Гатовыя студэнты

- 15:23Адукацыйная прастора, Рознае

Урачыстае закрыццё Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве прайшло ў пятніцу на базе гімназіі № 56 Мінска. Гэтая навучальная ўстанова была цэнтральнай пляцоўкай усёй алімпіяды, якая доўжылася тыдзень. І трэба адзначыць, што педагагічны калектыў гімназіі пастараўся на славу: дзеці ўвесь час адчувалі іх увагу, павагу і падтрымку.

Гімназічныя калідоры і вучэбныя класы яшчэ доўга будуць памятаць тыя жарсці, якія кіпелі тут падчас рэспубліканскай алімпіяды. І нядзіўна, бо пасля алімпіядных тураў ішло бурнае абмеркаванне выкананых і нявыкананых заданняў. Акрамя таго, як тут не пагаварыць ці не паспрачацца, калі вакол цябе толькі аднадумцы. Дарэчы, нават калі дыпломы былі ўжо ўручаны, алімпіядны гоман працягваўся. Быццам і раз’язджацца трэба, але і выгаварыцца хочацца.
Самымі запатрабаванымі суразмоўцамі, вядома, з’яўляюцца члены журы. Хоць алімпіяда і закончылася, але пытанні засталіся, што ў прынцыпе не можа не радаваць. Значыць будзе над чым падумаць і што дапрацаваць да наступнага разу. Каб дабіцца каментарыя для газеты, давялося нават у чарзе пастаяць. Але заклапочанасць кіраўнікоў каманд толькі падагрэла журналісцкую цікавасць, таму хвіліны чакання не былі нуднымі.

Старшынёй журы алімпіяды па грамадазнаўстве быў Андрэй Віктаравіч Шыдлоўскі, намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта БДУ, дацэнт кафедры крымінальнага права, кандыдат юрыдычных навук. І яго ўразіла падрыхтоўка сёлетніх алімпіяднікаў:
— Алімпіяда гэтага сезона паказала вельмі высокі ўзровень яе ўдзельнікаў. І гэта нягледзячы на тое, што заданні былі сфарміраваны няпростыя. Іх распрацоўкай займаліся не толькі члены журы, але і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, напрыклад, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. Мы нават не чакалі, што школьнікі пакажуць вынікі, як гаворыцца, ад сямі да дзесяці балаў.
Разам з тым дзецям не хапае прыкладных навыкаў. Гэта адзначылі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, якія ўваходзілі ў склад журы. Дзеці паказалі моцную тэарэтычную падрыхтоўку, шырокую эрудыцыю, алімпіядны вопыт. Іншым разам, не ведаючы дакладнага адказу, яны прапаноўвалі адказ агульны, але досыць аргументаваны і разумны, таму мы яго стараліся і ацаніць на ўзроўні. Алімпіяднікі — гэта тыя людзі, якія стануць сапраўднымі дыпламатамі, юрыстамі, сацыёлагамі, эканамістамі. І яны ўжо гатовыя студэнты. Хочацца адзначыць, што традыцыйна высокі ўзровень на алімпіядзе паказваюць мінчане і прадстаўнікі Мінскай вобласці. Акрамя таго, у гэтым годзе вельмі добрыя вынікі прадэманстравалі Віцебская і Гродзенская вобласці. Ды і прадстаўнікі Гомельшчыны не апускаюць планку.

Сяргей Артуравіч Калінін, член журы алімпіяды па грамадазнаўстве, прафесар кафедры агульнаправавых і грамадзянска-прававых дысцыплін юрыдычнага каледжа БДУ, дадаў, што, паколькі грамадазнаўства — гэта прадмет комплексны (уключае філасофію, сацыялогію, права, паліталогію, эканоміку), у сувязі з гэтым заданні складаюцца так, каб праверыць і тэарэтычныя веды, практычныя навыкі і каб удзельнікі маглі паразважаць.
— Калі чалавек разважае, мы не можам катэгарычна дзяліць адказ на правільны або няправільны, нават калі ён зрабіў памылку і назваў недакладна тэрмін. Напрыклад, сёлета ў 11 класе ў нас было такое цікавае заданне: трэба было паразважаць, чым адрозніваецца шлюб дзяржаўны ад шлюбу царкоўнага і чым яны рэгулююцца. Правільным адказам было кананічнае права, а некаторыя пісалі пра рэлігію, і мы не зніжалі сур’ёзна адзнакі, бо былі разважанні, прычым аргументаваныя.
Па філасофіі давалася традыцыйнае заданне: неабходна было суаднесці асобу філосафа з яго тэкстам. Па паліталогіі трэба было расказаць, што ёсць рэклама сацыяльная і рэклама камерцыйная, паразважаць пра іх значнасць і ўплыў. Па эканоміцы прапаноўвалася разлічыць падаткі. У заданні па праве неабходна было паразважаць наконт правоў чалавека (ці ўсякае права можна лічыць правам? Якія з іх з’яўляюцца антыправавымі, антыгуманнымі?), — расказаў Сяргей Артуравіч Калінін.

