Гарманізацыя лічбавых рынкаў спрыяе пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва

Праблеме лічбавай трансфармацыі эканомікі і дзяржаўнага кіравання ў Беларусі ўдзяляецца першачарговая ўвага, заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў у час Еўразійскага лічбавага форуму.

“У Беларусі першачарговая ўвага ўдзяляецца праблеме лічбавай трансфармацыі эканомікі, дзяржаўнага кіравання і сацыяльнай сферы. Гэтая тэма з’яўляецца прыярытэтнай на парадку дня для ўсіх развітых краін і міжнародных арганізацый, а таксама ўключана ў нацыянальныя прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Прэзідэнт абазначыў курс далейшага развіцця — гэта пабудова ІТ-краіны. Прыняты дэкрэт № 8, які даў беспрэцэдэнтныя правы для рэзідэнтаў ПВТ, дзе будуць апрабаваны найноўшыя тэхналогіі блокчэйну, прымяненне крыптавалют, смарт-кантрактаў”, — падкрэсліў міністр.

Сяргей Папкоў адзначыў, што, дзякуючы пастаяннай увазе з боку ўрада і органаў дзяржкіравання да праблем лічбавай трансфармацыі, Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі па фарміраванні нацыянальнага лічбавага рынку і пачала актыўную міжнародную дзейнасць, накіраваную на гарманізацыю лічбавых рынкаў краін — эканамічных партнёраў. “У 2012 годзе краіна выступіла з прапановай аб фарміраванні адзінай гандлёва-інфармацыйнай прасторы ЕАЭС, у 2013 годзе праявіла ініцыятыву па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін Усходняга партнёрства і ЕС. У рамках гэтай ініцыятывы Беларусь з’яўляецца каардынатарам работ па такіх напрамках, як лічбавізацыя гандлю, камерцыі, лагістыкі, мытні і транспартных калідораў”, — растлумачыў ён.

Міністр звярнуў увагу на тое, што паспяховая рэалізацыя ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін Усходняга партнёрства і ЕС, актыўнае супрацоўніцтва з Карэяй па развіцці нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю, а таксама з Кітаем па рэалізацыі ініцыятывы “Адзін пояс і адзін шлях” стварае аснову для пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы на ўвесь еўрапейска-азіяцкі рэгіён.

Еўразійскі лічбавы форум (EADF) прайшоў 15 мая ў час Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях “ТІБО-2018”. Мэта EADF — абмеркаванне актуальных пытанняў лічбавай трансфармацыі і гарманізацыі лічбавых рынкаў на нацыянальным і міжкраінавым узроўнях.