На II Еўрагульнях у Мінску чакаюць каля 30 тысяч замежных турыстаў.
Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Анатоль Котаў у час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА.
“Паводле нашай даволі сціплай ацэнкі, зробленай сумесна з Мінспорту і турызму з улікам беларускага вопыту чэмпіянату свету па хакеі і вопыту Баку, не менш як 30 тысяч замежных турыстаў прыедуць у Мінск у час Еўрагульняў, каб пахварэць за сваіх спартсменаў, пазнаёміцца са сталіцай, — расказаў Анатоль Котаў. — Гэтая лічба з вельмі вялікай агаворкай, паколькі Баку далёка, толькі пералёт туды быў даволі дарагім. У нашым выпадку чакаецца значна больш турыстаў”.
Пры гэтым намеснік дырэктара фонду адзначыў, што 30 тысяч гасцей змогуць спакойна размясціцца ў жылым фондзе Мінска і Мінскага раёна. “Шматлікія балельшчыкі, якія прыязджаюць на такія мерапрыемствы, не спыняюцца ў фешэнебельных атэлях і нават на здымных кватэрах. Многія прыязджаюць са сваімі палаткамі. Ёсць асобны рух караванераў. Увогуле, усе нашы разлікі паказваюць, што мы можам размясціць усіх, хто да нас прыедзе ў 2019 годзе. Хацелася б, каб іх было больш”, — падкрэсліў ён.
Анатоль Котаў таксама праінфармаваў, што на Еўрапейскія гульні ў Мінск у 2019 годзе прыедзе каля 10 тысяч гасцей, якія будуць мець непасрэдныя адносіны да мерапрыемства: 4 тысячы спартсменаў, 2 тысячы суддзяў, 1 тысяча прадстаўнікоў прэсы, 3 тысячы афіцыйных асоб еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, VIP-персоны, абслуговы персанал.
“Калі гаварыць пра спартсменаў і трэнераў, то мы іх рассяляем у студэнцкай вёсцы, дзе ёсць дастатковая колькасць жылога фонду. Суддзі будуць жыць у гасцініцах, размешчаных паблізу спартыўных аб’ектаў. Усё будзе прывязана да спаборніцтваў, якія яны будуць судзіць, і для таго, каб не трэба было задзейнічаць дадатковы транспарт. Фактычна гэта 2—3 мінуты пяшком, што вельмі зручна, — расказаў ён. — VIP-госці будуць расселены ў лепшых гасцініцах Мінска. Асноўнай штаб-кватэрай Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў стане комплекс гасцініцы Marriott, паколькі там умовы даюць магчымасць размясціць і штаб-кватэру, і зону гасціннасці. Гэта “Фалькон-клуб”, які знаходзіцца блізка ад гэтага комплексу. Увогуле, усё даволі кампактна”.
Надзея КРАЎЧУК.