Вынікам Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве сталі 6 дыпломаў І ступені, 10 — ІІ ступені і 17 дыпломаў ІІІ ступені. Акрамя таго, 4 чалавекі атрымалі пахвальныя водзывы.
Дыпломы І ступені заваявалі Дар’я Краўчук, навучэнка 10 класа сярэдняй школы № 1 Нясвіжа, Надзея Палякова, дзесяцікласніца з ліцэя № 1 Ліды. Сярод вучняў 11 класа першымі сталі Аляксандра Малахава (гімназія № 1 Жодзіна), Эмілія Шуляк (гімназія № 4 Гродна), Ірына Дзямідзік (гімназія № 1 Ваўкавыска). А Варвара Башкірава з Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна разам з дыпломам І ступені атрымала і прыз міністра адукацыі як найлепшая выступоўца вясковай школы.
Не менш насычанай і цікавай стала і Рэспубліканская алімпіяда па гісторыі. Тым больш што сёлета яна праходзіла ў крыху змененым фармаце. Пра гэта расказаў Андрэй Аркадзьевіч Прохараў, старшыня журы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта БДУ, намеснік дэкана па адукацыйных інавацыях і міжнародным супрацоўніцтве.
— На фінальнай стадыі была апрабавана новая схема, якая ў агульным бярэ лепшае з мінулых гадоў, але разам з тым абнаўляе алімпіядны лад, які існаваў. Скараціўся час на тур, дзе правяралася тэорыя. Замест чатырох гадзін алімпіяднікі працавалі тры. Тое самае адбылося з тэставымі заданнямі. Замест трох гадзін тур доўжыўся дзве гадзіны. Як адзначылі ўдзельнікі, часу хапіла. Час быў скарочаны для таго, каб была магчымасць арганізаваць трэці тур, які заснаваны на мультымедыйных прэзентацыях. Яны ўтрымліваюць шэраг відэафрагментаў, карціны і іншую фота- і відэаінфармацыю. Напрыклад, даваўся відэаўрывак з адкрыцця алімпіяды, і трэба было расказаць пра гэтую падзею. Або апісаць гістарычную падзею ці з’яву па карціне, фармат якіх дазваляў разгледзець дэталі. Гэты тур доўжыўся гадзіну. Адказы на камп’ютарныя пытанні ўдзельнікі давалі пісьмова.

Трэба адзначыць, што алімпіяда па гісторыі і далей будзе развівацца ў гэтым жа кірунку. Гэта сучасныя тэндэнцыі ў адукацыі. І вобраз гісторыі таксама мяняецца. Скажу нават больш, гісторыя ледзь не адзіная гуманітарная навука, якая бурна развіваецца і ў галіне камп’ютарызацыі.
Калі гаварыць пра алімпіядныя заданні больш падрабязна, то адзінаццацікласнікі справіліся значна лепш, чым вучні 10-х класаў. Было заўважна, што большасць удзельнікаў была сур’ёзна падрыхтаваная, таму нам давялося пазнаёміцца з вялікай колькасцю добрых адказаў.
Дзесяцікласнікам жа трэба добра папрацаваць, каб дамагчыся жаданых вынікаў у наступным годзе. Безумоўна, на ўзровень падрыхтоўкі аказвае ўплыў скарачэнне гадзін на вывучэнне гісторыі. Але хочацца сказаць вялікі дзякуй школьным настаўнікам, якія прыкладваюць максімум намаганняў, каб падрыхтаваць дастойнага алімпіядніка, а ў далейшым выдатнага для нас студэнта. Гісторыя, як вядома, выхоўвае сапраўднага грамадзяніна. Узровень падрыхтоўкі гэтых дзяцей з’яўляецца ўзорным для нашых абітурыентаў.
Разам з тым тэндэнцыі апошніх гадоў сведчаць пра тое, што нашы школьнікі перастаюць умець разважаць. На канкрэтныя пытанні яны добра адказваюць, а вось калі трэба паразважаць, паказаць сваё гістарычнае красамоўства, то тут ужо ўзнікаюць цяжкасці. Напэўна, усё ж адбіваецца тэставае мысленне. Алімпіяда таксама мяняецца, бо гэтага патрабуюць сучасныя тэндэнцыі, але тым не менш алімпіяднікам трэба пераадольваць замкнутасць мыслення, — распавёў Андрэй Аркадзьевіч Прохараў.
У Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі прымалі ўдзел 43 адзінаццацікласнікі, 29 чалавек выступалі за 10 клас (былі сярод іх і дзевяцікласнікі). Волю да перамогі прадэманстравалі 32 алімпіяднікі. Дыпломы І ступені атрымалі 6 эрудытаў па гісторыі, ІІ ступені — 9, ІІІ ступені — 17. Два ўдзельнікі былі адзначаны пахвальнымі водзывамі.

Сярод дзесяцікласнікаў дыпломамі І ступені былі адзначаны Аляксандра Ткачэнка з Ліцэя БДУ, Сяргей Жук з сярэдняй школы № 19 Брэста. А сярод вучняў 11 класа першымі былі прызнаны Яўген Агіевіч (гімназія № 3 Салігорска), Алег Русін (Удзелаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці), Арсеній Аўчыннікаў (гімназія № 2 Магілёва), Аляксандр Парахін (Ліцэй БДУ). Акрамя таго, Алег Русін стаў уладальнікам прыза міністра адукацыі, бо стаў найлепшым выступоўцам вясковай школы.
Хоць афіцыйныя вынікі каманднага заліку не робяцца, на закрыцці алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве ўсё ж прагучалі некаторыя вынікі. Выдатную каманду па грамадазнаўстве ў гэтым годзе прадставіў Мінск. Добра выступілі і ліцэісты БДУ, прадстаўнікі Мінскай вобласці. Неблагія вынікі паказала Гомельская і Віцебская вобласці.
А вось па выніках Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі сёлета прыстойна выглядае каманда Брэсцкай вобласці. Добрыя вынікі ў Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай абласцей.
Закончылася сур’ёзная інтэлектуальная барацьба, якая патрабавала ад удзельнікаў максімальнай канцэнтрацыі, мэтанакіраванасці. Як адзначыла Надзея Мікалаеўна Ганушчанка, кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі, рэспубліканская алімпіяда акумулюе вакол сябе самых лепшых вучняў краіны. Разам з тым яна ўдасканальвае і выкладанне прадмета ў школе, з чым нельга не пагадзіцца.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.