Гаспадары на сваёй зямлі

- 16:59Суразмоўца

Дырэктар Вуцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Ганна Мікалаеўна Станкевіч у 2018 годзе была ўключана ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі” і напярэдадні новага навучальнага года ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Установа, якой кіруе Ганна Мікалаеўна, неаднойчы прызнавалася лепшай у раёне па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў. Толькі за мінулы навучальны год вучні і настаўнікі вуцеўскай школы былі ўзнагароджаны 35 дыпломамі на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Тры гады назад у школе ўзнікла свая бізнес-кампанія “Гаспадар” па вырошчванні агародніны і кветкава-дэкаратыўных раслін.

Зладжаны калектыў

Ганна Мікалаеўна Станкевіч родам з вёскі Баршчоўка Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, дзе вучылася да 9 класа. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Церахоўскай сярэдняй школе. Сваіх школьных педагогаў Ганна Мікалаеўна ўспамінае самымі добрымі словамі. Асаблівы ўплыў аказалі на яе настаўніцы фізікі Еўдакія Афанасьеўна Еўдачэнка і Валянціна Леанідаўна Клімкова, з якімі яна падтрымлівала цёплыя адносіны доўгія гады. Любімыя педагогі паўплывалі і на яе будучы прафесійны выбар, навучылі працаваць шчыра, з любоўю і клопатам пра дзяцей.

У 1987 годзе, пасля заканчэння матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ганна Станкевіч па размеркаванні трапіла ў Вуцеўскую сярэднюю школу, што за некалькі кіламетраў ад родных мясцін. Спачатку заняла пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, затым — намесніка па вучэбнай рабоце, а ў 2006 годзе стала дырэктарам. На працягу ўсіх гадоў вяла ўрокі матэматыкі. І зараз яе вучэбная нагрузка складае 5 гадзін па прадмеце ў тыдзень.

“Якім бы добрым арганізатарам дырэктар ні быў, якую б узнагароду яму ні ўручылі, калі побач з ім няма творчых і актыўных педагогаў, ён адзін нічога не зробіць, нават самы лепшы праект не рэалізуе, — упэўнена Ганна Мікалаеўна. — З іншага боку, і дырэктар не павінен сядзець, склаўшы рукі, таму што падначаленыя расслабяцца, як у вядомай прымаўцы: “Гаспадар сеў — работнік лёг”. У нашай школе падабраўся зладжаны калектыў. Настаўнікамі працуюць дзевяць выпускнікоў школы, двое з якіх былі медалістамі — гэта педагог-арганізатар Святлана Сяргееўна Вярэнчыкава і настаўніца пачатковых класаў Святлана Іванаўна Карэба. Кожны педагог, а ў нас іх 20, займаецца сваім, блізкім яму адукацыйным кірункам і спрабуе зацікавіць ім вучняў, якіх ва ўстанове 105.

Жыццё ў школе пачынае віраваць з 8 гадзін раніцы, калі прыходзяць найбольш матываваныя дзеці, якія рыхтуюцца да экзаменаў і ЦТ, конкурсаў і алімпіяд. Раніцай праводзяцца і факультатыўныя заняткі з навучэнцамі пачатковых класаў. Пасля ўрокаў самым зацікаўленым мы прапануем наведваць заняткі па інтарэсах”.

Павышаем прэстыж і паляпшаем дабрабыт

Настаўніца геаграфіі і біялогіі вуцеўскай школы Ірына Міхайлаўна Ярцава курыруе даследчую дзейнасць навучэнцаў, якія паказваюць высокія вынікі не толькі на раённым і абласным узроўні, але і на рэспубліканскім — конкурсах даследчых работ навучэнцаў, канферэнцыі “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”, конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў былі ўдастоены вучні Вольга Савянок (у 2014, 2015 і 2016 гадах) і Вячаслаў Бярбека. Сёння маладыя людзі з’яўляюцца студэнтамі прэстыжных універсітэтаў.

У Рэспубліканскім конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” вуцеўская школа адзначалася тройчы. У 2014 годзе ў намінацыі “Лепшы практычны цэнтр па энергазберажэнні” цэнтр установы быў прызнаны лепшым у раёне, вобласці і краіне. Кіруе практычным цэнтрам настаўніца пачатковых класаў Людміла Рыгораўна Борсук. Разам з творчай групай педагогаў яна падрыхтавала метадычныя матэрыялы, у тым ліку распрацоўкі класных гадзін і ўрокаў па розных прадметах (з 1 па 11 клас) з прымяненнем задач або вучэбных тэкстаў па тэме эканоміі і беражлівасці.

