Гасцінная зямля

- 9:05Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Як маладому педагогу развіваць свае лідарскія здольнасці? Адказ на гэтае пытанне ведае загадчыца аддзялення экскурсійна­-краязнаўчай работы Цэнтра дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна Яўгенія Ігараўна Юхо.

Калі адказаць на вышэй пастаўленае пытанне коратка, то трэба проста любіць родную зямлю і справу свайго жыцця. Яўгенія Ігараўна — ураджэнка старажытнага і слаўнага сваёй гісторыяй Нясвіжа Мінскай вобласці. Тут у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа ў 2014 годзе яна вучылася па спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Сюды ж вярнулася на працу пасля атрымання вышэйшай адукацыі па той жа спецыяльнасці ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. 

— У Цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна працую 4 гады, — расказвае Яўгенія Ігараўна. — Як педагог дадатковай адукацыі праводжу заняткі для навучэнцаў па двух напрамках: ту­рызм і краязнаўства, экалогія. Мая работа ў цэнтры — гэта правядзенне экскурсій па горадзе, парку, касцёле для экскурсійных груп і навучэнцаў. Таксама займаюся распрацоўкай і арганізацыяй квестаў, правядзеннем раённых турыстычных мерапрыемстваў для навучэнцаў горада і раёна. А яшчэ аддзел, у якім я працую, ажыццяўляе правядзенне раённых этапаў абласных конкурсаў турысцка-краязнаўчай накіраванасці.

У 2019 годзе Яўгенія Ігараўна Юхо атрымала званне “Малады лідар Міншчыны”. На абласны конкурс яна прадставіла праект тэматычнай экскурсіі па Нясвіжы, накіраваны на развіццё ўнутранага турызму ў рэгіёне. На думку педагога, прапанаваная квест-экскурсія цікавая як для жыхароў Нясвіжа, так і для гасцей горада, якія хочуць спазнаць горад у форме гульні. Вынікі даследаванняў у рамках праекта, апытанні, вопыт выкарыстання квест-экскурсій у Беларусі былі прадстаўлены на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, а гатовы турыстычны прадукт быў рэалізаваны ў Цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. 

Акрамя перамогі ў абласным конкурсе “Малады лідар Міншчыны” (у сферы навуковай дзейнасці), у скарбонцы маладога педагога — дыплом І ступені на Міжнародным конкурсе праектна-даследчых работ “ПРЫЗМА” (анімацыйны праект “Нясвіж — гасцінны двор”), 3-я прэмія XXV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.  

Мы пазнаёміліся з Яўгеніяй Ігараўнай якраз падчас адной з экскурсій па Нясвіжы. Педагог падрабязна расказала аб сваёй распрацоўцы. “Праект тэматычнай экскурсіі па Нясвіжы” складаецца з дзвюх частак. Спачатку быў разгледжаны вопыт выкарыстання турыстычных інавацый у экскурсійнай справе на прыкла­дзе еўрапейскіх краін, а таксама вопыт стварэння і правядзення квест-экскурсій у музеях і гарадах. На аснове вывучэння патрэб шырокай мэтавай групы былі вылучаны ключавыя напрамкі развіцця турыстычнай прапановы Нясвіжа, у першую чаргу, стварэнне і прасоўванне новага прадукту, арыентаванага на больш працяглае знаёмства турыстаў з гарадскімі славутасцямі.

Практычным вынікам праекта стала распрацоўка маршруту, сцэнарыя і тэхналагічнай карты квест-экскурсіі. Быў створаны вытворчы і маркетынгавы план новай анімацыйнай квест-экскурсіі па горадзе. Гэта дало магчымасць павялі­чыць працягласць знаходжання турыстаў у Нясвіжы, уцягнуць у актыўны экскурсійны абарот шэраг архітэктурных і гістарычных помнікаў.

Анімацыйная квест-экскурсія па Нясвіжы ўключае ў сябе праходжанне маршруту, у які ўваходзяць 7 тэатральных пляцовак, а на кожнай станцыі ўдзель­нікаў чакаюць гістарычныя персанажы. Яны знаёмяць з гісторыяй горада, а таксама прапаноўваюць заданні.

У парку арганізаваны 2 тэматычныя пляцоўкі. На спартыўнай паляне дзейнічае школа рыцараў, дзе ўдзельнікі квеста могуць акунуцца ў працэс падрыхтоўкі і правядзення рыцарскіх паядынкаў. На выставачнай паляне арганізаваны майстар-клас рамеснікаў. У залежнасці ад складу групы і сезона тэматычныя пляцоўкі мо­гуць мяняцца.

— У будучыні планую займацца даследчай работай з навучэнцамі ўжо як кіраўнік, а не аўтар праектаў, — дзеліцца планамі малады педагог. — Думаю аб праектах у сферы турызму, магчыма, спартыўнага ці воднага, а таксама аб валанцёрскіх экскурсійных летніках. 

Галоўным поспехам у прафесіі Яўгенія Ігараўна лічыць уключэнне ў банк даных адоранай моладзі як вынік сваёй навуковай і даследчай дзейнасці. А яшчэ яна марыць атрымаць перамогу ў Рэспубліканскім турыстычным конкурсе “Пазнай Беларусь” у дзвюх намінацыях — “Экскурсавод года” і “Я пазнаю Беларусь”. 

— Я ўжо прымала ўдзел у гэтым конкурсе, але толькі ў намінацыі “Я пазнаю Беларусь”, і, на жаль, пакуль перамагчы мне не ўдалося. Па ўмовах ўдзелу ў гэтай намінацыі, неабходна наведаць славутасці Беларусі і зрабіць фота­здымкі на іх фоне. Кожны год мяняецца пералік славутасцей, усяго ў спісе больш за 300 аб’ектаў. Я люблю падарожнічаць па Беларусі, таму спа­дзяюся ўбачыць як мага больш славутасцей і наведаць усе гарады Беларусі. У намінацыі “Экскурсавод года” пераможцу вызначаюць па найбольшай колькасці праве­дзеных экскурсій на працягу года. Спадзяюся, што калі-не­будзь я падам заяўку на ўдзел у гэтай намінацыі, — дзеліцца Яўгенія Ігараўна Юхо.

Яшчэ ў планах маладога педагога — удзел у фэсце экскурсаводаў. Апошні раз такое мерапрыемства ладзілася ў 2019 годзе. У 2020-м быў сфарміраваны спіс экскурсій, Я.І.Юхо таксама заяўляла сваю экскурсію па Нясвіжскім парку, але фэст адмянілі з-за пачатку пандэміі. Яўгенія Ігараўна спадзяецца, што фэст экскурсаводаў у хуткім часе адновіцца.

Родная зямля заўжды падтрымлівае, дае сілы, акрыляе. Думаецца, у нашай гераіні наперадзе безліч паспяховых турыстычных маршрутаў, бо, у рэшце рэшт, для кожнага з нас родная зямля — не толькі куточак, дзе нарадзіўся і вырас, але і ўся Беларусь.

Наталля КАСТЭНКА.
Фото Алега ІГНАТОВІЧА.