Гартаем сямейны фотаальбом педагагічнай дынастыі, сярод прадстаўнікоў якой быў першы намеснік міністра асветы БССР

- 15:20Образование

Успамінаем старонкі гісторыі славутай педагагічнай дынастыі Коршук разам з Аленай Уладзіміраўнай Коршук і яе бацькам Уладзімірам Канстанцінавічам. Яму нядаўна споўнілася 90 гадоў, але ён па­ранейшаму энергічны і ў курсе ўсіх падзей. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мы асцярожна перагортваем старонкі і ўглядваемся ў фота. Якія маладыя, прыгожыя, натхнёныя твары, якія шчырыя ўсмешкі! У вачах — імкненне да жыцця: уся маладосць напера­дзе… Так хочацца ажывіць вобразы знакамітых у педагогіцы лю­дзей, прайсціся іх сцежкамі жыцця, пачуць з іх вуснаў аповеды пра тыя далёкія часы, багатыя на падзеі. Усе яны знітаваны адной гісторыяй жыцця, адной прафесіяй і… адной вайной.

— 100 гадоў назад мой баць­ка Канстанцін Фёдаравіч Коршук заснаваў педагагічную дынастыю. Агульны педагагічны стаж трох яе прадстаўнікоў — амаль 150 гадоў, — расказвае Ула­дзімір Канстанцінавіч. — Галоўнае ў прафесійнай дзейнасці нашай дынастыі — вучыць дзяцей, выхоўваць у іх любоў да роднай зямлі, гордасць за Ра­дзіму, фарміраваць грамадзянскія якасці. Мой бацька прайшоў доўгі і цярністы шлях ад настаўніка да загадчыка аблана, не хаваў цяжкасцей прафесіі, але расказваў пра яе высакарод­насць і раіў мне стаць педагогам.

У сялянскай сям’і К.Ф.Коршука было 8 дзяцей. Старэйшы Косця, два яго браты і сястра сталі настаўнікамі. Прыклад з іх узялі яшчэ 10 родзічаў з наступных двух пакаленняў.

Адзін з іх, Уладзімір Ваўчэцкі, доўгі час працаваў дырэктарам школы, выбіраўся дэпутатам апошняга склікання Вярхоўнага Савета БССР.

К.Ф.Коршук працоўную дзейнасць прысвяціў выхаванню маладога пакалення. Ён аддаваў усю сваю сілу і энергію справе народнай асветы. На працягу 25 гадоў Канстанцін Фёдаравіч узначальваў Мінскі абласны аддзел народнай асветы, за сваю плённую працу атрымаў званне выдатніка адукацыі, заслужанага настаўніка БССР.

…А пачалася яго працоўная дзейнасць у верасні 1925 года. Працаваў настаўнікам пачатковай сельскай школы ў Пухавіцкім раёне, потым стаў дырэктарам Урэцкай сярэдняй школы Любанскага раёна, якую ўзначальваў амаль да пачатку вайны. Школа была ўзорам у арганізацыі вучэбнай і выхаваўчай работы, калектыў неаднаразова адзначаўся высокімі ўзнагародамі. Пасля ўз’яднання Беларусі К.Ф.Коршука прызначылі загадчыкам Брэс­цкага аблана. Далейшае яго жыццё было ахоплена ваенным ліхалеццем. Ён прымаў актыўны ўдзел у абароне Айчыны, быў у шэрагах партызанаў і рыхтаваў вясковую моладзь да ўдзе­лу ў партызанскім руху. Сваім байцоўскім характарам, адказнасцю і самаахвярнасцю і ў мірны час заслужыў аўтарытэт і павагу ў грамадстве, працуючы на педагагічнай ніве і аддаючы ўсё цяпло свайго сэрца служэнню Бацькаўшчыне. Пацвярджэннем гэтага сталі высокія ўзнагароды, сярод якіх ордэны Леніна і Чыр­вонага Сцяга, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак Пашаны”, шматлікія медалі. “К.Ф.Коршук быў умелым арганізатарам, энергічным і прынцыповым чалавекам. Ён вызначаўся глыбокім веданнем справы, асаб­лівай працавітасцю, сціпласцю і чуласцю да людзей. Гэта быў чалавек вялікай душэўнай чысціні і асабістага абаяння,” — адзначаў П.М.Машэраў. К.Ф.Коршук стаў першым прадстаўніком Беларусі ў ЮНЕСКА.