Сваімі поспехамі радуюць і маладыя спецыялісты. Так, Вікторыя Валер’еўна Асадчая, настаўніца хіміі, сёлета стала лаўрэатам раённага конкурсу прафесійнага майстэр-ства “Малады педагог года”. Яна дапамагала падрыхтавацца да Рэспубліканскага конкурсу малюнкаў “Пасябруй са спортам” чацвёртакласніку Даніілу Вегеру, які стаў пераможцам абласнога і лаўрэатам рэспубліканскага этапаў конкурсу.

У школе ёсць пераможцы раённага этапу алімпіяды па вучэбных прадметах па працоўным навучанні, нямецкай і беларускай мовах. Дзевяцікласніца Аліна Афанасенка перамагла на раённым, абласным і рэспубліканскім этапах XXI Беларускага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру. Тры гады запар установа прызнаецца лепшай у вобласці апорнай школай па арганізацыі экалагічнай адукацыі. Пра гэта сведчаць перамогі вучняў на абласных экалагічных злётах і фестывалях.

“Перамогі ў конкурсах павышаюць прэстыж установы і ў той жа час дапамагаюць паляпшаць яе матэрыяльна-тэхнічную базу, — гаворыць дырэктар. — Напрыклад, дзякуючы перамогам на “Энергамарафоне”, нам удалося памяняць усё асвятленне ў школе на энергазберагальнае, асвятліць тэрыторыю школьнага двара па перыметры будынка святлодыёднымі лямпамі, а таксама памяняць вокны ў спартыўнай зале. Са сродкаў, што нам выдзелілі за перамогу ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах, мы абнавілі мэблю, набылі ноўтбук, швейную машынку, сучасную музычную апаратуру, мікрафоны, каляровы прынтар і паліграфічнае абсталяванне, якое патрэбна для афармлення конкурсных работ.

Таленавітыя педагогі школы таксама заахвочваюцца на ўзроўні вобласці і раёна. Згодна з калектыўным дагаворам, яны атрымліваюць даплаты ад 3 да 17 базавых велічынь, у залежнасці ад узнагароды, якая была атрымана педагогам або яго вучнем”.

У школьнай бізнес-кампаніі

Навучэнцы Вуцеўскай сярэдняй школы вывучаюць асновы фінансавай і эканамічнай дасведчанасці. У 2015 годзе тут стартаваў праект школьнай бізнес-кампаніі “Гаспадар”, ініцыятарамі якога былі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Віктараўна Лакіза і настаўніца працоўнага навучання Лідзія Уладзіміраўна Дудзянава. Педагогі і вучні пачалі вырошчваць агародніну і кветкава-дэкаратыўныя расліны на прышкольным участку, плошча якога складае 0,4 га. Калі раней прадукцыя з участка ішла толькі ў школьную сталовую, то зараз яна паступае і ў суседнія ўстановы адукацыі. Юныя агароднікі дзеляцца ўраджаем агуркоў, буракоў, цыбулі, таматаў, морквы, перцу, капусты, фасолі. Акрамя таго, гэтыя прадукты ідуць у сталовую мясцовай сельскай гаспадаркі, дзе падчас пасяўной і ўборкі харчуюцца механізатары і іншыя спецыялісты. У сваю чаргу гаспадарка таксама аказвае дапамогу школе, выдзяляе тэхніку і спецыялістаў для пераворвання і ўскопкі зямлі на ўчастку, прывозіць у школу арганічныя ўгнаенні, дзеліцца ўраджаем бульбы і г.д.

“Адпраўляючы сельскага вучня ў вялікае жыццё, мы павінны навучыць яго ў гульнявой форме азам эканомікі, вядзення бізнесу і дзелавых перагавораў, уменню заключаць дагаворы, вывучаць попыт і прапановы на рынку тавараў і, канечне, вырошчваць сельгаспрадукцыю, — гаворыць Ганна Мікалаеўна. — Акрамя таго, мы вучым дзяцей зарабляць грошы. Падчас канікул і вольнага ад вучобы часу ва ўстанове арганізоўваецца другасная занятасць навучэнцаў. Мы заключылі дагавор з мясцовым упраўленнем па працы і сацыяльнай занятасці, на аснове якога дзеці ў розныя гады выконвалі работы па рамонце школьнай мэблі, пашыве гардзіннага палатна, касцюмаў для ратавальнікаў-пажарных, пасцельнай бялізны для групы прадоўжанага дня, а таксама па азеляненні тэрыторыі школы. У выніку школа атрымлівае прыбытак, а дзеці — заробак. Працоўны атрад “Кантакт” у 2012, 2013 і 2015 гадах станавіўся пераможцам на абласным этапе Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Працоўнае лета” ў намінацыі “Лепшы працоўны атрад”.

Калектыў школы атрымлівае таксама падзякі за ўзорнае ўтрыманне прышкольнай тэрыторыі і пяты раз трапляе ў лік пераможцаў абласнога конкурсу па добраўпарадкаванні “Кветкавы карагод”.

Роўны вучыць роўнага

З 2014 па 2016 год педагогі Вуцеўскай сярэдняй школы працавалі над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выхаваўчай работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця і самаахоўных паводзін навучэнцаў праз арганізацыю валанцёрскага руху ў рамках падыходу “роўны вучыць роўнага”. Дзякуючы праекту, навучэнцы пазнаёміліся з нетрадыцыйнымі формамі пазаўрочнай дзейнасці. За перыяд рэалізацыі праекта 25 школьнікаў прайшлі навучанне і атрымалі пасведчанні валанцёраў-інструктараў. Штотыдзень ва ўстанове праходзілі трэнінгавыя заняткі па модулях “Каштоўнасць здароўя”, “Рэпрадуктыўнае здароўе”, “Адказныя сексуальныя паводзіны”, “Прафілактыка ІППШ”. Падчас такіх заняткаў валанцёры-інструктары пад кіраўніцтвам педагога-кансультанта дапамагалі сваім аднагодкам набываць новыя веды пра здаровы лад жыцця. Валанцёры-інструктары з ліку навучэнцаў школы наведалі ўстановы адукацыі Добрушскага раёна, дзе правялі інтэрактыўныя заняткі па прафілактыцы шкодных звычак, інтэрнэт-залежнасці, ВІЧ-інфекцыі і інш. Педагог-наватар вуцеўскай школы Алена Мікалаеўна Кавалёва прымала ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Укараненне падыходу “роўны вучыць роўнага” ў сістэму выхаваўчай работы з падлеткамі і моладдзю” ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі. А валанцёры-інструктары школьнага атрада “Равеснік” працавалі ў рамках падыходу “роўны вучыць роўнага” ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” падчас змены “Здаровая ініцыятыва”.

Работа па праекце працягваецца. Штогод для навучэнцаў 10—11 класаў прапануюцца факультатыўныя заняткі “Падрыхтоўка валанцёраў да рэалізацыі падыходу “роўны вучыць роўнага”.

Галоўнае — рэалізаваць свае здольнасці

“Асноўная задача, якую мы ставім перад сабой, каб нашы вучні выйшлі са школы адукаванымі, выхаванымі і здаровымі, — гаворыць Ганна Мікалаеўна. — Мне падаецца, што ў нас гэта атрымліваецца. Сярод нашых выпускнікоў людзі самых розных прафесій: выкладчыкі ўніверсітэтаў, настаўнікі, урачы, журналісты. Але ж большасць выпускнікоў працуе ў сельскай гаспадарцы, пераважна ў ААТ “Вуцеўскае”. Сёлета з 12 выпускнікоў трое залічаны ў Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, адзін паступіў на факультэт фізічнай культуры ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Астатнія ж звяжуць сваё жыццё з рамонтам аўтамабіляў і сельгастэхнікі, стануць цырульнікамі і прадаўцамі.

Галоўнае — не спецыяльнасць, якую выбраў малады чалавек, а тое, наколькі ён змог рэалізаваць свае здольнасці ў жыцці. Мне давялося быць дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу (2016), і ў складзе дэлегацыі ад Добрушскага раёна на сходзе прысутнічаў мой вучань Аляксандр Марфушкін — механізатар, чыё жыццё склалася вельмі ўдала. Гэта яшчэ раз даказвае, што не прафесія ці высокая пасада ўпрыгожваюць чалавека, а, наадварот, паспяховы чалавек стварае прэстыж і папулярнасць сваёй прафесіі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.