Гаспадыня дадатковай адукацыі

- 10:34Людзі адукацыі

На пасадзе дырэктара Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Віктараўна Якіменка ўсяго 3 гады. Але за гэты невялікі перыяд яна зрабіла вельмі шмат, вывеўшы дадатковую адукацыю рэгіёна на новы ўзровень.

Сёння таленавітыя дзеці гомельскай зямлі ўсё часцей вяртаюцца з фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню з высокімі ўзнагародамі і перамогамі. Гэта гаворыць аб тым, што педагогі працуюць на вынік. Акрамя палаца, які штогод наведваюць каля паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, у падпарадкаванні Святланы Віктараўны амаль 40 устаноў дадатковай адукацыі ва ўсіх рэгіёнах вобласці. І яна паспявае ўдзяліць увагу кожнаму цэнтру, ведае пра іх дасягненні і клопаты, заўсёды дапамагае ў вырашэнні пытанняў. Гэта яе галоўнае правіла: працаваць у камандзе, рабіць усё разам, дапамагаць і падтрымліваць адно аднаго. Святлана Якіменка — дырэктар малады, але яна валодае ўсімі неабходнымі якасцямі добрага кіраўніка і мае вялікі аўтарытэт у падначаленых і калег. У дырэктара палаца, нягледзячы на ўзрост, ёсць добры вопыт як педагагічнай, так і адміністрацыйнай работы. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Святлана Віктараўна прыйшла працаваць настаўніцай беларускай мовы ў адну з гомельскіх школ, а ў хуткім часе была назначана на пасаду намесніка дырэктара. Апошнія гады працавала ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага аблвыканкама.
На абласной жнівеньскай нарадзе педагагічных работнікаў Гомельскаму дзяржаўнаму абласному палацу творчасці дзяцей і моладзі быў уручаны дыплом за 1 месца ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ў 2014/2015 навучальным годзе сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта і ёсць ацэнка дзейнасці як кіраўніка, так і ўсяго калектыву.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.