Позірк выхоплівае ў інтэр’еры вялікую прыгожую ляльку.

— Яе мне прывезла з Амерыкі мая бабуля Ганна Іванаўна Канцавая, калі была на сесіі ААН, дзе прадстаўляла нашу краіну, — расказвае з лёгкім сумам у вачах Алена Уладзіміраўна. — У тыя гады я была зусім маленькай, а бабуля ўжо была першым намеснікам міністра асветы БССР, дарэчы, першай у гісторыі Беларусі жанчынай на гэтай пасадзе. Яна нас выхоўвала адказнымі, руплівымі, працавітымі, як яна сама. Калі я пасталела, імкнулася не падвесці бабулю ў яе спа­дзяваннях адносна маёй асобы.

Ганна Іванаўна Канцавая з дзецьмі

— Памятаю, якой Ганна Іванаўна была на рабоце, — уключаюся я ў размову. — Мы не аднойчы сустракаліся з ёй у Міністэрстве асветы. Яна заўсёды была прыгожа апранутай, з акуратнай прычоскай, з добразычлівай усмешкай і, як ка­жуць, выклікала прыхільнасць да сябе — настаўнікі і кіраўнікі адукацыі ішлі да яе з радасцю. Яны дзяліліся сваімі дасягненнямі, расказвалі пра праблемы і заўсёды атрымлівалі падтрымку.

Ганна Іванаўна Канцавая была своеасаблівым узорам сістэмы адукацыі Беларусі: яна прадстаўляла яе на міжнародных сімпозіумах і ўсюды карысталася вялікім аўтарытэтам.

Адчувалася, як прыемна было Уладзіміру Канстанцінавічу і Алене Уладзіміраўне чуць гэтыя словы, як шчыміла ім сэр­цы, калі яны ўспаміналі Ганну Іванаўну. А яе лёс быў незайздросным, прыпаў на вайну, якая прынесла шмат гора нашым лю­дзям. Ганна Іванаўна, тады яшчэ мала­дзенькая дзяўчына, не баялася ўдзельнічаць у баявых аперацыях, была байцом партызанскага атрада, які дыслацыраваўся ў лясах Капыльшчыны, была разведчыцай, працавала ў рэдакцыі падпольнай партызанскай газеты. Калі вайна скончылася, прысвяціла сябе прафесіі настаўніка. Яшчэ да вайны яна скончыла Гомельскае педагагічнае вучылішча, а ў мірны час — Мінскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Стала ву­чыць дзяцей спачатку ў пачатковых класах, а потым у сямігодцы. Пазней яе прызначылі дырэктарам школы. Паступова яна дайшла да пасады намесніка старшыні Мінгарвыканкама і ўрэшце стала першым намеснікам міністра асветы. Так ад настаўніка пачатковай школы Ганна Іванаўна дарасла да кіраўніка сістэмы адукацыі краіны.

— Пасля таго як немцы забілі маю маці, бацька забраў мяне ў партызанскі атрад, — успамінае Уладзімір Канстанцінавіч. — Мне было ўсяго 8 гадоў, але памяць да гэтай пары ўтрымлівае тыя страшныя па­дзеі. Я па прыкладзе бацькі пайшоў па педагагічным шляху, скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава.

Працоўны шлях У.К.Коршука пачаўся з работы настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе № 30 Мінска, але з цягам часу педагог адчуў патрэбу ў навуковай дзейнасці і неўзабаве абараніў дысертацыю і стаў кандыдатам гістарычных навук, працаваў у БПІ.

Каштоўныя веды Уладзіміра Канстанцінавіча, навуковы падыход у распрацоўцы новых кірункаў развіцця адукацыйнай сферы былі высока ацэнены ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў, дзе ён працаваў загадчыкам кафедры. Пасля абароны доктарскай дысертацыі атрымаў навуковае званне прафесара. У гэтым статусе ўзначаліў кафедру гісторыі КПСС у БДУ… Апошнія гады, да выхаду на пенсію ва ўзросце 85 гадоў, быў прафесарам на гістарычным факультэце БДУ.

