Гармонія душы

Леў Мікалаевіч Новікаў — неардынарная асоба, музыкант з вялікай літары і таленавіты кіраўнік народнага ансамбля песні і музыкі “Сузор’е” сярэдняй школы № 5 Наваполацка, які сваёй творчасцю злучае людзей розных узростаў, пакаленняў і прафесій.

Нарадзіўся на Ніжагародскай зямлі 11 ліпеня 1950 года, мае рускія карані. Аднак, відаць, лёсам было наканавана, што сэрца і душа яго цалкам будуць адданыя беларускай песні і музыцы. Сваё незвычайнае імя ён атрымаў у гонар вялікага рускага пісьменніка Льва Мікалаевіча Талстога, творчасцю якога захапляліся бацькі. Музычныя здольнасці перадаліся ад бацькі, які па-майстэрску іграў на гітары, нягледзячы на тое, што працаваў энергетыкам. І па сённяшні дзень Леў Мікалаевіч памятае свой першы баян, яго перламутрава шэры колер і пах новых скураных раменьчыкаў. Ён на выдатна скончыў музычную школу і вучылішча, а затым з лёгкасцю паступіў у Астраханскую дзяржаўную кансерваторыю.

Першая яго работа была ў якасці выкладчыка ў Арлоўскім інстытуце культуры, у якім, дарэчы, ён сустрэў сваё каханне і стварыў сям’ю. Атрымалася так, што ў першы дзень вясны 1978 года Леў Мікалаевіч са сваёй сям’ёй прыехаў у зусім тады малады Наваполацк, дзе пачаў выкладаць у музычным вучылішчы. Свае творчыя здольнасці Леў Новікаў раскрыў, працуючы з рознымі мастацкімі калектывамі горада: быў дырыжорам аркестра народнага танцавальнага анса­мбля “Дзвінскія зоры”, кіраўніком хору мастацкай самадзейнасці завода “Вымяральнік”, дырыжорам аркестра музычных інструментаў узорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Камарыкі”. Праца з кожным калектывам спрыяла станаўленню Льва Мікалаевіча як творчай асобы са сваім арыгінальным поглядам на музычнае мастацтва. А тое, што песенная спадчына Беларусі з’яўляецца з’явай унікальнай, ён зразумеў адразу, як толькі апынуўся на беларускай зямлі.

Значны практычны вопыт музыканта-выканаўцы, канцэртмайстра, атрыманая класічная дырыжорская адукацыя, багаты вопыт работы з самадзейнымі калектывамі сталі трывалым фундаментам для яго прафесійнай дзейнасці. І ў 2006 го­дзе Л.Новікаў стварыў свой ансамбль песні і музыкі “Сузор’е” ў сярэдняй школе № 5 Наваполацка. Назва калектыву азначае, што ў кожнага ў жыцці свой шлях, сваё сузор’е, якое звязвае мінулае і будучыню, яно, нібы светлы прамень, вядзе чалавека ад калыскі да зорных шляхоў і новых здзяйсненняў. І, безумоўна, галоўны выток, крыніца гэтага — народная песня, што ідзе ад сэрца і якую народ складаў вякамі.

Аснова рэпертуару ансамбля — традыцыйныя беларускія песні і інструментальная музыка. Леў Мікалаевіч адказна ставіцца да падбору рэпертуару, робячы ўхіл на захаванне народнай спадчыны, сам апрацоўвае і аранжыруе фальклорны матэрыял. Ён заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку і лічыць, што найлепшыя лекі ад стрэсу — любімая работа, а дакладней, выкладанне сваіх думак на нотнай паперы. А пастаянная работа над сабой і імкненне знайсці арыгінальныя рэпертуарныя крыніцы прывялі да стварэння своеасаблівага творчага почырку Л.Новікава.

Як мастацкі кіраўнік з рэдкім музычным густам Леў Мікалаевіч выкарыстоўвае ўсе магчымасці беларускіх народных інструментаў і як музыкант з выдатнымі імправізатарскімі здольнасцямі раскрывае магчымасці кожнага выканаўцы. Таму аркестр пад яго кіраўніцтвам гучыць глыбока, з яркімі тэмбравымі адценнямі, і здзіўляе нечаканымі структурнымі знаходкамі. Дзякуючы яркаму вобразнаму мысленню, Леў Мікалаевіч тонка адчувае музычную форму, што надае завершанасць і цэльнасць музычным творам у яго апрацоўках. Ён ніколі не спыняецца на дасягнутым, а імкнецца да яшчэ большага ўдасканалення, часам, здаецца, спалучае неспалучальнае, шукаючы новыя выразныя фарбы і сродкі.

Кожныя заняткі для Л.Новікава — гэта паступовае засваенне новага матэрыялу, паўтарэнне і замацаванне пройдзенага, а кожны ўдзельнік ансамбля — гэта асоба, якая патрабуе ўвагі і разумення. Ён карэктна і ўмела накіроўвае работу, удала спалучае тэарэтычныя і практычныя метады і разнастайныя формы. Вельмі важна, што ў калектыве побач з дарослымі плённа працуюць і дзеці. Для апошніх сумеснае навучанне разам з настаўнікамі дапамагае развіваць творчыя здольнасці, дае магчы­масць праявіць свае таленты, садзейнічае эстэтычнаму выхаванню, аб’яднанню іх у дружны калектыў і выхоўвае культуру зносін.

Менавіта пад кіраўніцтвам Льва Мікалаевіча ансамбль песні і музыкі “Сузор’е” дасягнуў значных творчых поспехаў і ў 2010 годзе атрымаў званне народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, якое з году ў год з поспехам пацвярджае. Калектыў мае шмат узнагарод рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў, а яго выступленні рэгулярна ўпрыгожваюць розныя канцэрты, святы і культурна-масавыя мерапрыемствы. Прынамсі, і сам Л.Новікаў мае мноства асабістых грамат і падзяк рознага ўзроўню.

У асобе Льва Мікалаевіча спалучаецца высокая культура, філасофскае мысленне і працаздольнасць. Ён заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку і здзіўляе асабістым талентам. Гэта добразычлівы, тактоўны і ўраўнаважаны чалавек. Кожная сустрэча з ім — задавальненне. Ён паспяхова рэалізаваўся і ва ўсіх астатніх сферах чалавечага жыцця: клапатлівы муж, бацька і дзядуля — і ў гэтым заключаецца для яго гармонія быцця.

Людміла ЛЯХ,
канцэртмайстар народнага ансамбля песні і музыкі “Сузор’е” сярэдняй школы № 5 Наваполацка.