Гаспадыня тэхнічнай працы

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што гаспадаром школьных тэхнічных майстэрань павінен быць рукасты, дасціпны і гучнагалосы мужчына. Варта прыгледзецца ўважлівей, напрыклад, да таго, як арганізавана выкладанне тэхнічнай працы ў сярэдняй школе № 141 Мінска, — і гендарныя стэрэатыпы адступяць: пілаваць, габляваць і свідраваць тут вучыць прыгожая і сціплая жанчына — Таццяна Іосіфаўна Змачынская. Гледзячы на тое, як трапна ў яе гэта атрымліваецца, выпадковаму наведвальніку майстэрні застаецца толькі пераканацца, што шлях да хлапечых сэрцаў педагог праклала праз творчасць і цікаўнасць.

Свае школьныя ўрокі працы Таццяна Іосіфаўна ўспамінае з задавальненнем. Варта аддаць належнае настаўніку: у майстэрнях клас, у якім вучылася наша гераіня, гатовы быў праседжваць з ранку да ночы. Выбіраючы прафесію, яна кіравалася тым, што вельмі любіць дзяцей і прадмет, не задумваючыся, што хоча выкладаць працоўнае навучанне менавіта ў хлопцаў. Паступіла ў Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж на настаўніка працоўнага навучання і чарчэння. Усё вырашыла першая практыка, калі Таццяна трапіла ў слясарныя майстэрні. Тут з дзяўчынай здарылася прафесійная любоў на ўсё жыццё. Праз два гады вучобы яна атрымала разрад слесара, сталяра і швачкі. І нават перамагла ў конкурсе на званне лепшага слесара, з’яўляючыся адзінай дзяўчынай у гэтай намінацыі, якая спаборнічала на роўных з хлопцамі. Настаўніца і праз гады выдатна помніць конкурснае заданне, на якое адводзілася 4 гадзіны: патрабавалася вырабіць гайку-баранчык з квадратнага кавалка металу, выкарыстоўваючы толькі нажоўку і напільнік.

“Тэхнічная праца” — прадмет захапляльны! Згадзіцеся, дома я магу ў поўнай меры рэалізавацца як жанчына: шыць, вязаць, здзіўляць хатніх новымі стравамі, а мужчынскія справы поўнасцю пакінуць на мужа. А ў школе, у сваіх майстэрнях, магу заняцца зусім іншым відам дзейнасці і з задавальненнем навучыць гэтаму сваіх вучняў”, — сцвярджае настаўніца.

Праверка на “слабо”

Выдатны педагог перш за ўсё выдзяляецца здольнасцю будаваць добрыя зносіны з дзецьмі, уменнем улюбіць іх у прадмет. Таццяна Іосіфаўна прызнаецца: дома яе чакаюць дзве дачкі, таму работа з хлапечым калектывам ніколі не надакучвае. Само сабой узнікае пытанне: ці помніць настаўніца, як упершыню заходзіла ў школьныя майстэрні ў якасці педагога?

“Склалася так, што да мяне з маімі першымі вучнямі працаваў мужчына. Жанчына ў майстэрні, тым больш настаўніца, іх збянтэжыла. Адразу ўключылася насцярожанасць, пачалася славутая мужчынская праверка на “слабо”: дзеці па-свойму правяралі, што я ведаю, што ўмею. Але з самага пачатку я пачала гаварыць з імі кампетэнтна, выкарыстоўваючы тэхнічныя тэрміны, выпраўляючы іх адказы. Такім чынам і ўзняла свой рэйтынг, паступова заслугоўваючы хлапечую павагу. Яны пераканаліся, што хоць і жанчына, але прадмет ведае добра”, — з усмешкай расказвае Таццяна Іосіфаўна.

Уводзіны ў дарослае жыццё

Усё сваё прафесійнае жыццё Таццяна Іосіфаўна разбурае стэрэатыпы: спачатку — што жанчына не можа стаць удалай у тэхнічнай працы, пасля — што працоўнае навучанне з’яўляецца другарадным прадметам.