За час сваёй шматгадовай дзейнасці Уладзімір Канстанцінавіч падрыхтаваў 31 кандыдата і аднаго доктара гістарычных навук. Ён адзiн з аўтараў падручніка для УВА “Гісторыя Беларусi”, суаўтар кнiгi “Беларусь на мяжы тысячагоддзяў”, вучэбнага дапаможнiка “Палітычныя партыі Беларусі”, дапаможніка “Гісторыя Беларусі (1917—1945 гг.)” і шэрага іншых выданняў. Прафесар У.К.Коршук апублікаваў больш за 250 кніг, брашур, навукова-метадычных артыкулаў, якія былі ўспрыняты навуковай грамадскасцю з вялікай цікавасцю. Уладзімір Канстанцінавіч удзельнiчаў у многiх рэс­пуб­лiканскiх і мiжнародных канферэнцыях па тэмах гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, развіцця нацыянальнай навукі, культуры і тэхнiчнага прагрэсу, чытаў лекцыi ў ВНУ Манголіі, вывучаў вопыт падрыхтоўкi навуковых кадраў ва ўніверсітэце Солфарда ў Вялiкабрытанii. Як дасведчаны вучоны імкнуўся захаваць у беларускай навуцы вядомых дзеячаў разам з іх распрацоўкамі, дапамагаў маладым даследчыкам адкрываць новыя гарызонты ў навуцы на ка­рысць нашай краіны. Яму ўласцівы ўменне адстойваць свае пазіцыі, прыводзячы аргументы і важкія факты, але і прыслухоўвацца да пазіцыі сваіх калег і пава­жаць яе.

Арганізатарскія здольнасцi, навуковы талент, маральныя якасцi былі высока адзначыны дзяржавай. У.К.Коршуку прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнiк адукацыi Рэспублiкi Беларусь”, ён мае знак “Заслужаны работнік БДУ”, іншыя шматлікія ўзнагароды.

— Несці людзям веды, светлыя і чыстыя памкненні, выхоўваць у моладзі любоў да сваёй зямлі — гэта мой абавязак перад памяццю майго бацькі. Ён так жыў і так вучыў жыць мяне, — гаво­рыць Уладзімір Канстанцінавіч. — Таму я прысвяціў гэтаму ўсё сваё жыццё. І, думаю, недарэмна.

— Калі маеш такі шлейф педагагічнай дынастыі, то табе лёсам наканавана ісці ў настаўнікі, — працягвае размову Алена Ула­дзіміраўна. — Шчыра кажучы, спачатку не збіралася прысвя­ціць сябе педагогіцы, пайшла па гэтым шляху з-за цікавасці, але гены ўсё ж мяне “пераканалі” ў правільнасці зробленага выбару. Я наведвала спецыялізаваную школу, вывучала там англійскую мову і ўжо ў 9 класе адчула, што ўва мне ёсць педагагічны дух.

Алена Уладзіміраўна з адзнакай скончыла МДЛУ, стала кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам. Пачынаючы з 1982 года яе жыццё прысвечана БДУ. Цяпер на факультэце журналістыкі яна вядзе курсы на кафедры міжнароднай журналістыкі. У яе больш чым 170 публікацый, якія былі надрукаваны ў 18 краінах, яна аўтар і рэдактар многіх вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, выступае на канферэнцыях, семінарах і сімпозіумах па тэматыцы захавання нацыянальных каштоўнасцей у беларускай культуры. Мае знак “Заслужаны работнік БДУ”. Яе талент педагога-навукоўца высока ацэнены і ў іншых краінах.

Коршукі ўжо другое стагоддзе працуюць на ніве адукацыі, высока нясуць гонар сям’і. Яны заўсёды гатовы дапамагаць лю­дзям, дзяліцца ведамі, вучыць іх адстойваць сваю пазіцыю і пава­жаць годнасць чалавека. А галоўнае — служыць Айчыне дзеля яе росквіту.

Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва суразмоўнікаў