Гарантаванне бяспекі — галоўны клопат

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Гарантаванне бяспекі і паляпшэнне работы пунктаў пропуску застаецца актуальнай тэмай для трохбаковай кантактнай групы. Аб гэтым заявіў спецыяльны прадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па Украіне Марцін Сайдзік.

Дыпламат назваў актуальнымі для ТКГ і яе рабочых груп пытанні, звязаныя з паляпшэннем работы дзеючых і адкрыццём новых пунктаў пропуску, выплатай пенсій жыхарам непадкантрольных тэрыторый, а таксама з гарантаваннем бяспекі ў цэлым.

На мінулым тыдні Марцін Сайдзік пабываў у Данецкай і Луганскай абласцях, перасёк лінію мяжы ў пункце пропуску ў станіцы Луганскай і асабіста пераканаўся ў складанасцях, якія зведвае насельніцтва, асабліва пажылыя людзі і людзі з інваліднасцю.

ТКГ пры ўдзеле прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей пацвердзіла прыхільнасць да спынення агню ў сувязі з велікоднымі святамі. “Аднак апошнім часам сітуацыя была далёка не стабільная”, — канстатаваў дыпламат. Ён нагадаў пра сумныя інцыдэнты: абстрэл аўтобуса з супрацоўнікамі Данецкай фільтравальнай станцыі, гібель сям’і пры наездзе аўтамабіля на ўзрыўное ўстройства.

Рабочая група па бяспецы абмеркавала агульную сітуацыю ў зоне канфлікту. У час перагавораў падкрэслівалася неабходнасць гарантыі бяспекі аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры. “Група таксама абмеркавала пытанні адвядзення цяжкага ўзбраення, развядзення сіл і сродкаў, у прыватнасці ў станіцы Луганскай, і магчымасці адкрыцця новых пунктаў пропуску”, — праінфармаваў Марцін Сайдзік.