У працоўнай кніжцы Аляксея Міхайлавіча Саладухіна ўсяго два запісы аб працаўладкаванні: у 1987 годзе прыняты ў Гродзенскае музычнае вучылішча і да гэтага часу там працуе. Праўда, быў двухгадовы перыяд, калі ён узначальваў Гродзенскую капэлу. А вось запісаў аб адзнаках і падзяках значна больш. Апошні сведчыць аб тым, што дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа А.М.Саладухін адзначаны прэміяй Гродзенскага аблвыканкама “Чалавек года Гродзеншчыны” ў невытворчай галіне за 2013 год.
Жыццёвы шлях Аляксея Міхайлавіча вызначыла, напэўна, і тое, што яго маці была прафесійным музыкантам, ды і ўся яе радня была музычна адоранай. На сумесных святах абавязкова спявалі разам. Пазней і Аляксей далучыўся да сямейнага ансамбля як прафесіянал — вучань музычнай школы. Пасля заканчэння тэарэтыка-кампазітарскага аддзялення Віцебскага музычнага вучылішча паступіў у кансерваторыю імя А.В.Луначарскага (зараз гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі).
З вялікай цеплынёй успамінае Аляксей Міхайлавіч сваіх віцебскіх выкладчыкаў — Яўгена Міхайлавіча Герашчанку, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця, і Ніну Мікалаеўну Усцінаву, выпускніцу Маскоўскай кансерваторыі. Ён лічыць, што адным з элементаў удалага музычнага лёсу абавязкова павінен быць добры настаўнік: “Талент павінен трапіць у добрыя рукі”. Гэтага прынцыпу прытрымліваецца і ў сваёй рабоце: стварае ўмовы для таленавітых выкладчыкаў і таленавітых вучняў.
У кансерваторыі А.М.Саладухін атрымаў кваліфікацыю “Музыказнавец, выкладчык, музычны крытык”, у аспірантуры вычыўся па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва”. У студэнцкія гады практыку праходзіў у газеце “Советская Белоруссия” і часопісе “Мастацтва Беларусі”. Такі журналісцкі ўхіл дазволіў і пасля заканчэння кансерваторыі пісаць матэрыялы для газет і часопісаў, а зараз актыўна папаўняць інфармацыяй сайт музычнага каледжа. А.М.Саладухін з’яўляецца аўтарам звыш сотні музычна-крытычных публікацый і навуковых артыкулаў, даследуе музычную культуру Беларусі XVI стагоддзя.
У Гродна Аляксей Саладухін прыехаў у 1987 годзе, можна сказаць, па сямейных абставінах. Яго жонка Ларыса, з якой разам вучыліся ў кансерваторыі, адсюль родам. Дзевяць гадоў выкладаў у вучылішчы музычную літаратуру. Потым два гады ўзначальваў вядомы ў Беларусі калектыў — Гродзенскую капэлу. І калі ў 1998 годзе паступіла прапанова вярнуцца ў роднае вучылішча на пасаду дырэктара — не вагаўся, бо не парываў з ім сувязей, добра ведаў стан спраў і патрэбы калектыву. У 2008 годзе навучальнай установе нададзены статус Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа.
Акрамя творчасці было шмат адміністрацыйных спраў. Ішоў няпросты перыяд існавання на дзвюх пляцоўках, бо адна частка спецыяльнасцей вучылішча засталася ў старым будынку, а другая “пераехала” ў новы, пакуль недабудаваны. У 2000 годзе адбылося “аб’яднанне”, але яшчэ шэсць гадоў спатрэбілася, каб давесці ўсё да належнага стану. Праз тры гады побач з’явіўся інтэрнат на 180 месцаў. І таксама не абышлося без цяжкасцей, бо пад інтэрнат перарабляўся корпус недабудаванай паліклінікі.
