Гаспадыня “Беларускай хаткі”

- 9:00Людзі адукацыі

Выслоўе “Настаўнік — першы пасля Бога!” старое як свет, але ў нашай 35-й школе Гродна ўсе ўпэўнены, што яго аўтар — настаўніца беларускай мовы і літаратуры загадчыца музея “Беларуская хатка” Ірына Іванаўна Пачабыт. Запытайце ў яе, як трэба жыць, і яна дасць цікавы адказ: так, каб праца давала якасныя ўсходы, прыносіла задавальненне, тады і пытанне сэнсу жыцця адпадае само сабой.

Ірыне Іванаўне, напэўна, было наканавана лёсам самой вучыцца ўсё жыццё і вучыць іншых. Яна нарадзілася ў вёсцы Монтаўты Свіслацкага раёна. Атрымаўшы трывалыя веды ў школе, дзяўчына магла выбраць любую прафесію, але душа ляжала да свайго, роднага, беларускага. Таму Ірына Іванаўна вырашыла стаць настаўнікам роднай мовы і літаратуры. Паступіла на філалагічны факультэт тады яшчэ Гродзенскага педагагічнага інстытута.

Больш за 40 гадоў Ірына Іванаўна прысвяціла школе. Яна не любіць гаварыць пра свае ўзнагароды, але ў школе ўсе добра ведаюць яе заслугі. Ірына Іванаўна заўсёды імкнецца, каб у вучняў гарэў агеньчык ідэі, узнікалі пытанні, на якія хацелася б адказаць. Яна з задавальненнем займаецца з адоранымі дзецьмі: рыхтуе да прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый. Заўсёды працуе на высокі вынік.

“Сапраўдны настаўнік павінен быць адданы сваёй прафесіі, несці дзецям святло ведаў і святло сваёй душы, расці разам з імі і заўсёды адчуваць сябе маладым і энергічным”, — такі дэвіз Ірыны Іванаўны. Таму яна дзеліцца вопытам з калегамі, асабліва шчодра — з маладымі спецыялістамі, вядзе школу маладога настаўніка. Запрашалася лектарам на практычныя заняткі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі ГрАІРА па тэме “Дапрофільнае навучанне ў школе”.  

Ірына Іванаўна маладая душой, поўная сіл і энергіі. У яе, як і ў нашай славутай зямлячкі Цёткі, “жыццё — няспыннае гарэнне”. Дзякуючы энтузіязму і намаганням Ірыны Іванаўны, у нашай школе створаны этнаграфічны музей “Беларуская хатка”. Спачатку гэта быў невялікі пакой, але ў хуткім часе колькасць экспанатаў настолькі павялічылася, што пакой перарос у сапраўдны музей. Гаспадыня сардэчна запрашае ў госці вучняў не толькі нашай школы, але і навучальных устаноў горада, праводзіць тэматычна разнастайныя, з багатым зместам экскурсіі і ладзіць народныя святы. Вучні з вялікай цікавасцю знаёмяцца і бяруць удзел у такіх святах, як “Багач — свята збору ўраджаю”, “Саракі”, “Гуканне вясны”, Вялікдзень. А ў мінулым годзе перад Калядамі ў музеі з’явіўся лялечны тэатр “Батлейка”. Скрыня і лялькі для яе зроблены рукамі нашых настаўнікаў і вучняў пад кіраўніцтвам зноў жа Ірыны Іванаўны. Дзеці ахвотна займаюцца гэтым няпростым відам творчасці і з вялікім задавальненнем глядзяць незвычайныя спектаклі на біблейскія тэмы.

Ірыну Іванаўну любяць вучні, паважаюць бацькі, а яе энергіі, жыццёвай мудрасці, вопыту па-добраму зайздросцяць калегі. А калі на душы цяжка ад побытавых праблем, заўсёды ўспамінаеш словы гэтай мудрай жанчыны, сціскаеш волю ў кулак, хаваеш слёзы і з добрай усмешкай уваходзіш у клас, бо ты — “першы пасля Бога”.

Школа — гэта карабель, які плыве па моры ведаў, а кіраваць ім павінны вопытныя і смелыя “маракі” — настаўнікі. Хочацца, каб у самую значную на Зямлі прафесію заўсёды ішлі людзі не выпадковыя, а выбраныя Богам, па прызванні.

Людміла КАРАЛЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна.