Гарантыя паспяховасці — якасць адукацыі

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава ўрачыста ўручылі дыпломы грамадзянам Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія скончылі магістратуру з англійскай мовай навучання.

—Мне вельмі прыемна, што сёння мы выпускаем больш за 250 магістраў з дыпломамі дзяржаўнага ўзору Рэспублікі Беларусь, — падзялілася думкамі і ўражаннямі рэктар Валянціна Багатырова. — Думаю, найперш якасць адукацыі, якую мы даём замежным студэнтам, абумовіла іх зацікаўленасць вучыцца менавіта ў нашым універсітэце. Сярод нашых магістрантаў — матываваныя на далейшы рост спецыялісты ў сваёй справе: чыноўнікі, выкладчыкі, настаўнікі, мастакі, артысты. Усе яны маюць пэўную прафесійную базу і прыехалі да нас, каб удасканаліць веды, павысіць узровень падрыхтоўкі і атрымаць ступень магістра. Тая атмасфера, якая пануе сёння ў зале падчас уручэння дыпломаў, пераконвае: падчас вучобы гэтыя лю­дзі ўпэўніліся ў правільнасці выбару на карысць паступлення ў наш універсітэт. Выпускнікі вельмі задаволеныя, па-святочнаму ўзрушаныя, натхнёныя. Іх шчырая радасць, словы ўдзячнасці — найлепшае сведчанне, што спадабаліся і адукацыя, і наш горад, наша Беларусь. Склаліся не проста прадукцыйныя, але і па-чалавечы цёплыя ўзаемаадносіны з навуковымі кіраўнікамі, педагогамі. За кожным дыпломам — рэпутацыя ВДУ, яго традыцыі і гісторыя, а поспех учарашніх студэнтаў, іх вялікія і малыя перамогі будуць яшчэ вышэй узнімаць прэстыж альма-матар. У планах універсітэта — працяг­ваць навучанне магістрантаў з КНР. Выдатна, што ў нас ёсць такі надзейны партнёр, як Кітай. Падобнае міжнароднае супрацоўніцтва магчыма толькі тады, калі наладжана сур’ёзнае ўзаемадзеянне паміж краінамі на самым высокім узроўні. 

ВДУ імя П.М.Машэрава — шматнацыянальны ўніверсітэт. Па словах Валянціны Багатыровай, на цяперашні час па асноўных адукацыйных праграмах тут вучыцца каля 2 тысяч замежных студэнтаў з 30 краін свету. Універсітэт паспяхова дзейнічае ў сучаснай парадыгме адзінства адукацыйнай, навукова-даследчай, праектнай дзейнасці і рыхтуе моцных прафесіяналаў ва ўмовах канкурэнтнага асяроддзя, імклівага развіцця тэхналогій, навукі і вытворчасці. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава — адзіная ўстанова вышэйшай адукацыі, якая па выніках работы ў 2020 годзе стала лаўрэатам прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, аказаных паслуг (выкананых работ), укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту.

Цянь Ру, выпускніца: “Я вучылася на кафедры мастацтваў і вельмі люблю гэты ўніверсітэт. Беларусь — прыгожая краіна, а Віцебск — вельмі прыгожае месца. Універсітэт мае доўгую гісторыю, і я рада, што тут вучылася”. 

Сюй Дунлі, выпускніца: “Навучанне тут вельмі добрае, і я шчаслівая, што скончыла менавіта гэты ўніверсітэт. Гэта дапаможа мне ў будучыні: я стала мацнейшай, больш паспяховай і буду многа старанна працаваць”. 

