Гатуем “матывацыйны расол”

- 11:15Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У мінулым годзе Святлана Іванаўна Рагель стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства “Выкладчык года” сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На конкурсе педагог прадэманстравала цікавыя падыходы да работы, высокі прафесіяналізм і багаты вопыт. Усё гэта яна штодзень прымяняе на занятках у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі. Выступаючы на конкурсе, выкладчык дзялілася вопытам стварэння матывацыйнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі. Пра гэта, а таксама пра любоў да сваёй справы і сакрэты прафесійнага поспеху мы пагутарылі са Святланай Іванаўнай.

Вучыць таму, што любіць

Перш за ўсё хочацца пазнаёміць чытача са Святланай Іванаўнай, прафесійныя поспехі і дасягненні якой грунтуюцца на любові да сваёй справы.

— Прыемна вучыць таму, што сам добра ўмееш і вельмі любіш, — так расказвае пра сваю працу мая суразмоўца.

Святлана Іванаўна Рагель у навучанні абапіраецца на ўласны вопыт работы. Кухарскую справу яна ведае вельмі добра, і не ў тэорыі, а на практыцы.

У сваёй прафесійнай дзейнасці яна змагла аб’яднаць дзве справы, якія захаплялі яе з дзяцінства, — педагогіку і гатаванне ежы. Старшакласніца Святлана як піянерважатая з задавальненнем займалася з маленькімі школьнікамі. Дапамагала ім у вучобе: рыхтавала цікавыя заданні, правярала сшыткі, тлумачыла тое, што было незразумелым на ўроку. Але ў той жа час кулінарная справа вабіла і цікавіла заўсёды.

— Калі я была маленькая, мы жылі ў кватэры, дзе для некалькіх сем’яў была агульная кухня. Адна гаспадыня марынуе грыбы, другая — смажыць катлеты, трэцяя — пячэ пірагі. Мне так цікава было за гэтым назі­раць. У такія моманты прыходзіла разуменне, што менавіта гэта — тая справа, якой я хачу займацца, — прыгадвае Святлана Іванаўна.

Так і атрымалася. Скончыла спачатку кулінарнае вучылішча ў Мінску, потым — Магілёўскі тэхналагічны інстытут. Прафесійны шлях пачынала кухарам у школьнай сталовай, потым працавала ў кафэ “Белая вежа”. А яшчэ пазней выпадак надаў прафесійнай траекторыі новы кірунак. Пасля дэкрэтнага адпачынку Святлана Іванаўна шукала новае месца работы. Аднойчы, гуляючы па сталічным Партызанскім праспекце, заўважыла рэстаран “Сосны” і зайшла ва ўстанову агледзецца і спытаць пра работу. Зайшла — і засталася. Рэстаран быў вучэбна-вытворчай базай каледжа кулінарыі. Спачатку мая гераіня стала загадчыцай вытворчасці, але хутка адчула патрэбу займацца іншым.

— Калі да мяне на вытвор­часць прыйшлі дзеці, будучыя кухары, кандытары, афіцыянты, яны авалодалі маім сэрцам. І я зразумела, што хачу не проста працаваць на кухні, а працаваць тут, з імі. І сёння работа з моладдзю па-ранейшаму дорыць мне радасць, — расказвае Святлана Іванаўна.

Так кухар стала майстрам вытворчага навучання, а пасля вучобы ў РІПА атрымала педагагічную адукацыю і стала выкладчыкам. Сёння С.І.Рагель выкладае ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным кале­джы кулінарыі вучэбныя прадметы прафесійнага кампанента.

Уласны рэцэпт “расолу”

Святлане Іванаўне блізкае меркаванне В.Ф.Шаталава: “каб работа педагога была эфектыўнай, павінен спрацаваць эфект салёнага агурка”. Галоўнае — стварыць расол, і агурок у ім абавязкова прасоліцца. Святлана Іванаўна стварыла ўласны рэцэпт “расолу”. Яна лічыць, што сэнс дзейнасці і мастацтва педагога — ва ўменні стварыць матывацыйнае асяроддзе як пляцоўку для асабістага росту і поспеху кожнага вучня на занятках.

— Матывацыйнае асяроддзе — гэта той самы “расол”, шматкампанентная сістэма. Я пераканана, што любая дзейнасць ажыццяўляецца больш эфектыўна і мае якасныя вынікі, калі ў чалавека моцныя, глыбокія матывы, — дзеліцца меркаваннем выкладчыца. — На кожных вучэбных занятках удзяляю вялікую ўвагу матывацыі на будучую дзейнасць.

Як жа зрабіць удалы “расол”? Спачатку возьмем “ваду” — гэта матэрыяльна-тэхнічная база. У кулінарным каледжы ёсць дзве тэхнічныя лабараторыі для навучання кухараў, абсталяваныя сучаснымі плітамі, грылямі, параканвектаматамі і іншай тэхнікай, якая адпавядае абсталяванню ва ўмовах рэальнай вытворчасці.

Для “расолу” спатрэбіцца “соль” — актуальная вучэбная літаратура. Дарэчы, С.І.Рагель і сама з’яўляецца аўтарам комплексу дапаможнікаў. Спачатку выйшаў практыкум “Тэхналогія гатавання ежы”, які дапамагае на практычных занятках замацоўваць атрыманыя веды і асвойваць першапачатковыя ўменні па гатаванні страў.

Потым з’явіўся электронны дапаможнік “Грамадскае харчаванне”, які змяшчае кароткі тэарэтычны курс, тэставыя заданні, а таксама відэаролікі, якія дэманструюць працэс апрацоўкі сыравіны і гатавання паўфабрыкатаў.

У 2018 годзе ўбачыў свет вучэбны дапаможнік “Тэхналогія гатавання ежы” — грунтоўнае выданне, якое высока ацанілі калегі аўтара, якія працуюць ва ўстановах аналагічнага кірунку. Святлана Іванаўна перанесла на паперу свой багаты вопыт. Атрымалася больш за 500 старонак карыснай інфармацыі, якая зручна структуравана. Тут знайшлі адлюстраванне такія тэмы, як значэнне харчовай сыравіны, страў у харчаванні чалавека, класіфікацыя паўфабрыкатаў і страў, арганалептычныя паказчыкі якасці страў, асаблівасці гатавання страў, правілы сервіроўкі, тэрміны прыдатнасці і ўмовы захавання, дэфекты страў і прычыны іх узнікнення. Значная частка матэрыялаў прадстаўлена ў выгля­дзе табліц і схем, што спрыяе больш лёгкаму засваен­ню інфармацыі. Кожная тэма завяршаецца тэставымі заданнямі.

Дапаможнік дае магчымасць навучэнцам атрымаць базавыя веды па гатаванні страў беларускай, еўрапейскай, азіяцкай кухні, вывучыць асновы лячэбнага харчавання. Не забылася аўтар і пра матывацыйныя матэрыялы — да кожнага раздзела падабрана цікавая пазнавальная і забаўляльная інфармацыя. Варта адзначыць, што дапаможнік максімальна набліжаны да ўмоў сучаснай вытворчасці. У ім таксама знайшлі адлюстраванне патрабаванні і стандарты конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills.

Зручна, што дапаможнікі аб’яднаны ў камплект. Спачатку навучэнцы могуць атрымаць пэўны аб’ём базавай інфармацыі з вучэбнага дапаможніка, потым замаца­ваць веды на практычных занятках, прадстаўленых у вучэбна-практычным дапаможніку, а для індывідуалізацыі навучання прапануецца электронны дапаможнік.

Абавязкова трэба дабавіць у “расол” “цукру”. Пад ім разумеецца вучэбна-планую­чая і праграмная дакументацыя. Прычым праграмы павінны хутка і гібка мяняцца ў адпаведнасці са зменамі ў сферы грамадскага харчавання і патрабаваннямі заказчыкаў кадраў.

Формула шчасця

Смак “расолу” будзе недастаткова выразным без “спецый” — гэта сучасныя методыкі, тэхналогіі навучання, якія закліканы рабіць навучанне цікавым, разнастайным і эфектыўным.

Расказаць аб прафесіі так, каб навучэнцы сталі ўлюбёнымі ў сваю справу. Такую задачу ставіць перад сабой Святлана Іванаўна. На жаль, не ўсе прыходзяць у каледж па-са­праўднаму настроенымі на атрыманне прафесіі. Каб пераканаць іх у неабходнасці навучання, у Святланы Іванаўны ў арсенале шмат прыёмаў. Адзін з іх яна распрацавала сама і назвала “Формула шчасця”. Навучэнцы адказваюць на шэраг нескладаных пытанняў, адказы фіксуюць на звычайнай або інтэрактыўнай дошцы. З адказаў выбудоўваецца ланцужок, які звязвае навучанне, атрыманне прафесіі са шчасцем чалавека. Здавалася б, сувязь відавочная, аднак, калі яна становіцца нагляднай і яе можна літаральна ўбачыць, гэта аказвае моцнае эмацыянальнае ўздзеян­не на маладых людзей.

Выкладчыца абавязкова звяртае ўвагу на тое, наколькі творчая прафесія кухара — з адных і тых жа інгрэдыентаў можна прыгатаваць розныя стравы, ды яшчэ і прыдумаць новую. Таксама страву можна па-рознаму аформіць, што надае яшчэ больш разнастайнасці. Прадэманстраваць гэта дапамагаюць майстар-класы педагогаў і майстроў вытворчага навучання каледжа, а таксама вядомых кухараў, якія запрашаюцца ва ўстанову.

Святлана Іванаўна імкнецца як мага часцей здзіўляць навучэнцаў, бо пераканана, што цікавыя заняткі матывуюць. Яны мо­гуць пачацца з верша, загадкі, прытчы, крыжаванкі, прадмета ў чорнай скрыні. Здзіўляюць разнастайнасцю і формы работы: урокі-конкурсы, урокі-канферэнцыі, урокі-дыскусіі, відэаўрокі, урокі-прэзентацыі і інш. На занятках можна нават трапіць на канцэрт. Так, навучэнцы за­даюць адно адному пытанні, прапяваючы іх у розных музычных жанрах. Можна пабываць і на спектаклі: каб лепш запомніць розныя працэсы, іх тэатралізуюць. Напрыклад, вывучаючы гатаванне цеста, навучэнцы ўвасабляюць розныя прадукты, якія прымяняюцца, і працэсы, што адбываюцца пры гэтым. Падабаецца навучэнцам і гульня “Гаспадар і гос ць”: двое прымяраюць на сябе гэтыя ролі. “Гаспадар” задумвае страву, якой будзе частаваць “госця”. Задача “госця” — гэтую страву адга­даць, задаўшы тры пытанні, якія не павінны быць прамымі. Здараецца, што на занятках абмяркоўваюць папулярныя кулінарныя тэлешоу, прычым навучэнцы нярэдка знаходзяць у дзейнасці іх удзельнікаў розныя прафесійныя памылкі.

— Важную ролю ў фарміраванні ў навучэнцаў устойлівай прафесійнай цікавасці адыгрывае вывучэнне нашай нацыянальнай кухні, — расказвае Святлана Іванаўна. — Гэтай тэмы кранаемся на тэарэтычных і практычных занятках. Працягваем на факультатывах: вывучаем рэцэптуры страў старабеларускай кухні, гатуем і дэгустуем. Дзеці робяць для сябе шмат незвычайных адкрыццяў, напрыклад, што хрушчы можна гатаваць з бульбы, а кісель — з аўсяных шматкоў. І канечне, вывучаем звычаі і традыцыі беларускага народа.

На факультатывах навучэнцы больш старанна вывучаюць тое, што іх найбольш зацікавіла на вучэбных занятках. Напрыклад, асвойваюць майстэрства мастацкага выразання з садавіны і агародніны — карвінгу. Або знаёмяцца з сучаснымі тэндэнцыямі дэкору талерак для падачы страў — вучацца ўпрыгожваць іх кропелькамі і лініямі з соусу, робяць малюнкі спецыямі.

На занятках абавязкова знаходзіцца час для вывучэння тэндэнцый развіцця сусветнай кулінарыі. Навучэнцы знаёмяцца з малекулярнай кухняй, метадам су-від і інш.

Цікавым і разнастайным жыццё кале­джа робяць таксама фестывалі кухняў розных краін, конкурсы прафесійнага майстэрства, майстар-класы. Гэтыя мерапрыемствы дазваляюць навучэнцам яшчэ раз пераканацца, наколькі творчая ў іх прафесія.

Гаспадыня на кухні і ў аўдыторыі

Адзін з галоўных кампанентаў “расолу” — кансервант. Для матывацыйнага асяроддзя ў якасці гэтага інгрэдыенту выступае педагог. Менавіта ён аб’ядноўвае ўсе кампаненты, і толькі дзякуючы яму ўсе астатнія складнікі пачынаюць працаваць. Каб выконваць гэтую функцыю, педагог павінен быць сапраўдным прафесіяналам і разам з тым валодаць шэрагам асобасных якасцей, якія дапамагаюць яму быць аўтарытэтам і прыкладам для навучэнцаў. У Святланы Іванаўны Рагель гэта атрымліваецца. Яна імкнецца няспынна развівацца ў сваёй прафесіі і гэтаму ж вучыць дзяцей. Гэта шчырая гаспадыня на кухні і ў вучэбнай аўдыторыі. Яе навучэнцы насычаюцца ведамі ў “матывацыйным расоле” і з лёгкасцю і захопленасцю ідуць па шляху да прафесіі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.