Гарант паспяховасці

Любіць і апяваць прыроду — важна, але важней — даць магчымасць любіць і ўсхваляць прыроду нашым дзецям і ўнукам. Менавіта гэта стала сутнасцю ўстойлівага развіцця. А абмеркаванне, як гэтага дасягаць, стала нагодай для Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Экалагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця — вядучы механізм паспяховасці ўстаноў адукацыі”, якая днямі прайшла ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства і сабрала ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Кыргызстана і Азербайджана.

Беларускі вопыт багаты, але малавядомы

Свае экалагічныя версіі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця прапаноўвалі педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выкладчыкі і студэнты вышэйшай адукацыі, вучоныя, прыродаахоўныя ўстановы, грамадскія арганізацыі — усяго больш за 130 чалавек.

garantАдкрываючы канферэнцыю, Таццяна Драпакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, зазначыла, што актуальнасць правядзення міжнароднай канферэнцыі абумоўлена глабальнымі тэндэнцыямі развіцця практык устойлівага развіцця і неабходнасцю дасягнення Мэт устойлівага развіцця.

Сяргей Маскевіч, дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Сахарава БДУ, адзначыў: “Наш інстытут быў створаны 26 гадоў назад у сувязі з чарнобыльскай бядой — самай буйной тэхнагеннай катастрофай сучаснасці. І, займаючыся галоўным чынам радыеэкалогіяй,ё праблемамі экалогіі чалавека, агульнымі пытаннямі экалогіі, наш інстытут дазваляе фарміраваць некалькі важных пастулатаў для ўстойлівага развіцця. Мы сталі заложнікамі навукова-тэхнічнага прагрэсу, які ў сваю чаргу стаў праблемай для экалагічнай устойлівасці, устойлівасці развіцця планеты. Не заўсёды вынаходствы людзі накіроўваюць на карысць. Таму менавіта выхаванне, адукацыя, культура чалавека ў цэлым — галоўны гарант устойлівасці развіцця грамадства як часткі агульнай экалагічнай сістэмы”.

Кацярына Спосаб, метадыст каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” БДПУ імя Максіма Танка, на канферэнцыі прадстаўляла яшчэ і грамадскую арганізацыю “Культурна-экалагічная ўстанова “Экамайстэрня”, якая з’яўляецца рэсурсным цэнтрам інтэграцыі міжнароднага вопыту адукацыі для ўстойлівага развіцця ў дзейнасць навучальных устаноў Беларусі. Па яе словах, з 2015 года “Экамайстэрня” з адной толькі нямецкай маладзёжнай экалагічнай арганізацыяй “Янун” арганізавала 8 міжнародных абменаў, у якой дзялілася вопытам у гэтым кірунку моладзь з Беларусі, Сербіі, Германіі, Кеніі, Афрыкі, і больш за 15 майстар-класаў для педагогаў і студэнтаў БДПУ.

“У мінулым годзе дэлегацыя з Германіі ў складзе 15 педагогаў была ў Мінску на дэкадзе “Адукацыя ўстойлівага развіцця” і са сваімі ідэямі, майстар-класамі, з адкрытымі лекцыямі ездзіла па нашых школах. Працавалі мы і з літоўцамі, шведамі, чэхамі. І кожны раз, калі бліжэй знаёмяцца з нашым вопытам у гэтым кірунку, яны неверагодна ўражаны мноствам тых мерапрыемстваў і праектаў, якія рэалізуюцца ў нашых установах. А таксама тым, што пра гэта ніхто ў свеце не ведае, бо Беларусь сябе недастаткова прэзентуе на міжнароднай арэне. Прычым адзначаюць: што тое, што мы, беларусы, сёння робім, — апошні трэнд у свеце”, — зазначыла Кацярына Уладзіміраўна.

