Гарбузовы фэст

- 11:41Вышэйшая школа

Беларускую альтэрнатыву Хэлоўіну ў суботу студэнты і выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка прадставілі на аграбіястанцыі “Зялёнае” пад Мінскам. “Гарбузовы фэст” праходзіў ужо другі раз і сабраў сотні ўдзельнікаў. Аўтарам ідэі і ініцыятарам незвычайнага фестывалю стаў рэктар педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук.

“Лічыцца, што ўсе гарбузовыя святы звязаны з Амерыкай. У мінулым годзе мы развеялі гэты міф, калі правялі свой фестываль. Гэта своеасаблівы наш адказ Хэлоўіну, — сказаў Аляксандр Іванавіч, адкрываючы свята. — Радуе, што фэст, прысвечаны самаму харызматычнаму восеньскаму плоду — гарбузу, становіцца яшчэ адной добрай традыцыяй нашага ўніверсітэта. І няхай гэтае свята будзе самай яркай, самай смачнай і самай запамінальнай падзеяй бягучай восені. Мы яго праводзім напярэдадні прафесійнага свята — Дня настаўніка, таму няхай фэст паспрыяе і добраму настрою, аптымізму і запаліць іскру энтузіязму, жадання ствараць і шукаць новае”.

Менавіта вакол гарбуза разгортваліся ўсе падзеі фэсту. Так, дух спаборніцтва задалі “Гарбузовыя забаўкі”. Гэта спартыўна-гумарыстычныя выпрабаванні для 11 каманд, а таксама зборнай рэктарата “Авангард”. Свае спартыўныя адносіны яны высвятлялі падчас лёгкаатлетычнага кросу ў бульбяных мяшках, чаўночнага збору ўраджаю з дачнай каляскай, стральбы з рагаткі па агародных варонах, спартыўнай яблычнай рыбалкі, гольфа з арганічна-чыстым мячыкам — бульбінай і інш.

Папоўніць зарад растрачанай пасля спаборніцтваў энергіі дапамог мегапікнік “Восеньскія прысмакі”, які разгарнуўся акурат на палянах. Свае кулінарныя вынаходкі з гарбуза і іншай агародніны і садавіны студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта прэзентавалі і прапаноўвалі прадэгуставаць журы, а таксама ўсім удзельнікам фэсту. Такога багацця страў з гарбуза наўрад дзе яшчэ паспытаеш! Разнастайныя салаты і рагу, запяканкі і супы, катлеты і шашлыкі, гарбуз у гаршчочках і ў тарталетках, пірагі і тарты, бліны і аладкі, кексы і пячэнне, дэсертны хлеб і булачкі, варэнне і джэмы — студэнтам было з чаго скласці ўласнае святочнае меню. На асобнай пляцоўцы гатаваўся пачастунак ад рэктарата — каша з гарбуза. Карысталіся попытам цукаты і шакаладныя цукеркі з гэтай агародніны, мармелад і асабліва гранола. Ёй частавала студэнтаў Ганна Грынцэвіч, студэнтка інстытута псіхалогіі: найчасцей яе дзень пачынаецца з гарбузовай гранолы, якую дзяўчына бярэ з сабой, каб перакусіць на перапынках.

“Для гатавання гранолы перамешваю гарбузовае пюрэ, дабаўляю ў яго аўсяныя шматкі, сметанковае масла, мёд і любыя арэхі, сухафрукты, гарбузовыя семкі і падсушваю ў духоўцы, каб гранола стала хрусткай”, — пераходзіць рэцэпт Ганны ў студэнцкія нататнікі.

Было чаму павучыцца і на майстар-класах “Замежныя пачастункі” з дэгустацыяй страў кітайскай, туркменскай і іракскай нацыянальных кухань, згатаваных з дабаўленнем асноўнага святочнага інгрэдыенту. Напрыклад, трэцякурсніца Анахан Рэйімбаева частавала гасцей мантамі з гарбуза. Туркменскім падарункам аматарам смачна паесці былі пірог з гарбузовай начынкай, плоў, гутан-аладкі. Каля кітайскага гастрастэнда беларусы паказвалі майстэрства карыстання кітайскімі палачкамі, распраўляючыся з курыцай-гунбао, рагу чы-сан-чы, аладкамі па-пекінску і інш.

Размахам фантазіі здзівілі гасцей і журы творчыя паказы авангарднага касцюма “Залаты сілуэт” з прыроднага матэрыялу.

“Я кожны год працую ў дзіцячым лагеры ў складзе педагагічнага атрада “Ветразь”, і адно з нашых традыцыйных мерапрыемстваў — “Подыум-арт”, для якога мы самі прыдумваем вобразы і шыем касцюмы. Сёння ў кожнага факультэта была свая дызайн-каманда, якая і стварала калекцыі з прыродных матэрыялаў. І ў нас атрымалася 15 цудоўных калекцый”, — гаворыць Георгій Скудны, 3-курснік інстытута інклюзіўнай адукацыі.

На фэсце працавала і выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Восеньскія дзівосы”. На пляцоўцы рэсурснага цэнтра Greenoffice можна было скласці свой рэцэпт соку з розных пладоў, выціснуць яго і адразу ж прадэгуставаць. Добры настрой дарыў гасцям фэсту таксама канцэрт ад студэнтаў і творчых калектываў БДПУ.

Прадэманстраваць ураджай-2018, абмяняцца сезоннай прадукцыяй і проста падарыць яе можна было на “Дармарцы”. Гарбузы і дыні, яблыкі і грушы, маліны і вінаград, зеляніна і капуста — дачныя раздачы праходзілі актыўна! Пакуль я гуляю з супрацоўніцай студгарадка ў мядовыя шашкі (выйграеш — атрымліваеш збітыя слоікі з цёмным ці светлым мёдам і арэхамі ўнутры), Таццяна Мікалаеўна Еўдакімчык, пашпартыст студгарадка, расказвае, што на фэст прывезла багаты ўраджай са сваёй дачы ў Пухавічах. Тэрыторыю студгарадка разам са студэнтамі яна ўпрыгожвае толькі кветкамі, але цяпер жанчына разам з калегамі прадумвае, дзе ў наступным годзе зрабіць агарод. Хаця б маленькі, на адну толькі гарбузовую градку.

Рэктар, у сваю чаргу, гаспадарскім позіркам акідваючы тэрыторыю аграбіястанцыі, шырэй развівае думку: “Тут вялікія плошчы, таму мы са студэнтамі плануем разбіць агароды, каб было бліжэй вазіць ураджай на фэст. Дарэчы, летась мы ў студэнцкай сталовай яшчэ месяц гатавалі стравы са святочных гарбузоў: гарбуз тушаны, смажаны, бліны, супы, кашы і інш. Гэта яшчэ адзін спосаб далучаць нашых студэнтаў да здаровага харчавання. Сёлета і я аддаў у сталовую самы вялікі гарбуз са сваёй дачы”, — гаворыць Аляксандр Іванавіч.

Але ж гарбуз рэктара крыху не дацягнуў да рэкорду. Самы цяжкі гарбуз — 39 кілаграмаў, вырасцілі работнікі прафкама БДПУ. У конкурсе “Восеньскія прысмакі” лепшай стала каманда факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. На выставе вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Восеньскія дзівосы” выбралі лепшы выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: першае месца заняла каманда факультэта эстэтычнай адукацыі. Па суме балаў за ўсе конкурсы пераможцам “Гарбузовага фэсту” стаў факультэт дашкольнай адукацыі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.