Гаючая сіла Залесся

Залессе — мястэчка звычайнае і незвычайнае адначасова. Непаўторнасць яго ў тым, што гэта частка нашай славутай гісторыі: па гэтых сцежках, дарогах хадзіў і ездзіў наш зямляк Міхал Клеафас Агінскі, тут ён працаваў, ствараў музыку, выхоўваў дзяцей, сустракаў гасцей… У гэтай велічнай асобе неверагодным чынам рэалізаваліся таленты пісьменніка, дыпламата, гісторыка, палітыка і кампазітара.

Наведаўшы музей-сядзібу, мы пачулі ад экскурсаводаў падрабязны, цікавы і захапляльны аповед пра жыццё і дзейнасць М.К.Агінскага, акунуліся ў атмасферу таго часу, прайшоўшы па пакоях сядзібы. Убачылі мэблю, карціны, розныя музычныя інструменты, паслухалі славуты паланэз “Развітанне з Радзімай”. Перад гэтым экскурсавод параіў прыгадаць момант, калі мы пачулі гэту музыку ўпершыню. Усе слухалі ўважліва, перабіралі ў памяці розныя падзеі, стараліся прыгадаць, але… правільнага адказу не было. Аказваецца, усё вельмі проста: у мультфільме “Кот Леапольд”.

Сёння многія выпускнікі 9-х класаў могуць пазайздросціць Міхалу з выбарам прафесіі, бо ён ужо ў чатыры гады ведаў, што будзе каралём, “будзе служыць сваёй радзіме і каралю”.

Пасля наведвання сядзібы адправіліся да невялікай рачулкі, дзе адшукалі памятныя камяні, пакінутыя тут з тых далёкіх часоў. Агінскі на ўсё жыццё захаваў павагу да свайго настаўніка. Помнікам у яго гонар стаў камень з надпісам на латыні: “Настаўніку майму Жану Ралею — удзячны вучань. М.О.1822”. Другі камень — у гонар паўстанцаў 1794 года. На ім зроблены надпіс на польской мове: “Ценям Касцюшкі”.

Яшчэ адзін гістарычны персанаж парку Агінскі прысвяціў сваёй старэйшай дачцэ Амеліі. Паўкруглая альтанка, пабудаваная ў антычным стылі, мела рамантычную назву храм Амеліі.

Пачатак ХІХ стагоддзя — час найбольшага росквіту залескай сядзібы. Менавіта тады яна атрымала гэту паэтычную назву Паўночныя Афіны як культурны цэнтр Віленскага краю.

Хочацца спадзявацца, што адраджэнне Залесся верне гэтай зямлі гаючую сілу. А мы, падмацаваўшыся ёй, вярталіся шчаслівыя ў родную Смаргонь.

Людміла ПАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні.