Да іх спяшаюцца нашы дзеці пасля ўрокаў, дзякуючы ім акунаюцца ў свет творчасці, з іх дапамогай і самі становяцца часткай гэтага цудоўнага свету. Гэта педагогі дадатковай адукацыі — людзі, якія выхоўваюць у дзецях любоў да прыгожага. Абласны агляд-конкурс “Педагог дадатковай адукацыі — 2016” сабраў выбітных прадстаўнікоў гэтай прафесіі, каб вызначыць лепшых, а таксама даць магчымасць педагогам абмяняцца ідэямі і вопытам.
Фінал абласнога агляду-конкурсу адбыўся ў Салігорску. Папярэдне ў кожным раёне Мінскай вобласці шукалі самых творчых, таленавітых і артыстычных педагогаў дадатковай адукацыі. 23 прадстаўнікі ўсіх раёнаў Міншчыны і Жодзіна бралі ўдзел у абласным спаборніцтве. Ім неабходна было пераадолець два этапы. На першы, завочны, этап удзельнікі прадаставілі адукацыйныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх вядуць заняткі, а таксама відэазапіс свайго майстар-класа. Азнаёміўшыся з гэтымі матэрыяламі, журы вызначыла дзясятку лепшых, якія працягнулі барацьбу ў фінале.
Фінал агляду-конкурсу адбыўся ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Канкурсантаў чакалі два выпрабаванні. Першае — правесці адкрытыя заняткі з незнаёмай групай дзяцей. Задача няпростая, але ўсе фіналісты з ёй справіліся добра. Прадуманымі да дробязей былі заняткі Аляксандра Мікалаевіча Скалабана, педагога дадатковай адукацыі Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна “Аўтамабілі Беларусі. Трасавы аўтамадэлізм як першая ступень прафесійнага самавызначэння навучэнца”. Аднойчы прыйшоўшы на заняткі да педагога, яго выхаванцы на многа гадоў застаюцца вернымі аўтамадэлізму, удзельнічаюць і перамагаюць у спаборніцтвах, разам з педагогам ствараюць і ўдасканальваюць трасу, многія менавіта з аўтамабілебудаваннем звязваюць у далейшым сваё прафесійнае жыццё. Аляксандр Мікалаевіч умее зацікавіць дзяцей, і гэта ён чарговы раз даказаў на конкурсных занятках.
“Паствараем трошачкі — намалюем кошачку” — з такім заклікам звярнулася да ўдзельнікаў сваіх заняткаў Кацярына Арзулаўна Кочава, педагог ЦТДіМ Чэрвеня, і прапанавала маляваць не на паперы, а на тварах. Малады педагог з лёгкасцю змагла наладзіць кантакт з аўдыторыяй і навучыць падлеткаў некаторым прыёмам бодзі-арту. На занятках навучэнцы не толькі малявалі, але і гулялі, спявалі, танцавалі, а ў выніку група дзяцей ператварылася ў групу кацянят.
Ліна Васільеўна Ківісцікава ў Цэнтры творчасці, турызму і экскурсій Жодзіна вядзе заняткі аб’яднання па інтарэсах “Медыясвет”. На конкурсных занятках дзеці з захапленнем слухалі педагога, бо яна прапанавала ім надзвычай актуальную тэму для абмеркавання “Інтэрнэт-монстры: фэйкі і тролі”. Разам яны вызначалі, хто яны такія, чым шкодзяць і як з імі змагацца.
З заняткаў удзельнікі ішлі з добрым настроем і сувенірамі, якія зрабілі з дапамогай педагогаў-канкурсантаў.
Завяршалі абласны агляд-конкурс выступленні канкурсантаў з самапрэзентацыямі “Знаёмцеся, гэта я!”.Журы і гледачы чакалі яркіх выступленняў ад прадстаўнікоў такой творчай прафесіі. І чакалі недарэмна. Аляксандр Мікалаевіч Скалабан не раз атрымліваў шквал апладысментаў, расказваючы аб дасягненнях сваіх выхаванцаў, пра Ірыну Мікалаеўну Пастухову, педагога ЦТДіМ Мінскага раёна, заспявалі прыпеўкі казачныя персанажы; рознакаляровую сімфонію свайго жыцця прадставіла педагог Любанскага ЦДТ Ірына Міхайлаўна Махвіеня. Вольга Андрэеўна Мацулька, педагог ЦТДіМ Смалявіцкага раёна, прызналася, што шчаслівая таму, што яе любімая справа стала работай, што плесці з саломкі ёй ніколі не надакучвае і што саломку яна бярэ з сабой усюды — у падарожжы і на адпачынак. Шмат цікавага расказалі і паказалі канкурсанты. Ірына Віктараўна Таратута, педагог ЦДТ Нясвіжскага раёна, прапанавала журы інтэрактыўную гульню. Прадстаўніца Дзяржынскага раёна Ала Алегаўна Балясава добра іграе на скрыпцы, свае ўменні яна перадала сваім траім дзецям. Яны выйшлі на сцэну падтрымаць маці і зайгралі сямейным квартэтам. Наталля Валянцінаўна Рыбачонак з Крупак расказала, што вядзе тое самае аб’яднанне па інтарэсах, у якім некалі займалася сама. Вось такая пераемнасць. Разам з Наталляй Валянцінаўнай на сцэну выйшлі яе навучэнцы ў вобразах абрадавых лялек, якіх яны ствараюць на занятках разам з педагогам.Па выніках конкурсных выпрабаванняў журы вызначыла пераможцу і лаўрэатаў абласнога агляду-конкурсу, якія прадставяць у верасні Мінскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Лаўрэатамі конкурсу сталі Ірына Віктараўна Таратута з Нясвіжа і Кацярына Арзулаўна Кочава з Чэрвеня. Пераможцай конкурсу стала Аксана Аляксандраўна Піхцерава, якая працуе ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці. Лідарства ў фінале яна захапіла адразу, правёўшы бездакорныя заняткі “Лялькі з бабулінага куфэрка”. Педагог паспела не толькі навучыць дзяцей ствараць ляльку “Вяснянка”, але і пазнаёміць іх са светам абрадавых лялек, расказаць цікавыя факты з гісторыі і культуры Беларусі, праверыць, як інфармацыя і новыя ўменні засвоены дзецьмі. Кожная хвіліна заняткаў была правільна выкарыстана, змястоўна напоўнена і метадычна выверана. Дзеці былі ў захапленні. Сваё лідарства Аксана Аляксандраўна пацвердзіла яскравым выступленнем: перад гледачамі разгарнулася неонавае шоу і панавалі яркія фарбы, а сама педагог аказалася вельмі артыстычнай і цудоўна трымалася на сцэне.
У Слуцкім ЦДТ Аксана Аляксандраўна вядзе заняткі ў аб’яднаннях “Чароўная шкатулка” і “Берагіня”. Таксама яна была кіраўніком тэатра моды, удзельнічала і была фіналісткай фестывалю-конкурсу “Млын моды”. Пераможца мае 21 год педагагічнага стажу. Аксана Аляксандраўна жартуе, што ўсё жыццё яе сканцэнтравана ў Цэнтры дзіцячай творчасці. У дзяцінстве яна наведвала мноства гурткоў Слуцкага дома піянераў, які пазней стаў Цэнтрам дзіцячай творчасці, а цяпер сама працуе тут і радуецца, што зноў і зноў іду ць сюды пасля школы дзеці з жаданнем тварыць, вучыцца новаму, спасцігаць таямніцы творчасці.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.