“Уводзіць у прадмет пачынаю з таго, што падкрэсліваю яго важнасць. Расказваю пяцікласнікам пра неабходнасць ручной працы: якую б прафесію ў жыцці вы ні выбралі, тое, што вы вывучыце на ўроках працоўнага навучання, у дарослым штодзённым жыцці абавязкова спатрэбіцца. Па вашых уменнях у гэтай галіне будуць судзіць аб тым, які вы гаспадар, — адзначае настаўніца. — У пачатковай школе на ўроках працоўнага навучання дзеці крыху вяжуць, крыху шыюць, працуюць з паперай і г.д. Але ад тэхнічнай працы ў традыцыйным яе разуменні пяцікласнікі прыходзяць зусім далёкія. З гэтага моманту для іх у маім прадмеце нібыта пачынаецца дарослае жыццё сапраўдных гаспадароў. Яны адразу сутыкаюцца з тым, якія бываюць інструменты, знаёмяцца з тэхналагічнымі аперацыямі, тэрміналогіяй, вывучаюць прыёмы работы з інструментам. На першых занятках уважліва слухаюць, пасля крыху смялеюць і пачынаюць сыпаць пытаннямі. Палюбіўшы прадмет, абураюцца наконт несправядлівасці размеркавання прадметных гадзін: “Чаму ў нас, пяцікласнікаў, адзін урок працоўнага навучання на тыдзень, а не два, як у 6 класе?” І сапраўды, паток новай інфармацыі, які трэба засвоіць пяцікласнікам падчас адзінага на тыдзень урока, вялізны, увесь гэты матэрыял у адну гадзіну ўкласці складана, але я стараюся знайсці магчымасці для гэтага”.

Заняткі педагога пачынаюцца з ацэнкі знешняга выгляду навучэнцаў, арганізацыі рабочага месца, якое павінна быць падрыхтавана да заняткаў і прыбрана пасля іх. Пяцікласнікам нялёгка даюцца першыя тэарэтычныя ўрокі, таму што мужчыны, хай сабе і маленькія, у сваёй дзейнасці практыка-арыентаваны і хутчэй ірвуцца да інструменту. Таццяне Іосіфаўне прыходзіцца іх спыняць, прывучаць да таго, што вывучэнне будзе весціся не хаатычна, а паступова. Шмат увагі педагог удзяляе таму, каб яе выхаванцы навучыліся правільнай, тэхнічнай мовай называць інструмент і тыя аперацыі, якія з дапамогай гэтага тэхнічнага сродку можна выканаць. Пасля юныя майстры працуюць над уменнем правільна яго трымаць.

Творчы пошук з практычным эфектам

Свае ўрокі Таццяна Іосіфаўна будуе такім чынам, каб на кожным з іх абавязкова прысутнічалі візуальныя аб’екты — нагляднасці, узоры працы. “Проста выконваць аперацыі на загатоўках хлопчыкам нецікава — трэба зыходзіць з сітуацыі, выбіраючы комплексныя аб’екты, на якіх навучэнцы адпрацуюць максімальную колькасць вывучаных тэхнічных прыёмаў. Заўважыла, вучням даспадобы, калі аб’ект працы мае не толькі мастацкае, але і практычнае значэнне. Так, з апошняга: вывучаючы работу з дротам, вырабляем з пяцікласнікамі падсвечнік — рэжам дрот, накручваем яго. Пасля таго як выраб будзе ацэнены, хлопцы забяруць падсвечнікі дадому. Часам навучэнцы самі падыходзяць да мяне з просьбамі-прапановамі: “У мамы дзень нараджэння, магчыма мы, Таццяна Іосіфаўна, зможам нешта цікавае зрабіць ёй у падарунак…” Ніколі не адмаўляю, бо жаданне працаваць сваімі рукамі — галоўная мэта майго прадмета. Адзін з сёлетніх 6-х класаў падабраўся вельмі працавіты: гатовы сядзець у майстэрнях увесь дзень. Часам, што вельмі каштоўна, працуюць выхаванцы і дома самастойна, а пасля прыносяць гатовыя вырабы на “экспертную ацэнку”. І гэта выдатна: хлопцаў з ранняга ўзросту варта прывучаць да таго, каб яны былі ў стане папрацаваць рукамі, падрамантаваць нешта, вырабіць падарунак”, — пераканана Таццяна Іосіфаўна.

