Гаспарэ МАНАС: “Мне сказалі: “Не будзь ідыётам!” І я стаў мастаком…”

- 11:15Культура
У Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава італьянскага мастака, графіка і скульптара, аднаго з самых рэйтынгавых творцаў на сучасным сусветным арт-рынку Гаспарэ Манаса “Гаспарэ Манас: Партрэты буйным планам”. Беларускія аматары мастацтва атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з творчасцю майстра, работы якога выстаўляюцца ў самых прэстыжных галерэях свету (такіх, як MOMA, Tate Modern, Gagosian і інш.), набываюцца самымі спрактыкаванымі калекцыянерамі па ўсім свеце за дзясяткі тысяч долараў, а галоўнае — фарміруюць уяўленне пра самыя актуальныя працэсы сучаснага мастацтва.

 

Звяртаюць на сябе ўвагу многія акалічнасці жыццёвага шляху гэтага мастака. (Дарэчы, у 2013 годзе ў Нью-Ёрку пабачыла свет біяграфічная кніга пра Гаспарэ і выйшаў поўнаметражны фільм, прысвечаны яго жыццю і творчасці, а яму сёння ўсяго толькі 45.) Гаспарэ Аўгуста Манас нарадзіўся ў Бангкоку ў Тайландзе ў сям’і дыпламата місіі ААН. Потым з пяці да пятнаццаці гадоў жыў у Кеніі. Бясконцыя вандроўкі разам з бацькамі па Азіі і Афрыцы па-свойму адклаліся ў юначай душы, абвастрыўшы ў ёй асаблівыя адчуванні ад перамены месцаў і знаёмства з новымі гарадамі, што пазней знайшло свой непаўторны водгук у яго сталым мастацтве. Потым былі Жэнева, Афіны, Кембрыдж, Лондан… Увесь гэты час Гаспарэ, зразумела, набываў адукацыю (спасцігаў эканамічныя навукі, архітэктуру, міфалогію, анатомію і, вядома, мастацтва), вывучаў самыя розныя мовы (ад тайскай і суахілі, адпаведна, у Тайландзе і Кеніі да французскай, англійскай, грэчаскай у Еўропе) і маляваў. Проста так, асабліва не напружваючыся і не думаючы пра вынікі.
А потым… А потым у Лондане быў лёсавызначальны выпадак у яго жыцці, пра які Гаспарэ любіць расказваць журналістам. Прадстаўнікі беларускіх медыя на прэс-канферэнцыі з мастаком таксама пачулі гэтую гісторыю. Неяк гадоў дваццаць назад, калі Гаспарэ працаваў над доктарскай дысертацыяй па эканоміцы, ён любіў наведваць адну лонданскую кавярню, паціху піць там капучына і прадумваць далейшы план дысертацыі, а паралельна раз-пораз глядзець у акно і рабіць замалёўкі Лондана. Штораз за суседнім столікам сядзеў адзін пажылы мужчына і цішком назіраў за Гаспарэ. Аднойчы, убачыўшы Гаспарэ за ўлюбёным двайным заняткам, той стары не вытрываў і кінуў маладому суседу: “Паслухай, ды не будзь ты ідыётам! Пакінь усё і малюй! Будзь самім сабой!” На што Гаспарэ адказаў: “Ды што вы ведаеце пра мастацтва? Чаму вы так гаворыце?” Як высветлілася крыху пазней, тым старым быў Люсьен Фройд, адзін з самых значных мастакоў ХХ стагоддзя. “Тая сустрэча з Фройдам зрабіла на мяне быццам бы эфект матылька — калі самае нязначнае ўздзеянне выклікае незваротныя змены ва ўсёй сістэме. Я паслухаўся тады Фройда. Кінуў усё. І з таго часу займаюся выключна мастацтвам”, — сказаў у Мінску Гаспарэ.
Тут трэба заўважыць, што наогул у сусветнай мастацкай прасторы Гаспарэ Манас больш вядомы і пазнавальны як мастак-урбаніст (тут якраз адгукнуліся яго шматлікія вандроўкі ў дзяцінстве і вывучэнне архітэктуры). “Для мяне пазнаёміцца з новым горадам — быццам закахацца, — прызнаўся мастак беларускай публіцы. — Гэтак жа атрымалася і з Мінскам. Я закахаўся ў вашу сталіцу”.
Але тым больш пашанцавала мінскім гледачам убачыць менавіта партрэты Манаса, сабраныя ў адной экспазіцыі і ў такой вялікай колькасці ўпершыню менавіта ў Мінску. (Гэтыя партрэты яшчэ не выходзілі за межы прыватных калекцый, а зладзіць выставу партрэтаў у беларускай сталіцы мастака ўгаварыла яго даўняя знаёмая беларуска — мастацтвазнаўца Вольга Кліп. Яна ж, натуральна, з’яўляецца і куратарам выставы.)
Паводле слоў мастака, калі раней яго цікавілі выключна вынікі дзейнасці чалавека, найперш гарады, то ў нейкі момант яго ўвага перакінулася і на самога чалавека (“малюска ў ракавіне”). Гэта адбылося тады, калі ў 1999 годзе ў Гаспарэ з’явілася першае дзіця — дзяўчынка Софія (сёння ў яго трое дзяцей — Софія, Джулія і Орса-Аўгуста). “Дзеці сталі як быццам маім адлюстраваннем. Сталеў я, а разам са мной сталелі і яны. Я ўсё больш разумеў, што павінен зафіксаваць час як ісціну, якая штохвіліны выслізгвае з рук і з погляду”.
Што тычыцца партрэтаў вядомых людзей, то Гаспарэ тут стараецца быць шчырым: “Я пішу іх партрэты не таму, што яны вядомыя ці багатыя. Усе яны асобы, лідары кожны ў сваёй сферы, смелыя па сваёй прыродзе людзі”.
З цягам часу ў Гаспарэ Манаса выкрышталізавалася і свая ўнікальная тэорыя стварэння партрэта чалавека: “Гэта як быццам распрананне чалавека, які не хоча распранацца. Партрэты павінны быць інтымнымі, яны павінны вельмі непакоіць таго, каго ты партрэтуеш, таго, хто бачыць, што іх цела і душу выстаўляюць напаказ публіцы”. Так Гаспарэ Манас “распрануў” многіх дзеячаў сусветнай палітыкі, эканомікі, кінаіндустрыі і шоу-бізнесу (Барака Абаму, Нэльсана Мандэлу, Квенціна Таранціну, Дэвіда Боўі, Міка Джагера, Вудзі Алена, Біла Гейтса, Джорджа Сораса і інш.). Партрэты пэндзля Гаспарэ Манаса вельмі пазнавальныя: з перанасычанасцю вертыкальных ліній (водгалас урбанізму мастака), са своеасаблівай фрагментацыяй, з акцэнтамі на пэўнай частцы твару або галавы (на выставе амаль не знойдзеш “неабрэзаных” па нейкай лініі партрэтаў), з таемнай глыбінёй колераў…
І ўсё-такі, хто ён па сваёй сутнасці, прызнаны ў свеце мастак ХХІ стагоддзя? Што галоўнае для яго ў жыцці і мастацтве? “З якога смецця”, кажучы словамі Ахматавай, вырастае яго поспех?
Наш карэспандэнт спытаў у Гаспарэ Манаса: “Спадар Манас, сёння часта можна пачуць думку пра тое, што галоўнае для мастака — мець нейкую ідэю, праект, а ўсё астатняе, у тым ліку тэхніка малявання, не мае асаблівага значэння. У вашай творчасці відавочныя і ідэя, і бездакорная тэхніка. Вам проста пашчасціла знайсці такую “залатую сярэдзіну”?”
“Так, я, безумоўна, шчасліўчык па жыцці. Мне заўсёды шчасціць апынуцца ў патрэбным месцы і ў патрэбны час, як гэта здарылася аднойчы з Люсьенам Фройдам і потым здаралася яшчэ не раз, калі я знаёміўся з вядомымі людзьмі. Але калі сур’ёзна, то неабходна мець і ідэю, тое нешта, што ты хочаш сказаць гледачу, і тэхніку. Калі ты не мастак, то ніякія мастацкія школы табе не дапамогуць. А з другога боку, калі ты не будзеш вучыцца, то ніякую ідэю не зможаш данесці людзям. Мастацкая мова — гэта вельмі складаная рэч, але ў прынцыпе яна зводзіцца да колеру і лініі. Гэта як каліграфія. Каліграфіст вучыцца восемдзесят гадоў па дванаццаць гадзін у суткі, і толькі потым піша свой выбітны ўнікальны сказ. Тое ж самае і ў выяўленчым мастацтве. Іншая справа, што ў мастацкіх школах усё залежыць ад педагога. Ён павінен ведаць, што трэба навучыць вучня тэхніцы і своечасова адысці ўбок, каб даць яму свабоду. Гэта тое самае, як і з дзецьмі. Мы, бацькі, да пэўнага часу вучым сваіх дзяцей, гаворым пра тое, што добра і што дрэнна. А потым ціхенька адыходзім ад іх, каб не перашкаджаць. Калі хочам ім дабра, калі хочам, каб яны знайшлі сябе і рэалізаваліся”.
Гаспарэ Манас лічыць і даказвае гэта сваёй выставай: “Фігуратыўнае мастацтва не мёртвае, нягледзячы на перакананні многіх сучасных арт-куратараў. Малюнак і партрэт усё яшчэ з’яўляюцца неабходнымі складнікамі мастацтва сёння, як гэта было раней. Давайце радавацца гэтаму, нават калі нас цікавіць пашырэнне рамак эстэтычнага да немагчымых межаў. Нам неабходна нагадваць пра тое, што мастацтва зыходзіць з нашай патрэбы быць больш адчувальнымі да таго, кім мы з’яўляемся”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.