Пра адзін з такіх інавацыйных прыкладаў — “Інтэлектуальную майстэрню ўстойлівых змен” — расказаў Сяргей Кальцоў, настаўнік інфарматыкі гімназіі Мсціслава Магілёўскай вобласці. Гэта партнёрская сетка, размешчаная на базах 4 устаноў адукацыі: Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна, гімназіі Мсціслава, Падсолтаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

“Мы не бяром толькі экалогію — мы бяром шырэй, закранаючы экалогію, эканоміку і сацыяльную сферу, а формамі ўзаемадзеяння абралі адукацыйныя і інтэрактыўныя праекты, акцыі, маладзёжныя фестывалі, сацыяльнае прадпрымальніцтва, майстар-класы, вэб-суполкі і інш., — гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Яркімі прыкладамі развіцця партнёрскага поля сталі сумесныя інтэрактыўныя праекты. Так, галоўным вынікам праекта “Захаваем энергію Зямлі” стала тое, што, акрамя прадстаўнікоў школ партнёрскай сеткі, да сумеснай работы ў праекце далучыліся іншыя навучэнцы школ Мсціслаўскага раёна, а таксама іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Сёння ў праекце больш за 200 удзельнікаў з 12 навучальных устаноў Беларусі. Асноўная ідэя праекта “Школа маладых “Захаваем энергію” ў тым, што дзеці выступаюць у ролі настаўнікаў, ствараючы і распаўсюджваючы свае медыйныя матэрыялы па пытаннях энергарэсурсазберажэння.

У практыку інтэлектуальнай майстэрні ўвайшло правядзенне акцый “Наш край Мсціслаўскі”, “Мой экалагічны след”, “Другое жыццё адходаў”. Майстэрня стала цэнтрам анлайн-падтрымкі практыкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, спрабуе актыўна ўкараняць інавацыйныя напрацоўкі ў шырокую педагагічную практыку. З гэтай мэтай актыўна апрабоўваюцца новыя формы метадычнай падтрымкі педагагічнай дзейнасці з выкарыстаннем прынцыпу роўнага навучання.

Сіламі партнёрскай сеткі былі праведзены такія мерапрыемствы, як міжрэгіянальны семінар-практыкум “Адукацыя. Рэгіён. Устойлівае развіццё”, маладзёжны фестываль “Мы разам захаваем энергію Зямлі”, семінар-практыкум “Стварэнне адкрытага адукацыйнага асяроддзя школы як умова эфектыўнай дзейнасці ўстановы ў інтарэсах устойлівага развіцця”.

Выпрацоўваючы “зялёныя” навыкі

У Кыргызстане экалагічная адукацыя таксама стала прыярытэтным кірункам дзяржаўнай стратэгіі ўстойлівага развіцця. У прыватнасці, пытанні адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця інтэгруюцца на розных узроўнях адукацыі. Па ініцыятыве Дзяржаўнага агенцтва аховы навакольнага асяроддзя і лясной гаспадаркі пры Урадзе Кыргызскай Рэспублікі на базе Агенцтва па прафтэхадукацыі спецыялістамі праводзяцца мерапрыемствы з мэтай прыцягнення выкладчыкаў прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў у дзейнасць па павышэнні кампетэнцый у галіне экалагічнай адукацыі і адукацыі для ўстойлівага развіцця. Больш за 250 выкладчыкаў сістэмы ПТВ прайшлі навучанне на трэнінгу па інтэграцыі ключавых тэм устойлівага развіцця, “зялёнай” эканомікі, “зялёнага” росту, па аднаўляльных крыніцах энергіі, біялагічнай разнастайнасці, змене клімату.

garant2Па ініцыятыве вышэйзгаданай установы сумесна з Рэспубліканскім дзіцяча-юнацкім цэнтрам экалогіі, краязнаўства і турызму Міністэрства адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі з 1996 года праводзіцца міжнародная экалагічная акцыя “Марш паркаў”, галоўная мэта якой — прыцягненне ўвагі ўлад, СМІ, бізнесу і ўсяго грамадства да праблем асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, аказанне ім рэальнай практычнай дапамогі. У межах акцыі праводзяцца прыродаахоўныя мерапрыемствы, экалагічныя конкурсы і віктарыны, інфармацыйныя кампаніі і суботнікі.

Пры садзейнічанні Цэнтра АБСЕ ў Бішкеку ў краіне распрацаваны вучэбны модуль па “зялёнай” эканоміцы для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцей. Модуль уключаны ў праграмы навучання і выпрабоўваецца на базе УВА Рэспублікі Кыргызстан. Пры падтрымцы донараў вялікім тыражом выдаецца спецыяльны выпуск газеты “Жэр Эне”, прысвечаны пытанням інтэграцыі ўстойлівага развіцця на ўсіх узроўнях адукацыі.

