Гартаючы старонкі гісторыі Шчучыншчыны

- 10:30Гродзеншчына, Прэс-тур

Праект з такой назвай рэалізаваны калектывам навучэнцаў і педагогаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Знамянальна, што афіцыйнае адкрыццё музейнага пакоя адбылося ў той час, калі горад рыхтуецца да святкавання 500-годдзя. Пад гукі чароўнага балю, які праходзіў у былым палацы князёў Друцкіх-Любецкіх, урачыста адкрылася музейная экспазіцыя. Яна размешчана ў трох залах, напаўненню якіх папярэднічала доўгая старанная сумесная праца дзяцей і дарослых па зборы матэрыялу, яго апрацоўцы, афармленні і размяшчэнні.

Першая зала ўяўляе сабой салон князёў Друцкіх-Любецкіх. Старадаўнія партрэты і больш познія фотаздымкі былых уладальнікаў палаца, родавы герб, стагадовае піяніна, інтэр’ер пакоя ствараюць атмасферу ХІХ стагоддзя. А вось нібыта і сам князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі ўваходзіць у салон, вядзе свецкую гутарку з Марыяй Сцыпіё дэль Кампа. “Не ў кожнага жонка Марыя…”— так называецца пастаноўка, заснаваная на гістарычным факце жаніцьбы князя са сваёй 14-гадовай пляменніцай і падрыхтаваная навучэнцамі тэатральнай студыі “Эцюд” пад кіраўніцтвам Т.К.Бялячыц. Дарэчы, п’еса атрымала прызавое месца на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу распрацовак літаратурнага матэрыялу для дзіцячага тэатра. Пасля і відэафільм, зняты гурткоўцамі па п’есе, атрымаў дыплом І ступені ў абласной краязнаўчай экспедыцыі “Вулачкамі старадаўняга горада”.

Касцюмы для князя і ўсіх герояў пастаноўкі стварылі навучэнцы ўзорнай студыі моды “Гармонія”. Разам з педагогамі Т.В.Ліньковай і А.Ф.Чашчэвік яны вывучылі кірункі моды той эпохі, распрацавалі цэлую калекцыю адзення. У шыкоўных уборах пад зачараваныя позіркі прысутных юныя дамы танцавалі падэграс і катыльён на палацавым балі — гэта да непазнавальнасці пераўвасобіліся навучэнцы танцавальнага гуртка “Кантрасты” педагога дадатковай адукацыі Т.Д.Дзякевіч.

У другой зале сабрана шмат цікавых матэрыялаў пра нашых сусветна вядомых землякоў: героя Чылі Ігната Дамейку, знакамітага спевака Чэслава Немена, нашу родную Цётку (Алаізу Пашкевіч), складальніка эсперанта-беларускага слоўніка Фелікса Стацкевіча… Тут прадстаўлены матэрыялы аб знакамітых ураджэнцах Шчучыншчыны, пра кожнага з якіх можна расказваць доўга і цікава. Гэта вядомыя мастакі Казімір Альхімовіч, Пінхус Крэмень, Ян Кузьміцкі і былы галоўны рэдактар часопіса “Вожык” Валянцін Блакіт.

Шмат цікавага звязвае гісторыю нашага краю і далёкай Францыі: помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя палац князёў Друцкіх-Любецкіх — копія палаца Трыанон у Версалі; наш зямляк Валерый Урублеўскі — генерал Парыжскай камуны; былы Прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь падчас Першай сусветнай вайны быў у нямецкім палоне ў Шчучыне.

Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў пакоя і саламяны макет палаца — вынік творчай работы навучэнцаў і педагога гуртка “Жывая саломка” Г.А.Кузяк. Стэнд-карта “Гісторыка-культурная скарбніца Шчучыншчыны” знаёміць з архітэктурнымі славутасцямі нашага рэгіёна: Мураванкаўская царква-крэпасць XVI стагоддзя, касцёл Пятра і Паўла XVII стагоддзя ў Ражанцы, каменны гадзіннік у Ішчалне і калегіум піяраў XVIII стагоддзя, геадэзічны пункт дугі Струвэ. Вельмі важна, каб нашы дзеці ведалі гэтыя месцы, бывалі там і ганарыліся сваёй малой радзімай. А шматлікім гасцям горада і наведвальнікам Палаца творчасці дзяцей і моладзі прапануюцца маршруты экскурсій па Шчучынскім краі.

Трэцяя зала стала захавальніцай авіяцыйнага мінулага горада. Сабраныя экспанаты і фотадакументы расказваюць пра будні лётчыкаў адной з самых буйных авіябаз Савецкага Саюза. Гісторыя авіязлучэнняў гэтай базы пачыналася яшчэ падчас Вялікай Айчыннай вайны. Многія экспанаты захоўваліся ў музеі 10-га асобнага разведвальнага і 979-га знішчальнага авіяпалкоў у былым гарнізонным Доме афіцэраў, які ў савецкі час знаходзіўся ў будынку палаца. Велізарны ўклад у стварэнне гэтага раздзела экспазіцыі зрабіў начальнік кафедры беспілотных авіяцыйных комплексаў баявога кіравання ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі палкоўнік Дзмітрый Аляксандравіч Дзьякаў, які вырас у нашым горадзе. Асабліва цікава ў гэтай зале хлопчыкам, а таксама ветэранам авіязлучэнняў, якіх у Шчучыне засталося шмат. Для першых тут жыве мара аб небе, аб подзвігах, аб славе, для другіх ажывае мноства цікавых успамінаў пра справу жыцця. Наведвальнікі музея падоўгу стаяць каля сапраўдных парашута і лётнага касцюма.

З моманту адкрыцця Палаца творчасці дзяцей і моладзі метадыст Т.С.Трахімчык, гісторык па спецыяльнасці, правяла ўжо не адзін дзясятак экскурсій (цяпер яны тэатралізаваныя!), удзельнікамі якіх стала каля 2 тысяч наведвальнікаў. Гэта не толькі дзеці, падлеткі і моладзь, але і дарослыя жыхары Беларусі і нават замежжа. Нядаўна адбылася сустрэча з В.М.Анашкіным, старшынёй Шчучынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”. Віктар Мікалаевіч — выдатны апавядальнік, а навучэнцы гурткоў — удзячныя і зацікаўленыя слухачы. У іх знайшлося нямала пытанняў, і на кожнае былі атрыманы падрабязныя адказы.

Паэтычныя і музычныя гасцёўні, мастацкія выставы, майстар-класы і квесты, урокі мужнасці і сустрэчы з ветэранамі, воінамі-афганцамі, аўдыя- і відэаэкскурсіі на рускай, беларускай і англійскай мовах — усё гэта ў нашых найбліжэйшых планах. Цікавая і разнастайная работа працягваецца. Музейны пакой адкрыты, і яму наканавана жыць актыўна, бо ён знаходзіцца ў творчай установе.

Анжэла ТУРЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.