Гаворыць моладзь

Дзеля здароўя нашай планеты. Дзеля стварэння інклюзіўнага грамадства. Дзеля лепшай будучыні. У гэтыя дні каля штаб­кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы развяваліся сцягі 193 краін свету. Тут прайшоў XI Міжнародны маладзёжны форум ЮНЕСКА. Упершыню форум ладзіўся ў межах 40­й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, каб маладое і больш сталае пакаленне пачулі адно аднаго. Беларусь на форуме прадстаўлялі дэлегаты Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА з Мінска і Брэста.

Разам і кампетэнтна

Першы дзень канферэнцыі пачаўся з сустрэчы маладых праваднікоў змен з прэзідэнтамі і прэм’ер­міністрамі, падчас якой яны абмеркавалі глабальныя выклікі сучаснасці. Больш прадметна размова вялася на міністэрскіх сустрэчах. Так, падчас канферэнцыі 120 міністраў і віцэ­міністраў культуры з усяго свету абмеркавалі ролю культуры ва ўстойлівым развіцці нашых грамадстваў. Дарэчы, гэты сход міністраў культуры стаў найбуйнейшым сходам ЮНЕСКА за апошнія 20 гадоў. Ідэя відавочная: культура — гэта ключ стварэння ўстойлівага інклюзіўнага свету для ўсіх. Прагучала такая думка: “Калі мы, прыватныя асобы, супольнасці, арганізацыі, урады, прымаем рашэнне інвесціраваць у культуру, мы фактычна ўкладваем сродкі ва ўмацаванне міру, таму што каштоўнасці міру заснаваны на культурных каштоўнасцях”.

Не менш актуальныя для моладзі тэмы прагучалі і ў рамках сустрэчы міністраў адукацыі. Больш за 100 міністраў адукацыі і іх намеснікаў абмеркавалі праблемы вышэйшай адукацыі, пытанні інтэграцыі і мабільнасці ў адукацыі. Беларусь на гэтай сустрэчы прадстаўляў намеснік міністра Аляксандр Кадлубай.

Вы ніколі не задумваліся, як вышэйшая адукацыя, атрыманая ў адной краіне, прызнаецца ў іншай? Гэтае пытанне таксама ў кампетэнцыі ЮНЕСКА. Глабальная канвенцыя аб прызнанні кваліфікацый у галіне вышэйшай адукацыі была афіцыйна прынята на Генеральнай канферэнцыі, што палажыла пачатак яе будучай глабалізацыі. З часам гэтая канвенцыя дапаможа прыкладна 8 мільёнам студэнтаў­бежанцаў і мігрантаў працягнуць навучанне ў краінах, якія іх прымаюць.

На канферэнцыі былі таксама абвешчаны новыя міжнародныя дні. Так, у 2020 го­дзе ўпершыню будуць святкавацца міжнародныя дні матэматыкі, мастацтва, інжынерыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, а таксама Дзень аліўкавага дрэва — сімвала міру.

На карысць усяму свету

Ідэі кансалідацыі намаганняў працягнуліся на Маладзёжным форуме, які аб’яднаў маладых людзей і палітыкаў, дыпламатаў па розных асноўных кірунках дзейнасці ­ЮНЕСКА: адукацыя, навука, культура, камунікацыя і інфармацыя, а таксама сацыяльныя і гуманітарныя навукі. Усяго было каля 100 прадстаўнікоў з ліку моладзі.

Пасля завяршэння першага дня Мала­дзёжнага форуму Абульфас Гараеў, міністр культуры Азербайджанскай Рэспублікі, нагадаў не толькі пра важную ролю мола­дзі ў захаванні і развіцці культуры, але і пра значэнне культуры ў жыцці маладых людзей: “Захаванне традыцый, якія фарміраваліся стаго­ддзямі, іх развіццё на новым ­узроўні і перадача новым пакаленням — гэта, безумоўна, справа моладзі”.

