Гарантаваць харчовую бяспеку краіны

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў паставіў задачу па стрымліванні росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень.

Асобны акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на задачы па стрымліванні росту цэн: “Мы падыходзім да зімовага перыяду, і, акрамя супрацьэпідэмічных пытанняў, стаіць задача стрымлівання росту цэн, каб яны не перавышалі прымальны для насельніцтва ўзровень. Асабліва гэта датычыцца кошту прадуктаў харчавання”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанне росту цэн вельмі значнае для насельніцтва: “Пытанне пытанняў. Ёсць каму гэтым займацца. Займайцеся. Каб не было потым нейкіх непрыемных размоў на гэтую тэму. Нараўне з прыняццем антыінфляцыйных мер павінен быць наведзены парадак там, дзе пачынаецца эканоміка галіны, што гарантуе харчовую бяспеку. Тыя тэндэнцыі, якія я бачу ў агракомплексе, часам насцярожваюць, хоць дзяржава падставіла плячо па ўсіх напрамках, дзе толькі патрабавалася гэтая падтрымка і дзе яе прасілі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ўборка ўраджаю ў цэлым ужо завершана. Застаецца яшчэ нарыхтоўка кукурузы на зерне, і Прэзідэнт запатрабаваў актывізаваць гэтую работу, завяршыўшы яе ў найбліжэйшы час, пакуль стаіць нядрэннае надвор’е: “Я бачу, што мы атрымліваем добрыя дадатковыя мільёны, тысячы тон збожжа, якіх нам не хапае. І па выніках года мы можам выйсці на вытворчасць усіх відаў збожжа звыш 9 млн т. Вядома, гэта не 10 млн т мінулагодніх, але 9 млн т — гэта цалкам прымальны аб’ём, які поўнасцю забяспечыць патрэбы нашай дзяржавы”.

Асобна Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся тым, як ідуць справы з закладкай стабілізацыйных фондаў: “Вось тут я вас, кіраўнікоў усіх узроўняў, катэгарычна папярэджваю: гэтыя стабілізацыйныя фонды мы з савецкіх часоў выкарыстоўваем як рэзерв для згладжвання скачкоў цэн і стабільнага насычэння спажывецкага рынку ў міжсезонны перыяд. Капуста, бульба, буракі, морква і іншае — тое, што мы закладваем у сховішчы, — гэта для таго, каб забяспечыць нашых людзей у асенне-зімовы перыяд, пакуль не з’явіцца новы ўраджай. Зрабіце так, каб гэтых прадуктаў хапіла”.

Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што ў лістападзе яшчэ адбудзецца грунтоўная размова аб гатоўнасці да зімова-стойлавага перыяду і запаўняльнасці агароднінасховішчаў.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў важнасць выканальніцкай дысцыпліны ў цяперашняй складанай сітуацыі: “Вобразна кажучы, ідзе вайна. І вельмі важная ў гэтай складанай сітуацыі выканальніцкая дысцыпліна. Важна аднаасобнае кіраўніцтва ў гэтай сітуацыі. Калі ідзе вайна, не абмяркоўваюцца розныя варыянты на працягу тыдня, таму што за гэты час загінуць тысячы людзей. І лепш прыняць не зусім дакладнае рашэнне, але дзейнічаць.

Мной прыняты вывераныя рашэнні, якія падтрыманы самімі людзьмі. Ды і вы не былі супраць. Ну дык і выконвайце. Любое невыкананне, любая інфармацыя на гэтую тэму… Вось не крыўдуйце на мяне. Усе вы свае людзі, але працаваць вы са мной не будзеце. Гэта датычыцца ўсіх”. 

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ўсе рашэнні, у прыватнасці па COVID-19, як і ў сельскай гаспадарцы, ім былі прыняты: “Гэта трэба няўхільна выконваць… Яшчэ раз папярэджваю: дамовіліся, прынята рашэнне — выконвайце. Гэта сёння галоўнае. Гэта пытанне нашай выжывальнасці”.

Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Кацярына РУМЯНЦАВА.