Гавары са мной па-беларуску

- 11:02Нам пішуць

Пад такім дэвізам з 19 па 24 лютага ў Мілевіцкім дзіцячым садзе — базавай школе прайшоў тыдзень роднай мовы. Асноўнай адметнасцю тыдня, як і дэвізам, сталі пранікнёныя словы Я. Янішчыц:

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі,
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску…

Гавары на перапынках, у сталоўцы, з таварышамі і настаўнікамі, а тым больш непасрэдна на мерапрыемствах, прысвечаных матчынай мове.

Другі дзень тыдня прайшоў у конкурсных спаборніцтвах. Спачатку змагаліся за званне лепшага чытача і знаўца мовы вучні 2—4 класаў. Роўныя па сваіх здольнасцях каманды дзетак прыгадвалі літаратурных герояў па апісанні, дэманстравалі кароткія інсцэніроўкі ўрыўкаў з казак, цытавалі вершаваныя радкі, разгадвалі крыжаванкі, прысвечаныя роднаму слову.

Пазней ужо спаборнічалі вучні 5—7 класаў. У конкурснай праграме “Беларуская скарбонка” гулялі ў рыфму, дапаўнялі прыказкі, падбіралі антонімы да прапанаваных слоў, вызначалі значэнні фразеалагізмаў, складалі словы з прапанаванага слова. Не драмалі ў гэты час і балельшчыкі. Кожнае моўнае пытанне-загадку яны разгадвалі на карысць той ці іншай каманды. Дзеці паказалі веданне мовы, дэманструючы яе меладычнасць і непаўторнасць.

У сераду, 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам, вучні праглядзелі цікавую і змястоўную прэзентацыю “Няхай гучыць роднае слова!” Даведаліся пра сённяшні стан беларускай мовы і праз прыклады самых яркіх слоў яшчэ раз адчулі смак роднай мовы.

Пасля ўрокаў спаборнічалі вучні старэйшых класаў. Мерапрыемства, арганізаванае бібліятэкарам разам з настаўнікамі мовы, было прасякнута патрыятычным пафасам. Вучні падрыхтавалі прэзентацыю аб роднай вёсцы “Мілевічы — мілае месца”, праглядаючы якую было прыемна пазнаць знакамітыя і найпрыгажэйшыя мясціны нашай вёскі. Далей старшакласнікі дэманстравалі дыялектныя словы, а іх сапернікі падбіралі літаратурныя адпаведнікі, прыгадвалі мясцовыя легенды і паданні, агучвалі прыказкі і прымаўкі, якія бытуюць у нашай мясцовасці, рабілі пераклады, выпраўлялі граматычныя памылкі ў тэкстах, складзеных вучнямі на мясцовым матэрыяле. Мерапрыемства яшчэ раз паказала знітаванасць маленькага чалавека з малой радзімай.

У наступны дзень тыдня роднае слова гучала ў вершаванай і празаічнай форме. Лепшыя чытальнікі 2—9 класаў цытавалі вершы аб мове, Радзіме, каханні, прыродзе. Журы было складана вызначыць лепшых, таму пераможцаў атрымалася некалькі.

Да 23 лютага кожны вучань рыхтаваў віншавальную паштоўку для бацькі, дзядулі на беларускай мове. Лепшыя паштоўкі выбіралі па афармленні і змесце.

Было б несправядліва не адзначыць спартыўнае свята да Дня абаронцаў Айчыны, у якім бралі ўдзел і школьнікі, і выхаванцы дзіцячага садка. Каманды дэманстравалі хуткасць, сілу і моц, і, безумоўна, пачуццё калектывізму.

Завяршальным акордам тыдня стала свята “Гуканне вясны”.

Дырэктар школы Міхаіл Адамавіч падзякаваў дзецям і настаўнікам за актыўны ўдзел у мерапрыемствах тыдня, а таксама заклікаў палюбіць родную мову: “Палюбіць не на словах, а чэсна і свядома, так, як любілі яе класікі прыгожага пісьменства Я.Купала і Я.Колас. А для гэтага часцей звяртайцеся да чытання мастацкай літаратуры і гаварыце са мной па-беларуску!”

В.М.ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Мілевіцкага дзіцячага сада — базавай школы
Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.