Акрамя пленарнага пасяджэння, дзе прыводзіліся прыклады маладзёжнай дзейнасці ў ЮНЕСКА і перспектывы маладзёжнага руху, прайшла работа ў малых групах па розных аспектах. Моладзь з розных частак свету выказвалася па розных праблемах, якія яе хвалююць і ў вырашэнні якіх яна хацела б прымаць удзел. Яны тычыліся і абароны клімату, і развіцця лічбавых тэхналогій, і шляхоў дасягнення сацыяльнай і гендарнай роўнасці, і іншых ключавых Мэт устойлівага развіцця.

Напрыклад, была прапанова стварыць “Глабальнае кафэ”: своеасаблівы міжкультурны вечар, на якім моладзь з розных краін у нефармальнай атмасферы прадстаўляла б свае краіны, расказвала б пра сябе, пра свае арганізацыі і праекты. У канцы форуму гэтая прапанова перарасла ў ідэю стварыць цэлую “Глабальную вёску”.

Акрамя таго, быў прадэманстраваны і абмеркаваны перадавы вопыт узаемадзеяння моладзі з ЮНЕСКА ў кантэксце маладзёжнай касмічнай ініцыятывы і іншых праектаў, распрацаваных моладдзю пры падтрымцы арганізацыі.

Юлія Дзямешка, прадстаўніца БелАЮ з Мінска, расказала:

— Форум паказаў, што моладзь хоча быць пачутай і што яна гатова дзейнічаць не ў межах адной краіны, а ў межах усяго свету, што яе ідэі могуць дапамагаць і служыць свету на карысць і што менавіта моладзь — ключ да вырашэння многіх праблем, якія ёсць у свеце.

У рамках форуму пра вопыт свайго клуба ЮНЕСКА “Мазаіка” гімназіі № 1 Брэста расказала яго старшыня Ксенія Ярашук:

— Наш клуб працуе не толькі для дзяцей і моладзі, але і для дарослых, у прыватнасці для нашых настаўнікаў, бо многага яны ўжо могуць не ведаць, асабліва гэта тычыцца сучасных інавацый, таму яны нараўне з маладымі людзьмі бяруць удзел у нашых трэнінгах па інклюзіўнай адукацыі, экалогіі, гендарных пытаннях і іншых тэмах, якія сёння на слыху. Акрамя таго, наш клуб прывівае і навучэнцам, і педагогам гімназіі, і жыхарам горада карысныя эказвычкі, пачынаючы ад гатоўнасці прывесці ў парадак тэрыторыю горада і да сартавання смецця і збору накрывак ад пластыкавых бутэлек, сродкі ад перапрацоўкі якіх ідуць на лячэнне хворых дзяцей.

— Практычна заўсёды ў Маладзёжным форуме прымаюць удзел прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА. Гэта выдатная магчымасць не толькі атрымаць вопыт міжкультурнай камунікацыі, дыпламатыі, практыкі англійскай ці французскай мовы, але і завесці новыя знаёмствы са сваімі равеснікамі з розных канцоў свету, даведацца пра іх ідэі і праекты і расказаць ім пра свае, пра паспяховы ўдзел беларускай моладзі ў розных сацыяльных аспектах жыцця грамадства. Акрамя таго, удзел беларускай моладзі — гэта прыклад партнёрства для падтрымкі Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, — сказаў Дзмітрый Субцэльны, старшыня БелАЮ.

Рэзалюцыю форуму моладзь прадставіла на Генеральнай канферэнцыі. Яго галоўная ідэя ў тым, што Глабальная маладзёжная супольнасць практык ЮНЕСКА (YCОP), якая будзе пастаянна расці разам з новай зацікаўленай моладдзю з усяго свету, забяспечыць доўгатэрміновыя адносіны паміж ­ЮНЕСКА і моладдзю і аблегчыць іх прамы ўдзел у рабоце арганізацыі на ўсіх узроўнях, этапах і ва ўсіх абласцях, цікавых для моладзі.

Святлана НІКІФАРАВА.