Гатовы разам развіваць новыя напрамкі

У рамках рабочага візіту дэлегацыі Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліку Беларусь адбылася сустрэча міністра адукацыі нашай краіны І.В.Карпенкі з міністрам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана І.У.Маджыдавым, падчас якой кіраўнікамі міністэрстваў дзвюх краін быў падпісаны План сумесных дзеянняў па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі Беларусі і Узбекістана.

У час сустрэчы, якая прайшла ў навукова-тэхналагічным парку БНТУ “Палітэхнік”, Ігар Васільевіч Карпенка павітаў узбекскую дэлегацыю і выказаў спадзяванні, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы адукацыі будзе мацнець з кожным годам.

— Мы ўскладаем вялікія надзеі на ўмацаванне нашых сувязей у адукацыйнай галіне і гатовы падзяліцца нашым вопытам, новымі распрацоўкамі і дасягненнямі, — выказаўся Ігар Васільевіч. — Мы плануем пашыраць супрацоўніцтва не толькі ў вышэйшай, але і ў прафесійнай адукацыі, і спадзяёмся, што нашы здабыткі спатрэбяцца калегам з Узбекістана.

Ігар Васільевіч Карпенка расказаў аб дзейнасці Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які забяспечвае метадычным суправаджэннем больш за 400 спецыяльнасцей і кваліфікацый прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па кожнай з іх створаны вучэбна-метадычныя комплексы, якімі беларускі бок гатовы падзяліцца з узбекскімі калегамі. Акрамя таго, адзначыў І.В.Карпенка, плануецца абмен студэнтамі, выкладчыкамі ўніверсітэтаў дзвюх краін, правядзенне стажыровак, павышэнне кваліфікацыі педагогаў Беларусі і Узбекістана. Адметна тое, што сёння паміж універсітэтамі дзвюх краін заключаны 41 дагавор аб супрацоўніцтве, у рамках якіх вядзецца навукова-даследчая работа, ажыццяўляецца абмен вопытам. Узрасла і колькасць узбекскіх студэнтаў у беларускіх універсітэтах. Сёлета ў нашых УВА вучацца больш за 200 чалавек з Узбекістана.

— Мы лічым, што візіт міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Узбекістана адкрые новыя перспектывы супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навуковай сферы, у вызначэнні новых кірункаў для пашырэння супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, — адзначыў І.В.Карпенка.

— Я прыемна ўражаны тым, што пабачыў у вашым парку, — адзначыў І.У.Маджыдаў пасля наведвання навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік”. — Як раней, так і сёння вельмі цяжка інтэграваць прафесійную адукацыю з вытворчасцю. І ваш парк з’яўляецца яскравым прыкладам гэтай інтэграцыі, які нам хацелася б пераняць.

І.У.Маджыдаў заявіў, што ў парку прадстаўлены шлях ад ідэі да вытворчасці і ў рэалізацыі гэтага ўдзельнічаюць студэнты, выкладчыкі, навукоўцы. Дзейнасць гэтай структуры толькі станоўча паўплывае на інтэграцыю адукацыйнай галіны з вытворчымі працэсамі, якія адбываюцца ў эканоміцы. Міністр І.У.Маджыдаў паведаміў, што ўсе экспанаты парка прадстаўляюць вялікую каштоўнасць. Асабліва зацікавілі гасцей з Узбекістана медыцынскія распрацоўкі, ІТ-тэхналогіі, іншыя ўзоры навукі і тэхнікі.

У час візіту ўзбекскай дэлегацыі былі абмеркаваны далейшыя крокі супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы. З беларускага боку выказаны намер аказання садзейнічання ў стварэнні рэсурсных цэнтраў для падрыхтоўкі кадраў па запатрабаваных ва Узбекістане спецыяльнасцях у галіне будаўніцтва, аўтасэрвісу, грамадскага харчавання. Беларусь гатова аказаць дапамогу ўзбекскім калегам у вучэбна-метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу па той ці іншай спецыяльнасці.

У праграме візіту прадугледжана наведванне філіяла РІПА “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага”, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, інавацыйнага цэнтра прафесійнага развіцця — бізнес-інкубатара інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і студэнцкай вёскі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.