Гарадок малы, ды сэрцу дарагі

- 11:49Навіны рэгіёнаў

У падарунак да новага навучальнага года навучэнцы сярэдняй школы № 2 Гарадка атрымалі камплект лыжаролераў коштам у 31 млн рублёў.

Летась менавіта гэты райцэнтр быў сталіцай абласных “Дажынак”. Другое жыццё пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі атрымалі дзясяткі будынкаў. Змянілі аблічча і ўстановы адукацыі Гарадка. Якія набыткі прынёс мінулы год, як рыхтаваўся і з чым увайшоў раён у 2015/2016 навучальны год? — Вынікі радуюць, але прычын для самазаспакаення няма. Трэба развівацца, рухацца далей, — лічыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гарадоцкага райвыканкама Аляксандр Мурашкевіч. — Вось толькі некаторыя лічбы: 54 працэнты нашых дзяцей завяршылі навучанне на высокім і дастатковым узроўні, з іх кожны дзясяты — на 9—10 балаў. Восем навучэнцаў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, 28 выпускнікоў 11-х класаў узнагароджаны пахвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. Экзамены на павышаным узроўні па беларускай, рускай, замежных мовах і матэматыцы 40 працэнтаў выпускнікоў здалі на 9 і 10 балаў, восем з дзесяці — на высокім і дастатковым узроўні; 40 працэнтаў выпускнікоў паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 42,4 працэнта сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Цікава, што ў Пруднікаўскай сярэдняй школе паступілі ва УВА ўсе выпускнікі. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах мы атрымалі чатыры дыпломы, а вучаніца сярэдняй школы № 2 Гарадка Наталля Кутузава (педагог Таццяна Ласкіна) стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Яшчэ ў актыве нашых навучэнцаў дыплом па выніках абласной канферэнцыі “Эўрыка”, чатыры дыпломы абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый, тры прызавыя месцы ў абласным конкурсе “Энергамарафон-2014”, 1 месца ў абласных спаборніцтвах “Снежны снайпер”, 145 дыпломаў у 18-ці абласных дыстанцыйных конкурсах рознай накіраванасці. — Да 1 верасня рыхтаваліся настаўнікі і вучні, а таксама бацькі, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 1 Гарадка Наталля Смірнова. — У мінулым годзе ў школе былі заменены дах, вокны, дзверы, завершана тэрмарэнавацыя будынка, адрамантаваны санвузлы, набыта мэбля для навучэнцаў 1 класа і сталовай залы на 172 пасадачныя месцы. Сёлета ў асноўным праведзены касметычныя рамонты, камбінаваны рамонт у пачатковых класах і кабінеце беларускай мовы і літаратуры для сярэдняга і старэйшага звяна.
— У мяне ў класе 23 вучні, — з усмешкай расказвае Таццяна Іваноўская, класны кіраўнік 3 “А”. — У кабінет пасля рамонту хочацца зайсці і застацца: утульна, светла, узорны парадак. Дзецям вельмі падабаецца абстаноўка, і мне прыемна весці тут урокі. Гэты год для нас — сур’ёзнае выпрабаванне: упершыню будзем атрымліваць адзнакі. Але я спадзяюся на поспехі маіх трэцякласнікаў: вучні сабраліся моцныя, з высокім патэнцыялам.Па словах Наталлі Смірновай, зараз у школе створаны ўсе ўмовы для паспяховага ажыццяўлення адукацыйнага працэсу.
— Сёлета школы раёна перайшлі на профільнае навучанне. Несумненна, добрая і карысная справа. Аднак ні сучаснае абсталяванне кабінетаў, ні выкарыстанне новых сучасных тэхналогій (хаця яны таксама немалаважныя) не з’яўляюцца вызначальным фактарам паспяховай працы настаўніка, — адзначае Аляксандр Мурашкевіч. — Сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, які валодае выдатнымі ведамі, мае правільныя маральна-этычныя ўстаноўкі, фарміруюць асабістыя лідарскія якасці педагога, яго захопленасць прадметам, прыхільнасць да здаровага ладу жыцця, патрыятычныя перакананні. — Настаўнікаў нездарма называюць другімі татамі і мамамі. А бацькам дарагое кожнае дзіця, асабліва тое, якому неабходны пастаянная ўвага, павышаны клопат і дапамога, — разважае сацыяльны педагог сярэдняй школы № 2 Гарадка Ірына Яўсеева. — Для нас з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце лета не час бесклапотнага адпачынку, а перыяд напружанай і адказнай працы. Ніводнага навучэнца, які знаходзіцца на ўліку, нельга было пакінуць без нагляду, сам-насам з сямейнымі праблемамі. Мы хадзілі ў рэйды, наведвалі сем’і, абаранялі правы дзяцей у судзе. Так, літаральна напярэдадні 1 верасня ўдалося пакінуць непаўналетняга ў сям’і: хлопец дапусціў сур’ёзную памылку, спатыкнуўся, але шчыра раскаяўся ў зробленым, і суд пайшоў насустрач нашаму хадайніцтву, даў дзіцяці магчымасць выправіцца. Трэба сказаць, што ў школе ўлетку работа не перапынялася. І зараз па вечарах і ў выхадныя дні дзейнічаюць гурткі, увечары працуе маладзёжны спартыўны клуб — у спартзалу і на стадыён прыходзяць як навучэнцы, так і былыя выпускнікі, часам нават з сем’ямі: іграюць у футбол, баскетбол, тэніс. Клуб і аб’яднанні па інтарэсах карыстаюцца папулярнасцю сярод моладзі, і гэта не можа не радаваць.
— З мінулага года ў нас адкрыўся клас спартыўнай накіраванасці, — праінфармаваў дырэктар сярэдняй школы № 2 Гарадка Уладзімір Кірылаў. — Дзеці вучацца па звычайнай праграме, а дадаткова з імі праводзяць заняткі трэнеры са спартыўнай школы. Напрамак — лыжы і біятлон. У класе 25 чалавек. Да новага навучальнага года для класа быў набыты камплект лыжаролераў на суму 31 млн рублёў.Першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў паведаміў, што з улікам актуальнасці і станоўчых вынікаў эксперымента, а таксама наяўнасці ўнікальнай спартыўнай базы разглядаецца пытанне аб арганізацыі на базе школы раённага, а затым, магчыма, і абласнога рэсурснага цэнтра. — Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна працуюць 324 настаўнікі. Вышэйшую адукацыю з іх маюць 96 працэнтаў (некалькі чалавек вучацца ва ўніверсітэце завочна). І 82,4 працэнта — педагогі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Патэнцыял высокі, і вынікі работы павінны яму адпавядаць. Раён мае ўсе неабходныя рэсурсы, каб выйсці на лідарскія пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.