Гартуецца майстэрства

- 12:22World Skills

Пад эгідай Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019 у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы мантажных і пад’ёмна-транспартных работ прайшоў электрамантажны форум з удзелам шэрага навучальных устаноў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка электрамантажнікаў. На форум прыбылі прадстаўнікі мінскіх прадпрыемстваў ААТ “Прамбудэлектра” і ААТ “Белэлектрамантаж”.

На семінары і круглым стале, якія праходзілі ў час форуму, педагогі навучальных устаноў дзяліліся з вытворцамі асаблівасцямі прафесійнай падрыхтоўкі кадраў з улікам міжнародных тэндэнцый, расказвалі пра ўдзел каледжа ў нацыянальных і сусветных спаборніцтвах, у якіх выхаванцы навучальнай установы набіраюцца вопыту і прафесійнага майстэрства. Прадстаўнікі базавых прадпрыемстваў выказалі патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў, прадставілі сучасныя падыходы да арганізацыі і правядзення электрамантажных работ у будаўніцтве, расказалі пра дзеючую нарматыўную базу ў гэтай сферы, сучаснае электрамантажнае абсталяванне, падтрымалі практыканакіраванасць падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку непасрэдна на вытворчасці пры правядзенні электрамантажных работ.

Галоўны эксперт WorldSkills па прафесійнай кампетэнцыі “Электрамантаж” выкладчык Мінскага ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ А.У.Шыдлоўскі расказаў, што ў праграму форуму ўвайшоў конкурс прафесійнага майстэрства па стандартах WorldSkills сярод будучых электрамантажнікаў. На конкурснай пляцоўцы сустрэліся навучэнцы Мінскага ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж” і Кірышскага політэхнічнага тэхнікума. (Сяброўства з гэтай расійскай установай завязалася ў мінскага каледжа, калі яго дырэктар А.І.Гота сустракаўся з педагогамі гэтага тэхнікума і іншых устаноў у час мерапрыемстваў у Расійскай Федэрацыі.)

Заданне на конкурсе па сваёй складанасці не саступала тым заданням, якія былі прадстаўлены на міжнародных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню. Для выканання конкурсных электрамантажных работ адводзілася 15 гадзін. Максімальная адзнака за іх выкананне была 100 балаў.

Наш добры знаёмы Андрэй Ярмак, пра якога не адзін раз пісала наша газета, выканаў заданне з высокай якасцю і раней часу, за 12 гадзін, і атрымаў 91 бал. Тым самым хлопец абагнаў усіх астатніх удзельнікаў і заслужана стаў пераможцам. На другім месцы — Мікалай Сцяпанаў, навучэнец Кірышскага політэхнічнага тэхнікума. “Бронзу” заваяваў Яўген Шапавал з Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі.

Андрэй Ярмак, атрымаўшы залаты медаль на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills-2018, яшчэ на многіх міжнародных спаборніцтвах дэманстраваў сваё майстэрства. Характэрна, што з кожным разам вынікі конкурсных выступленняў Андрэя паляпшаюцца, адточваецца яго прафесіяналізм, расце вопыт, мацнее стрэсаўстойлівасць. У гэтым годзе Андрэй у Казані бярэ ўдзел у спаборніцтвах, дзе будзе праходзіць абкатка выступленняў канкурсантаў па ўсіх прафесійных кампетэнцыях, а ў жніўні накіруецца туды ж на міжнародны чэмпіянат.

Ала КЛЮЙКО.