Незвычайныя вырабы, якія потым стануць аб’ектамі працы на ўроку, настаўніца шукае ў інтэрнэце, абменьваецца цікавымі ідэямі на сустрэчах з калегамі горада (майстар-класах, павышэнні кваліфікацыі, гарадской школе падрыхтоўкі педагогаў і г.д.), стараецца фатаграфаваць тыя вырабы, якія ўражваюць, каб пасля на аснове гэтага вопыту прыдумаць нешта сваё. Ідэямі цікавых аб’ектаў ручной працы, якія асабліва ўдаюцца і падабаюцца школьнікам, дзеляцца калегі падчас сустрэч раённага метадычнага аб’яднання, якое ўзначальвае Таццяна Іосіфаўна Змачынская. Пасяджэнні метадычнага аб’яднання педагог плануе такім чынам, каб падчас кожнага з іх сваім практычным вопытам дзяліліся педагог са стажам і навічок у прафесіі. Кожны ўносіць свой уклад у метадычную скарбонку настаўнікаў раёна.

Падрыхтоўка да алімпіяды

“Многім здаецца, што працоўнае навучанне — прадмет немудрагелісты. Але калі паглыбішся ў яго, то адразу зразумееш, што тэхнічная праца ўключае ў сябе веды і па фізіцы, і па матэматыцы, і па чарчэнні, нават па біялогіі і хіміі. Удзельніку алімпіяды трэба быць добра падкаваным у гэтых прадметах: умець абыходзіцца з формуламі, рашаць задачы, ведаць, як паводзяць сябе тыя ці іншыя механізмы, матэрыялы. Часам вучань стараецца, рука ў яго цвёрдая, спрытная, але крыху не хапае ведаў па іншых школьных дысцыплінах — і агульная карцінка алімпіядніка ўжо не складваецца, — расказвае Т.І.Змачынская. — Фактычна ўжо з 5 класа выкладаю хлопцам на ўроках працоўнага навучання азы чарчэння, хоць сам прадмет у вучэбнай сетцы з’явіцца толькі ў 9 класе. Так, зараз па праграме работа з дротам. Каб набыць пэўныя навыкі ў апрацоўцы металу, вучні павінны арыентавацца ў графічным яго ўяўленні: умець афармляць чарцяжы, ведаць, як абазначаюцца на ім тыя ці іншыя матэрыялы, вызначаць маштаб. З алімпіяднікамі ахопліваем не азы, а праходзім увесь школьны курс па гэтым прадмеце.

Не саромеюся звярнуцца з асобнымі пытаннямі па матэматыцы, фізіцы, якія сустракаюцца ў алімпіядных заданнях па тэхнічным навучанні і выклікаюць цяжкасці тлумачэння, да калег, якія выкладаюць у школе гэтыя прадметы. Шчыра кажучы, да работы далучаю і бацькоў, таму што многія з іх першапачаткова ставяцца да ўдзелу іх дзіцяці ў алімпіядзе па працоўным навучанні скептычна, але, убачыўшы аб’ём ведаў, які прыходзіцца засвойваць алімпіядніку, актыўна падключаюцца да падрыхтоўкі”.

Да заданняў практычнага алімпіяднага тура вучні Таццяны Іосіфаўны рыхтуюцца не толькі пад кіраўніцтвам настаўніцы, але і ў школе падрыхтоўкі да алімпіяды па працоўным навучанні, якая дзейнічае на базе сярэдняй школы № 26. Там з хлопцамі займаецца педагог Васіль Георгіевіч Фурсевіч. Такая зладжаная работа настаўніцы і яе калег, а таксама бацькоў дае вынікі. Сёлета вучань 8 класа атрымаў на гарадскім туры прадметнай алімпіяды дыплом III ступені, як рэзервовы ўдзельнік выйшаў на заключны этап спаборніцтваў.
“Удзельнікі алімпіяды па працоўным навучанні з 7 па 11 клас пастаўлены ў аднолькавыя ўмовы: усе, нягледзячы на ўзрост, выконваюць адныя і тыя ж заданні. Перад настаўнікам, які займаецца з алімпіяднікам, стаіць нялёгкая задача: падрыхтаваць сямікласніка (васьмікласніка) так, каб псіхалагічна на алімпіядзе яму было камфортна, каб ён адчуваў сябе не горш за іншых, больш старэйшых і вопытных удзельнікаў. Таму падчас падрыхтоўкі другараднага няма: усё галоўнае — і цвёрдая рука, і грунтоўныя веды, і псіхалагічны настрой”, — лічыць настаўніца.

Чарчэнне пачынаецца з працоўнага навучання

Таццяна Іосіфаўна выкладае ў школе яшчэ і прадмет “Чарчэнне”. Школьны курс па гэтым прадмеце вельмі сціснуты па тэрмінах: у 9 класе школьнікі павінны вывучыць той аб’ём інфармацыі, на які раней адводзілася два, а пасля — паўтара года. “Паспяховасць такога сціснутага вывучэння прадмета будуецца на тым, як дзевяцікласнікі вывучаць праекцыі. Яшчэ адзін важны момант — веданне пазначэння ліній. Калі лініі няправільна пазначыць, чарцёж чытаецца зусім інакш, узнікаюць цяжкасці ў выкананні вырабу, — адзначае настаўніца. — Час ад часу нагадваю вучням 5—8 класаў: калі вы будзеце ўважлівымі на ўроках працоўнага навучання, чарчэнне ў 9 класе будзе давацца вам лягчэй. І гэта сапраўды так. Напрыклад, з тымі ж зборачнымі чарцяжамі хлопцы першапачаткова знаёмяцца на працоўным навучанні, вывучаючы раздымныя і нераздымныя злучэнні, таму да вывучэння чарчэння падыходзяць ужо з пэўнымі базавымі навыкамі. У гэтым плане больш складана прадмет даецца дзяўчынкам — тэхнічныя моманты на абслуговай працы яны не вывучаюць”.

На сваім месцы

Любы настаўнік тэхнічнай працы пагодзіцца, што гэты школьны прадмет з’яўляецца даволі затратным: і абсталяванне майстэрань зношваецца, і загатоўкі патрэбны новыя. Але школьная адміністрацыя стварае ўсе ўмовы для таго, каб можна было планаваць сваю педагагічную дзейнасць без аглядкі на тэхнічныя праблемы.

“Таццяна Іосіфаўна працуе ў нашым калектыве больш за 13 гадоў, — з задавальненнем расказвае пра свайго педагога дырэктар сярэдняй школы № 141 Зінаіда Канстанцінаўна Гардзяюк. — І хоць прыйшла яна ў школу настаўнікам тэхнічнай працы і чарчэння, нейкі час ёй давялося працаваць і з дзяўчынкамі, выкладаючы абслуговую працу. Першы час я прыглядалася і заўважала: дзе б гэты педагог ні працаваў, адчуваецца, што знаходзіцца яна на сваім месцы. Выдатна будуе адносіны з дзецьмі, з калегамі, умее ўлюбіць у свой прадмет самых гарэзлівых хлопчыкаў, ні адно школьнае мерапрыемства, конкурс не абыходзіцца без яе вучняў, навучэнцы Таццяны Іосіфаўны займаюць высокія месцы на раённым і гарадскім турах прадметнай алімпіяды. Шчыра прызнаюся, калі прымала настаўніцу на работу, скептычна аднеслася да таго, што выкладчыкам тэхнічнай працы ў маім калектыве будзе жанчына. Усё ж стэрэатып, што на гэтым месцы павінен быць мужчына, з’явіўся не сам па сабе: у любой школе на мужчынскія плечы выкладчыка тэхнічнай працы кладуцца і нейкія абавязкі па гаспадарцы — падрамантаваць нешта ў школе ці замяніць. Але Таццяна Іосіфаўна хутка даказала, што ўмее рабіць усё — і мэблю падрамантаваць, і кветнік на тэрыторыі школы арганізаваць”.

Па меркаванні настаўніцы, прадмет “Працоўнае навучанне” ўніверсальны. Па-першае, ён дазваляе адпачыць, а ўсім вядома, што лепшы адпачынак — змена віду дзейнасці. Школьнікі, некалькі гадзін запар занятыя на іншых уроках выключна разумовай дзейнасцю, падчас тэхнічнай працы працуюць рукамі, шмат рухаюцца. Па-другое, працоўнае навучанне немагчыма без творчага складніка, што выдатна развівае дзіця, раскрывае яго здольнасці. Нарэшце, гэта жыццёвы прадмет — як бы ваша далейшае жыццё ні склалася і якую б прафесію вы ні выбралі, працаваць рукамі і паказваць свае навыкі сапраўднага гаспадара вам дакладна давядзецца.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.