Некалькі гадоў назад у Кыргызстане быў ініцыіраваны даследчы праект па вывучэнні перспектыў прасоўвання “зялёных” навыкаў у сістэме прафтэхадукацыі краіны, накіраваны на выяўленне агульнай карціны з засваеннем “зялёных” прафесій у Кыргызстане, бар’ераў на шляху развіцця гэтага кірунку, а таксама практычных рэкамендацый па іх пераадоленні.

З 2016 года ў Кыргызстане рэалізуецца праект ЮНЕСКА “Устойлівасць пачынаецца з настаўнікаў Цэнтральнай Азіі”, у рамках якога 5 навучальных устаноў займаюцца падрыхтоўкай і перападрыхтоўкай педагагічных кадраў.

Ад юнацкага захаплення — да прафесіі

Праблема падрыхтоўкі педагагічных кадраў у галіне экалогіі востра стаіць ва Украіне. Але апошнія гады ёсць зрухі. Так, перспектыўнай формай пошуку будучых селекцыянераў з’яўляецца Усеўкраінскі конкурс школьнікаў і навучэнскай моладзі “Юны селекцыянер і генетык”, які праводзіцца сумесна з Нацыянальным універсітэтам біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны. У межах конкурсу праводзіцца адбор таленавітай навучэнскай моладзі для паступлення на першы курс Вучэбна-навуковага інстытута раслінаводства, глебазнаўства і экалогіі ўніверсітэта.

Мадэллю будучай навуковай дзейнасці навучэнцаў стаў Усеўкраінскі інстытут біялагічных стажыровак школьнікаў — інавацыйная форма работы з адоранай вучнёўскай моладдзю з дапамогай рэалізацыі персанальных адукацыйных праграм.

Усё гэта — своеасаблівы вынік работы педагогаў пазашкольнай адукацыі Украіны ў кірунку папулярызацыі даследчай эколага-натуралістычнай работы сярод навучэнцаў. У чым яе роля для творчага развіцця адоранай асобы, расказалі Уладзімір Вярбіцкі, дырэктар Нацыянальнага эколага-натуралістычнага цэнтра навучэнскай моладзі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны (Кіеў), і Наталля Бардзюг, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дырэктар Абласнога эколага-натуралістычнага цэнтра Жытомірскага абласнога савета.

Па іх словах, даследчыя работы навучэнцаў найчасцей маюць комплексны характар і вырашаюць сацыяльна значныя праблемы ў галіне экалогіі, энергетыкі, прыродакарыстання. Яны выконваюцца ў рамках мэтавых праграм “Птушкагадоўля”, “Бульба Украіны”, “Адраджэнне вінаградарства, садоў і вінаробнай прамысловасці”, Нацыянальнай праграмы “Захаванне ўрадлівасці глеб” і інш.

У працэсе правядзення педагагічнага эксперымента распрацавана мадэль даследчай дзейнасці навучэнцаў: конкурс юных даследчыкаў 9—11 гадоў, даследчае праектаванне і вынаходніцтва навучэнцаў 7—9 класаў, Усеўкраінскі конкурс рацыяналізатараў і вынаходнікаў “Прырода — чалавек — вытворчасць — экалогія”, Міжнародны форум “Дотык прыроды”, конкурс Intel “ЭкаУкраіна” — нацыянальны этап Міжнароднага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці школьнікаў старшых класаў Intel ISEF.

Паспяхова вырашаюцца задачы развіцця адоранасці навучэнцаў сельскіх школ. У фармаце вочна-завочнага навучання арганізавана работа натуральнай школы навучэнскай моладзі. Штогод праводзяцца Усеўкраінскі злёт аграрных вучнёўскіх аб’яднанняў і злёты вучнёўскіх лясніцтваў. Створана інтэграваная мадэль дапрафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў — членаў вучнёўскага лясніцтва ў сістэме “школа — пазашкольныя навучальныя ўстановы эколага-натуралістычнага кірунку — Дзяржаўнае агенцтва лясной гаспадаркі Украіны — навукова-даследчыя ўстановы НАН Украіны — УВА — лесагаспадарчыя прадпрыемствы”, якая дапамагае навучэнцам вызначыцца з прафесіяй.

Каб на справе прадэманстраваць свае падыходы да навучання ў сугуччы з Мэтамі ўстойлівага развіцця, лепшыя практыкі і праекты ў галіне метадычнага суправаджэння экалагічнай адукацыі, пытанняў рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і энергаэфектыўнасці, на суд журы былі прадстаўлены 28 педагагічных майстэрань метадыстаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пераможцы атрымалі свае ўзнагароды.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.