданняў сям’і.

— Што б вы пажадалі напярэдадні свят нашым чытачам — педагогам краіны, вашым калегам?
— Найперш я хацела б пажадаць міру ў душы, ніколі не выходзіць з сябе. Заставайцеся цэласнымі.
Сярод педагогаў мужчын нямнога, таму пажадаю дамам (менавіта так!) заставацца дамамі ў любых выпадках. Заставайцеся каханымі і кахайце самі. Дабрабыту вам ва ўсіх сферах.
Няхай на вашым шляху сустракаюцца толькі ўдзячныя вучні, якія імкнуцца да ведаў.
Дай бог, каб быў мір на зямлі і мір у вашым доме. Таксама пажадаю фізічнага, фінансавага і душэўнага здароўя. І няхай высакосны 2016 год прынясе вам спакой і прымірэнне.

— Дзякуй вялікі! Вас таксама з надыходзячымі святамі. Дабра і міру вам і вашай сям’і!

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Ганны ГАРДЗЕЕВАЙ.