Як гаворыць Аляксей Міхайлавіч, у кожнай справе павінна знайсціся месца творчасці. Гэтую думку пацвярджаюць справы навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа. Калі зазірнуць на яго сайт, самая распаўсюджаная рубрыка — “Віншуем!”: “Віншуем Алену Уладзіміраўну Лябецкую з узнагароджаннем нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, “Віншуем камерны жаночы хор (кіраўнік — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Л.М.Іконнікава, канцэртмайстар — Л.М.Нікіціна) з прысваеннем звання лаўрэата I ступені па выніках выступлення на IV Міжнародным інтэрнэт-конкурсе “Паклонімся вялікім тым гадам” (Масква)”; “Віншуем К.В. Мазюка, Максіма Сябера і Карэна Саакяна з паспяховым выступленнем (усе — 2 месца) на V Міжнародным музычным інтэрнэт-конкурсе (Бялград, Сербія, 2014 г.)”.
Гэта — некалькі апошніх. Напрыклад, у 2013 годзе навучэнцы каледжа 21 раз удзельнічалі ў міжнародных конкурсах, дзе заваявалі два гран-пры, восем першых месцаў, сем другіх і адно трэцяе. Выкладчыкі выступалі з навуковымі дакладамі на васьмі міжнародных канферэнцыях ў Расіі, Аўстрыі, Францыі, Літве.
А яшчэ ў Гродзенскім музычным каледжы можна часта сустрэць юных талентаў і талентаў ужо вядомых. Першыя з’яўляюцца падчас конкурсаў, якія ладзяцца для навучэнцаў сельскіх школ мастацтваў, для юных баяністаў і піяністаў. Гэта і прафарыентацыйная работа, і магчымасць маладым музыкантам сустрэцца з прафесіяналамі, атрымаць ад іх параду і падтрымку. А што тычыцца славутасцей, то канцэртная зала каледжа — адна з лепшых у горадзе — прымае музыкантаў не толькі з Беларусі. Гродзенскія меламаны ўважліва сочаць за інфармацыяй аб канцэртах у каледжы.
У маі гэтага года ў канцэртнай зале каледжа быў устаноўлены арган Magnus Silesia Moderno ROYAL. Як расказвае Аляксей Міхайлавіч, у вучэбным плане ёсць дысцыпліна “Дадатковы інструмент”, так што гродзенскія навучэнцы будуць мець магчымасць іграць не толькі на клавесіне ці “ямасе”, але і на аргане. І для Гродна арган у каледжы адкрывае дадатковыя магчымасці — на восень запланаваны фестываль арганнай музыкі. На працягу кастрычніка — лістапада кожны чацвер музыканты з Беларусі, Расіі, Германіі і Польшчы будуць даваць канцэрты.
“Паміж “давайце зробім” і “зрабілі” — вялікая адлегласць, — гаворыць Аляксей Міхайлавіч, — але вынік дае магчымасць забыцца пра ўсе цяжкасці”. І калі гэта такі вынік, як Свята класічнай музыкі TyzenНouse, якое адбылося ў Гродне ў верасні мінулага года, дык ім можна па-сапраўднаму ганарыцца. Кірыл Кедук, сёння вядомы піяніст, які паходзіць з Гродна, быў ініцыятарам гэтага музычнага фестывалю. Дырэктарам-распарадчыкам свята з’яўляўся А.М.Саладухін. На гродзенскай сцэне на працягу чатырох вечароў выступалі музыканты сусветнай вядомасці. Свята адбылося, і толькі яго арганізатары могуць ведаць пра тую вялікую адлегласць, якая ляжыць паміж “давайце зробім” і “зрабілі”.
А яшчэ Аляксей Міхайлавіч лічыць, што прафесія музыканта вечная. Ён ганарыцца і поспехамі сваіх вучняў, і поспехамі сваіх Любові і Надзеі. Дочкі ў музычных перавагах пайшлі па слядах жонкі Ларысы Сяргееўны — яны скрыпачкі. Любоў скончыла Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П.І.Чайкоўскага, малодшая Надзея вучыцца ў Акадэмічным музычным каледжы пры гэтай кансерваторыі. А хіба могуць бацькі параіць сваім дзецям прафесію, якую не лічаць вечнай?
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.