“Гараднічанка”

Рана ці позна перад кожным чалавекам паўстае пытанне: кім стаць, каб у будучыні не было сумненняў, ці па тым шляху пайшоў? Вядома, ёсць тыя, хто, імкнучыся знайсці сябе, спрабуе сябе ў розных прафесіях. А ёсць такія, хто з маленства марыць аб адной прафесіі — настаўніка — і гатовы прысвяціць сваё жыццё любімай рабоце. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Рэгіна Адамаўна Захарава — настаўніца абслуговай працы Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Яшчэ ў маленстве, гледзячы на маці, якая была майстрам на ўсе рукі, абшывала жанчын з усёй акругі, а потым у школе на настаўніцу працы Р.А.Аляшкевіч, Рэгіна Адамаўна таксама вырашыла стаць настаўнікам. Не матэматыкам, не філолагам, а менавіта настаўнікам абслуговай працы. Ёй хацелася тварыць, вучыць, аддаваць сябе і сваё майстэрства дзецям, будучаму пакаленню, хацелася быць карыснай людзям, бо, калі бачыш задавальненне ў вачах дзіцяці, жыць становіцца лягчэй.  

Таму пасля заканчэння 9 класа Рэгіна вырашыла паступаць у Ваўкавыск на настаўніка. Мары не суджана было збыцца — не прайшла па конкурсе. Але ж не бяда. Скончыўшы сярэднюю школу, дзяўчына адправілася па веды ў Полацкае ПТВ № 2. Атрымаўшы спецыяльнасць закройшчыка верхняга адзення, Рэгіна Адамаўна год адпрацавала швачкай. Але мара стаць настаўніцай не давала спакою, і праз тры гады яна паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут на завочнае аддзяленне. І тады мара здзейснілася: ёй прапанавалі працаваць настаўніцай абслуговай працы ў Радускай школе-інтэрнаце. Своеасаблівым дзецям вельмі патрэбны былі веды і ўменні настаўніцы. Неабходна было знайсці падыход да кожнага дзіцяці, да кожнага сэрца. 

Праца была нялёгкай. Але Рэгіна Адамаўна ні разу не пашкадавала, што дваццаць гадоў аддала гэтай установе, і ні разу не апусціла рукі. Так здарылася, што ўстанова закрылася, і жанчыне прыйшлося перайсці ў Пагародзенскую сярэднюю школу, дзе яна таксама працуе настаўніцай абслуговай працы. Праходзячы міма яе кабінета, заўсёды можна пачуць, як падчас урока стаіць шум. Гэта рабочы шум-абмеркаванне, бо дзяўчынкі разам з настаўніцай увесь час нешта вырабляюць, шыюць, пякуць, вышываюць. Часам зайздросціш гэтай жанчыне, яе ўменню арганізаваць дзяцей. Дзяўчынкі бягуць да яе на заняткі і нават у пазаўрочны час. І гэта нядзіўна. Жыццё не стаіць на месцы, але нязменным застаецца жаданне дзяўчат заўсёды выглядаць прыгожа. Для прадстаўніц прыгожага полу выбар убрання — гэта своеасаблівы рытуал, сродак вылучыцца сярод іншых, бо правільна створаны вобраз здольны зрабіць цуд!

На працягу двух гадоў у Пагародзенскай сярэдняй школе ў рамках аб’яднання па інтарэсах арганізавана работа тэатра моды “Гараднічанка”, якім кіруе Рэгіна Адамаўна. Атрыманыя веды дзяўчаты актыўна выкарыстоўваюць у стварэнні калекцый адзення і ў іх тэатралізаваным паказе. Рукамі школьніц і настаўніцы ўжо створаны тры калекцыі — “Васільковы рай”, “Тынэйджар” і “Модная геаметрыя”. Дзяўчатам неабходна было прымяніць веды не толькі па выкрайцы і шыцці, але і па вышыўцы, дызайне, вырабе аксэсуараў у розных тэхніках. Дадзеныя калекцыі былі прадстаўлены на раённых выставах і конкурсах і мелі вынік. І гэта толькі пачатак. 

Напрамак зусім новы для нашай установы адукацыі. Шыць, вязаць і вышываць, вядома ж, умеюць многія дзяўчынкі, але ўсё гэта сумясціць і прадэманстраваць магчыма толькі пад чуйным кіраўніцтвам таленавітага педагога. Дзякуючы майстэрству Р.А.Захаравай усе мадэлі арыгінальныя і непадобныя адна на адну. 

Часам пра чалавека гавораць, што ў яго залатыя рукі. Гэта значыць, што ён можа зрабіць нешта такое, за што іншыя нават брацца не хочуць. А яшчэ лепш, калі чалавек перадае свае навыкі іншым. Рэгіна Адамаўна зачароўвае любоўю да свайго захаплення. Ёй падабаецца тое, чым яна займаецца, таму і вырабы атрымліваюцца прыгожымі, практычнымі, стыльнымі і ніколі не трацяць актуальнасці. Адкуль жа гэтая цудоўная жанчына чэрпае свае ідэі? Адказ просты: “З сэрца. З вялікага сэрца. Таму што ідэі знаходзяцца вакол нас, толькі трэба іх убачыць”.

У гэтага чалавека сэрца заўсёды адкрыта дзецям: і свайму сыну, і вясковым дзяўчынкам. Настаўніца ніколі не сядзіць без справы. Нават на перапынках у яе шматлюдна: нехта з дзяўчынак просіць дапамагчы завяршыць выраб, нехта — зрабіць выкрайку для лялькі ці дапамагчы склеіць паштоўку для любімай мамы. Гэты чалавек заўсёды заняты нейкай карыснай справай, таму што майстрамі не нараджаюцца, імі становяцца і на працягу ўсяго жыцця ўдасканальваюць сваё майстэрства быць Настаўнікам з вялікай літары.

Святлана НЕНАРТОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.