Гатоўнасць да школы: што гэта?

Два разы на працягу навучальнага года я праводжу дыягностыку гатоўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту да навучання ў школе. Абследаванне праводзіцца з абавязковай згоды бацькоў у пачатку года (кастрычнік — лістапад) і ў канцы года (красавік — май). Вынікі псіхадыягнастычнага даследавання запісваю ў спецыяльны пратакол.

На аснове атрыманых вынікаў першаснай дыягностыкі (кастрычнік — лістапад) складаю рэкамендацыі для выхавальнікаў груп з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы з дзецьмі. Па жаданні бацькоў знаёмлю з вынікамі дыягностыкі. Наступны этап маёй работы — планаванне карэкцыйна-развіццёвых заняткаў з дзецьмі, якія могуць праходзіць як у групах, так і індывідуальна. На апошнім этапе праводжу паўторную дыягностыку гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе, пасля чаго фармірую псіхалагічнае заключэнне (гэтая інфармацыя ўлічваецца ў далейшым, калі дзіця прыходзіць у школу).

Гатоўнасць да школы ўключае фізічныя, псіхалагічныя, інтэлектуальныя і сацыяльныя паказчыкі. Псіхалагічная гатоўнасць дзіцяці да навучання — гэта прыняцце ім пэўнай сістэмы патрабаванняў, якая прад’яўляецца ў школе настаўнікамі, паспяховае авалоданне вучэбнай дзейнасцю, новымі сацыяльнымі ролямі. Псіхалагічная гатоўнасць да школы, перш за ўсё, матывацыйная гатоўнасць, прадугледжвае зацікаўленасць у пазнавальнай дзейнасці, прыняцце правіл паводзін у школе, распарадку дня. Адно з распаўсюджаных памылковых меркаванняў — прыраўноўваць жаданне пайсці ў школу да жадання вучыцца. Многія дзеці хочуць у школу толькі таму, што іх сябры і аднагодкі туды ідуць, а яшчэ яны атрымаюць новую форму, розныя прылады, але галоўнае, канечне ж, прыгожы яркі партфель. Як жа быць? Неабходна выхоўваць у дзецях цікавасць да атрымання ведаў, на яркіх прыкладах паказваць важнасць навучання ў школе, важнасць выканання распарадку дня і г.д. Часта адсутнасць матывацыі да навучання ў школе — гэта вынік няправільных паводзін бацькоў у зносінах з дзецьмі, выказванне негатывізму ў адрас школы, настаўніка. Таксама ні ў якім выпадку нелька “караць” дзіця школай: “…пойдзеш у школу, усе з цябе будуць смяяцца” і г.д. Сфарміраванасць асобаснай гатоўнасці да навучання ў школе выяўляецца ў прыняцці новага статусу школьніка, які больш высокі і значны, чым статус дашкольніка, гэта дапамагае дзіцяці адчуваць сябе больш дарослым. Такое самаадчуванне і патрэба ў пазнавальнай дзейнасці дазваляюць мець зносіны з дарослымі на новым узроўні, арыентуючыся не толькі на канкрэтную сітуацыю, але і на пэўныя, свядома прынятыя задачы, нормы і правілы. Гэты працэс ёсць ні што іншае, як сфарміраванасць “пазіцыі школьніка”, якая дазваляе дзіцяці актыўна ўключацца ў вучэбны працэс і прыкладаць намаганні, ставіць перад сабой мэты.

Сацыяльна-псіхалагічная гатоўнасць дзіцяці да навучання ў школе — гэта гатоўнасць да пазітыўнага ўзаемадзеяння дзіцяці з навакольнымі. З пераходам на новую ўзроставую ступень дзеці пачынаюць успрымаць сябе па-іншаму, у іх мяняецца самаацэнка, таксама мяняюцца адносіны да соцыуму і навакольнага свету. На мой погляд, важна ўдзяляць асаблівую ўвагу дзіцяці, яшчэ ў перыяд знаходжання яго ў дашкольнай установе, развіццю камунікатыўнасці, а таксама сацыяльным і сацыяльна-кагнітыўным уменням і навыкам, якія дапамогуць забяспечыць паспяховасць у зносінах як з равеснікамі, так і з педагогамі ў дашкольнай установе і школе.

Пра інтэлектуальную гатоўнасць дзіцяці да школы можна меркаваць, зыходзячы з развіцця яго псіхічных працэсаў, а не з кругагляду або аб’ёму слоўнікавага запасу. Навучанне ў школе прадугледжвае валоданне разумовымі працэсамі (аналіз, параўнанне, абагульненне, класіфікацыя і інш.), развітасць розных відаў мыслення, здольнасці да запамінання, дыферэнцыравання, развітое ўяўленне, маўленне, памяць.

Фарміраванне гатоўнасці да навучання ў школе старшых дашкольнікаў магчыма толькі пры комплексным падыходзе да гэтай праблемы і цесным узаемадзеянні работнікаў фізічнага выхавання, педагогаў, псіхолага і медыцынскага работніка на базе дашкольнай установы ў сукупнасці з дыягностыкай старшых дашкольнікаў. Не малую ролю ў гэтым пытанні адыгрывае ўзаемадзеянне дашкольнай установы з бацькамі, арганізацыя спецыялістамі мерапрыемстваў асветніцкага характару, кансультацый.

Настасся КАЗЛОВА,
педагог-псіхолаг дашкольнага цэнтра
развіцця дзіцяці № 4 Магілёва.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *