Гавары па-беларуску

З ранняга дзяцінства вучні знаёмяцца з мовай продкаў, нацыянальнымі традыцыямі, абрадамі. Гэтаму садзейнічаюць песні, вершы, загадкі, легенды, прыказкі, прымаўкі, вывучэнне біяграфічных звестак паэтаў і пісьменнікаў, іх творчай спадчыны. З 19 па 24 лютага ў Лелюкінскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Іўеўскага раёна праводзіўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры.

Падчас урачыстага адкрыцця тыдня дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне знаўцаў беларускай мовы “Беларуская скарбонка”, пераможцамі якой сталі вучні 5 класа. Потым адбылася сустрэча з членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Верай Паўлаўнай Чурэйна, якая займаецца саломапляценнем. Навучэнцы маглі пазнаёміцца з асабістай выставай вырабаў майстрыхі. Правялі майстар-клас па саломапляценні. У гэты ж дзень была арганізавана выстава кніг, прысвечаная пісьменнікам — юбілярам 2018 года. Дзень прайшоў весела і цікава.

20 лютага вучні ўдзельнічалі ў моўным турніры для 6—8 класаў. Наймацнейшымі аказаліся 7-класнікі, якія прадстаўлялі каманду “Васільковыя палі”. Турнір праходзіў пад дэвізам: “Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе, хто забыў сваю мову — усё згубіў” (У.Караткевіч).

21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Вучні старэйшых класаў удзельнічалі ў гульні “Гаворым па-беларуску”. Вучні пачатковай школы сустракаліся на віктарыне “Ведай, любі, шануй родную мову”. 22 лютага ў школе адкрылася творчая майстэрня “Тайна беларускага ўзору”. Вучням 5—8 класаў спадабалася работа ў гэтай майстэрні. Гульня дазволіла яшчэ раз дакрануцца да нашай спадчыны — народных свят, традыцый беларускага народа. Дзеці самі стваралі беларускія ўзоры, даведваліся аб гісторыі стварэння нацыянальных узораў.

Адмыслова адзначылі 23 лютага. Усіх чакаў конкурс “Хто самы ўважлівы чытач?”. Дзеці чыталі вершы, спрабавалі сябе ў ролі паэтаў, перакладчыкаў, успаміналі прачытаныя творы, аўтараў. Пераможцамі сталі вучні 8 класа. 24 лютага, на закрыццё тыдня, адбыўся літаратурны рынг паміж вучнямі 9—11 класаў. Перамагла каманда 10-класнікаў.

Падчас тыдня навучэнцы глыбей пазнаёміліся з біяграфіямі паэтаў, іх творчай спадчынай, праслухалі шмат твораў аб роднай мове, яе багацці, непаўторнасці, мелі магчымасць паспаборнічаць, паказаць свае здольнасці.

Галіна САВІЦКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Лелюкінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.