Гаспадыня лялечнай майстэрні

- 10:20Людзі адукацыі

Стварэнне аўтарскай лялькі — мяккай, рэалістычнай, мульцяшнай ці вязанай — гэта займальны, карпатлівы, а падчас нават ювелірны працэс. Ад заняткаў да заняткаў дзеці пагружаюцца ў працэс стварэння лялькі, пастаянна знаходзяцца ў творчым пошуку самых прыгожых, удалых і цікавых рашэнняў рэалізацыі сваёй задумы. Як дапамагчы ім стаць творцамі сапраўдных шэдэўраў, як навучыць атрымліваць задавальнне ад зносін з лялькай і ад уласнай працы, добра ведае Наталля Скранжэўская, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Лялечная майстэрня” Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна.

Усе ведаюць пра развіццёвыя функцыі цацак, і таму бацькі так ахвотна купляюць сваім дзецям розныя кубікі, канструктары, галаваломкі, а такія традыцыйныя цацкі, як лялькі, часта недаацэньваюць, лічаць, што яны толькі для малышоў. І мала хто ўсведамляе, што, пазбаўляючы дзіця зносін з лялькай, можна затармазіць яго развіццё. Таму што лялька мае асаблівыя функцыі ў развіцці псіхікі дзяцей.

Гэтую несправядлівасць ужо сем гадоў выпраўляе Наталля Дзмітрыеўна. Па асноўнай адукацыі яна настаўніца англійскай мовы і лялечніцай стала выпадкова. У 2008 годзе скончыла школу лялечнага дызайну пры Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. У адрозненне ад іншых сучасных курсаў, якія, як правіла, складаюцца з некалькіх майстар-класаў, яе заняткі тады доўжыліся цэлых паўгода.

У той час Наталля Скранжэўская жыла ў Мінску і пасля курсаў некалькі гадоў прысвяціла выключна стварэнню лялек. У яе руках іх нарадзіліся дзясяткі. Яна ладзіла аўтарскія выставы, вельмі шмат лялек прадавала, рабіла на заказ. Але, прызнаецца, найбольшую асалоду атрымлівае ад іх стварэння цяпер, калі вучыць свайму майстэрству дзяцей.

Калі пераехала жыць у аграгарадок, яе адразу запрасілі працаваць педагогам дадатковай адукацыі ў Гатаўскую сярэднюю школу, дзе яна і выкладала лялечную справу. І нават потым, калі вызвалілася вакансія настаўніка англійскай мовы, яна не пакінула лялек і стала сумяшчаць і ўрокі, і заняткі ў гуртках (акрамя “Лялечнай майстэрні”, шмат жадаючых займацца і ў яе аб’яднаннях “Чароўны клубок” і “Лепка” для пачатковай школы).

— У “Лялечную майстэрню” я адбіраю самых таленавітых дзяцей, якія ў мяне займаліся лепкай і якія маюць густ і дызайнерскую жылку. Сёння вялікі дэфіцыт “рукастых” дзяцей — тых, у якіх добра атрымліваецца карпатлівая ручная праца і якім гэта падабаецца. Але яны ёсць. Дзіця, якое арыентавана на ручную працу, відаць адразу, чым бы яно ні займалася. Таму такія таленты мы шукаем у школьных летніх лагерах, дзе прапаноўваем дзецям прыняць удзел у нашых майстар-класах. Схільнасці дзіцяці відаць ужо нават па тым, як яно выразае ці як трымае нажніцы. Не кажучы ўжо пра тое, што ніколі не будзе ісці разам з намі і з усім атрадам пакрокава, не адыходзячы ад узору: крэатыўнае дзіця абавязкова відазменіць сваю цацку, да­дасць ёй новыя дэталі, аздобіць блёсткамі ці інш. Вось чаму ў нас пасля майстар-класаў у летніках заўсёды на восень шмат навічкоў, — раскрывае сакрэты папулярнасці сваёй майстэрні Наталля Дзмітрыеўна.

Кожны яе навучэнец ведае, што, як толькі ён пачынае сваю работу, яго лялька пачынае сваё жыццё. І менавіта дзіця ажыўляе яе, дзеліцца з ёй цяплом сваіх рук, сваімі эмоцыямі. Таму ляльку можна рабіць толькі ў цудоўным настроі, каб яна атрымалася добрай, каб ад яе ішло цяпло. Нават праз гады дзеці захоўваюць сваіх лялек, вельмі трапятліва адносяцца да іх.