Адукацыйная праграма другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратура) з англійскай мовай навучання для грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі стартавала восенню мінулага года. Як паведаміў дэкан факультэта замежных грамадзян Валерый Янч, навучанне кітайскіх студэнтаў у ВДУ раней ажыццяўлялася толькі на рускай мове. Новы фармат быў накіраваны на пашырэнне адукацыйных магчымасцей і студэнцкай аўдыторыі. Распрацоўкай англамоўных магістарскіх вучэбных праграм займаліся выкладчыкі ўніверсітэта, значную дапамогу аказалі прадстаўнікі факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Найбольшую колькасць замежных магістрантаў зацікавілі спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі). Адукацыйны менеджмент”, “Мастацтвазнаўства”, “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (па галінах і ўзроўнях адукацыі). Методыка выкладання музычнага мастацтва”. Акрамя таго, ішла падрыхтоўка спецыялістаў у галінах дызайну і методыкі выкладання выяўленчага мастацтва, фізічнай культуры і спорту (педагагічная дзейнасць у аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры), псіхалогіі і літаратуразнаўства. 

Навучанне адбывалася ва ўмовах абмежавання авіязносін, выкліканага пандэміяй COVID-19. Сітуацыя склалася нестандартная: студэнты не змаглі прыбыць ва ўніверсітэт да пачатку заняткаў. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне арганізаваць адукацыйны працэс з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій праз адукацыйную платформу MOODLE, якая дазваляе кантактаваць са студэнтамі інтэрактыўна, даваць і ацэньваць заданні, загружаць неабходную інфармацыю, мець непасрэдныя зносіны і такім чынам максімальна хутка і эфектыўна вырашаць усе ўзнікаючыя ў ходзе падрыхтоўкі пытанні. Выкладанне ажыццяўлялася ў анлайн- і афлайн-фарматах, праводзіліся індывідуальныя, а таксама групавыя кансультацыі. 

З вясны ва ўніверсітэт пачалі прыбываць студэнты для завяршэння работы над магістарскімі дысертацыямі. Іх узровень высока ацанілі дзяржаўныя экзаменацыйныя камісіі, якія працавалі тут з 2 па 12 жніўня. Адметна, што ў ліку выбраных напрамкаў даследаванняў — асаблівасці вывучэння народных інструментаў дзвюх сяброўскіх краін на ўроках музыкі, адрозненні ў разуменні народнай культуры, аналіз сучаснага мене­джменту адукацыі ў Кітаі і Беларусі. У ВДУ імкнуліся не толькі стварыць спрыяльныя ўмовы для навучання, але і дапамагчы кітайскім магістрантам цікава, з карысцю праводзіць вольны час. У прыватнасці, яны бліжэй пазнаёміліся з гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі дзякуючы экскурсіям у замкавы комплекс “Мір”, нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, музей-сядзібу І.Я.Рэпіна “Здраўнёва”. Яркім, па­дзейным, запамінальным атрымаўся апошні дзень студэнцкага жыцця і, безумоўна, яго кульмінацыйны момант — цырымонія ўручэння дыпломаў. Спецыяльна да ўрачыстасці кітайскія магістранты падрыхтавалі цудоўныя канцэртныя нумары з нацыянальным каларытам. Свае творчыя падарункі адрасавалі ім беларускія сябры з ВДУ, цудоўным сюрпрызам стала адкрыццё выставы выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта. Лі Жуй і Кон Сянфен — вядомыя кітайскія фатографы, а цяпер яшчэ і магістры ў галіне мастацтвазнаўства.

— Я ўпершыню ў Беларусі, але даўно ўжо ведаў пра ваш універсітэт як адзін з самых лепшых у краіне, дзе працуюць многія выдатныя вучоныя, выкладчыкі і вучыцца многа замежных студэнтаў, уключаючы кітайскіх, — адзначыў першы сакратар па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Лі Бін Го, вітаючы ВДУ і яго выпускнікоў. — Ад імя пасольства віншую магістраў з уручэннем дыпломаў. Гэта ваш шчаслівы момант. Жадаю вялікіх поспехаў у працы і вялікага шчасця ў жыцці, каб ваш універсітэт ганарыўся вашымі наступнымі дасягненнямі. І, безумоўна, жадаю далейшага плённага развіцця супрацоўніцтва паміж кітайскімі і беларускімі ўстановамі вышэйшай адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава.