Гастролі інклюзіўнага тэатра

Выхаванцы Салігорскага раённага ЦКРНіР — сапраўдныя артысты. Яны развучваюць ролі, выходзяць на сцэну і нават гастралююць. А нядаўна гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі дарылі сваю творчасць педагогам і студэнтам БДПУ імя Максіма Танка.

Сустрэча адбылася ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Падчас размовы з будучымі педагогамі дырэктар Салігорскага раённага ЦКРНіР Марына Антонаўна Кобер расказала, што ў цэнтры рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў праз арганізацыю валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзае­мадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў”. У рамках праекта ў цэнтры дзейнічае інклюзіўны тэатр, у якім разам займаюцца дзеці з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця і іх аднагодкі, што развіваюцца тыпова. Такія творчыя заняткі станоўча ўплываюць на ўсіх. У дзяцей з АПФР развіваецца маўленне, удасканальваюцца рухальныя ўменні і навыкі камунікацыі. Звычайныя дзеці, якія ўзаемадзейнічаюць з імі, вучацца талерантнасці і прапагандуюць яе ў грамадстве. Студэнты педуніверсітэта ўбачылі ўсё гэта сваімі вачамі падчас выступлення тэатра: дзеці паказвалі казку “Гусі-лебедзі”. Ролі ў пастаноўцы выконвалі выхаванцы карэкцыйнага цэнтра і ясляў-сада № 19 Салігорска.

— Гэтая сустрэча мае вялікае значэнне для абодвух бакоў, — лічыць М.А.Кобер. — Для нашых выхаванцаў вельмі важна дэманстраваць свае дасягненні і адчуваць цеплыню і дабрыню, якія ім дораць гледачы. А будучым педагогам, якія ў хуткім часе пачнуць працаваць у сферы спецыяльнай адукацыі, карысна бачыць, наколькі важнай з’яўляецца работа, што іх чакае. Яны пераканаліся: якасць жыцця гэтых дзяцей — у іх руках. Калі педагогі будуць кампетэнтнымі прафесіяналамі і будуць працаваць старанна і творча, то змогуць забяспечыць дзецям з асаблівасцямі развіцця яркае, цудоўнае жыццё.

Студэнты падарылі сваім гасцям гучныя апладысменты, уручылі салодкія падарункі і выказалі надзею на новыя сустрэчы. І яны абавязкова будуць, таму што на мерапрыемстве былі абазначаны перспектывы далейшага супрацоўніцтва педуніверсітэта і Салігорскага раённага ЦКРНіР.

Дар’я РЭВА.
Фота Салігорскага раённага ЦКРНіР.