Не менш важны, на думку педагога, сам працэс стварэння:

— Падбіраючы для дзіцяці тэхніку стварэння лялькі, я прапаноўваю тыя, што будуць яму пад сілу, каб яно магло само ад пачатку да канца яе зрабіць. Бо, калі даць занадта складаную цацку, дзіця яе толькі пачне, а калі не будзе атрымлівацца, страціць да яе цікавасць. А не скончыць ляльку, кінуць яе незавершанай — апошняя справа. Таму з менш вопытнымі навучэнцамі мы бяром не надта складаных: Тыльду, гарбузагалоўкі і падобных. Стараюся выбіраць і тых лялек, якіх можна зрабіць з даступных матэрыялаў: з салёнага цеста, з пап’е-машэ. Сёння шмат і гатовых матэрыялаў, розных відаў пластыку. Мы ўсё гэта таксама выкарыстоўваем, толькі бяром тыя, якія застываюць на паветры, без печкі. Зараз назіраецца ўсеагульнае захапленне вязаннем цацак. У нас таксама вельмі палюбілі іх вязаць.

Лялечнік — гэта і кравец, і шавец, і швачка, і візажыст, і цырульнік, і скульптар, і інш. І ўсе гэтыя ўменні дзіця асвойвае пад кіраўніцтвам педагога і сваіх жа калег па лялечным цэху. У аб’яднанні рознаўзроставыя групы: старэйшыя дзеці, якія шмат чаму ўжо навучыліся, дапамагаюць малодшым дзецям і навічкам. Дзеці ладзяць і майстар-класы, дзеляцца сваімі ноу-хау, рэалізуюць свае праекты. На Новы год, напрыклад, засяроджваюць увагу на навагодніх цацках. Так, у мінулым годзе яны рэстаўрыравалі ватных Дзядоў Марозаў. Да святочнай выставы ў іх быў цэлы стэлаж вінтажных дзядуляў, дзе самы старэйшы — з 1960 года. Два гады запар у Гатаўскай сельскай бібліятэцы яны таксама рабілі выставы сваіх вырабаў. Да розных свят на базе школы ладзяць кірмашы, дзе прадаюць сваіх лялек. Іх купляюць і навучэнцы, і педагогі. Так гурткоўцы бачаць і матэрыяльную карысць ад ручной працы. Шмат работ ужо сталі прызёрамі і пераможцамі творчых конкурсаў.

Працягвае ствараць сваіх уласных лялек і сама Наталля Дзмітрыеўна. На адзін з апошніх конкурсаў — абласны этап рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці — паралельна з дзіцячай калектыўнай машынкай-арганайзерам яна прадставіла і сваю ляльку — вожыка-фатографа ў стылі стымпанк. Абедзве гэтыя работы сталі пераможцамі.

— Я свае работы адпраўляю толькі на раённы этап, зрэдку на абласны. На рэспубліканскі этап свае работы на аддаю, бо часта па правілах конкурсаў работы аўтарам не вяртаюцца, а мне шкада іх губляць. Лялькі для мяне даражэйшыя, чым дыпломы, — гаворыць педагог.

Дарэчы, часта лялькі становяцца вынікам даследчых работ гурткоўцаў, з якімі яны прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях. Так, у мінулым годзе работа была па тэме “Аўтарская лялька. Ці можа дзіця быць яе аўтарам?”. У гэтым годзе падчас даследавання “Адходы ў даходы, ці Цуды для людзей з непатрэбных рэчаў” юныя майстры высвятлялі, што можна зрабіць з другаснай сыравіны, праводзілі апытанне, ці гатовы людзі траціць грошы на прыгожую рэч, але фактычна са смецця. Як варыянт такой цацкі ўзнікла іх машынка-арганайзер, запчасткамі для якой сталі старая кабіна, гузікі, ключы і інш.

— У маёй справе самае галоўнае, каб гэта было цікава дзецям. Ідэя, вобраз лялькі павінны ісці ад дзіцяці, а не ад мяне. Толькі так дзецям будуць прыносіць задавальненне і самі лялькі, і працэс іх стварэння, — дзеліцца Н.Д.Скранжэўская.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ганны СТАРЫНЧЫК.