Геаграфічная платформа

- 10:55Портфолио

Настаўнікі геаграфіі Нясвіжскага раёна дзеляцца вопытам напаўнення адзінага інфармацыйна­адукацыйнага рэсурсу, які дзейнічае з мінулага навучальнага года. 

У маі 2020 года перад намі была пастаўлена задача стварэння электроннага адукацыйнага рэсурсу па курсе “Геаграфія. Сацыяльна-эканамічная геаграфія свету” для 10 класа. Гэта раздзел 2 “Геаграфія насельніцтва свету”, у які ўваходзяць тэмы “Геаграфія дэмаграфічных працэсаў”, “Геаграфія міжнароднай міграцыі”, “Геаграфія рассялення свету”, а таксама 1 модуль з тэмы “Структура і фактары развіцця сусветнай гаспадаркі” (9 модуляў).

Вопыту стварэння такіх прадуктаў у нас не было. Мы ў нейкай ступені сталі піянерамі ў стварэнні электронных адукацыйных модуляў па прадмеце.

Для вырашэння пастаўленай задачы на базе раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі была створана творчая група, у склад якой увайшлі настаўнікі геаграфіі Жанна Бабёр, Вольга Вайтовіч, Зоя Аленіч і Таццяна Халопіца. Курыравала работу групы загадчыца Нясвіжскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Вайтовіч.

А цяпер больш падрабязна пра кожны этап стварэння кантэнту.

Распрацоўка тэксту модуля. Зыходзячы з таго, што на ўроку мы працуем з вучэбным дапаможнікам па геаграфіі, зацверджаным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, пры распрацоўцы тэкстоўкі (у хо­дзе работы ў нас прыжылося менавіта гэтае слова) мы прытрымліваліся матэрыя­лу падручніка. Ён складаў прыкладна 95% тэксту адукацыйнага рэсурсу. Але ў ходзе стварэння модуляў мы дазвалялі сабе невялікія адступленні з мэтай павышэння матывацыі школьнікаў да вывучэння геа­графіі, павелічэння інфарматыўнасці модуля. Гэта кароткія гістарычныя даведкі, невялікія фрагменты цікавага матэрыялу па тэме модуля або невялікія пытанні для актуалізацыі раней атрыманых ведаў. Тэкст параграфа таксама ўключалі не цалкам. Невялікія фрагменты тэксту, якія вучань можа самастойна разгледзець у вучэбным дапаможніку, мы апускалі.

Паняцці і тэрміны, якія вывучаліся ў тэксце падручніка і пералічаны ў вучэбнай праграме, у відэафрагмент увайшлі цалкам. Былі таксама ўключаны пытанні і заданні, накіраваныя на ўспрыманне вучэбнага матэрыялу ўнутры параграфа, а таксама на ўстанаўленне сувязей паміж вучэбнымі прадметамі. Прадуманы разнастайныя заданні па рабоце з атласам і контурнай картай. Вучням прапануецца паставіць відэа на паўзу і знайсці на карце краіны, пералічаныя ў ходзе тлумачэння новага матэрыялу, а таксама выка­наць розныя заданні ў контурнай карце. Мае месца дэталізацыя: указваюцца старонкі ў атласе і карце. Побач з заданнем мы размясцілі фота атласа, з якім неабходна працаваць. Пры прапанове выву­чыць тэкст параграфа ўказваюцца старонка і абзац. Калі тэкстоўка была распрацавана, мы рабілі абмен паміж настаўнікамі і вывяралі тэкст.

Стварэнне прэзентацыі адукацыйнага рэсурсу. На першы погляд здавалася, што гэтае заданне не выкліча ў нас цяжкасцей, таму што мы займаемся стварэннем прэзентацый дастаткова часта. На самай справе гэта было таксама не зусім проста. Усе модулі павінны быць выкананы ў адзі­ным стылі. Мы выбралі самы нейтральны — белы фон. Назвы слайдаў вырашылі пісаць на блакітным прыглушаным колеры чорнымі літарамі. Рабочым шрыфтам выбралі Тimes New Roman.

Слайды павінны лёгка ўспрымацца вучнямі, таму не трэба перагружаць іх тэкстам. Акрамя назвы слайда, тэкстам мы прадстаўлялі новыя тэрміны і паняцці, а таксама невялікі аб’ём статыстычнага матэрыя­лу. Карцінкі, якія візуалізу­юць змест параграфа, падбіралі яркія, добрай якасці. Усе карцінкі на слайдах абавязкова падпісвалі. На наш погляд, гэта садзейнічае павышэнню геаграфічнай кампетэнцыі школьнікаў.

Асаблівую цяж­касць выклікала неабходнасць раз­мяшчэння на слайдах прэзентацыі геаграфічных карт. Многія з іх мы бралі з інтэрнэт-крыніц. Гэтыя карты не заўсёды добрай якасці. Даводзілася фатаграфаваць карты атласа і ўстаўляць у прэзентацыю ў PDF-фармаце. Для лепшай візуалізацыі на карты наносілі назвы гарадоў або іншых вывучаемых абъектаў, стрэлкі, маркеры. Усе карты на слайдах абавязкова падпісвалі.

Праграма VideoPad Video Editor — гэта ўтыліта, прызначаная для апрацоўкі (стварэння) відэа і аўдыя. У яе функцыя­нал убудаваны інструменты, з дапамогай якіх можна рэдагаваць і ствараць цэлыя відэакліпы з фота, відэа, музыкі. Але ў гэтым відэарэдактары не толькі ствараюць і апрацоўваюць відэа, у ім яшчэ ёсць функцыя запісу відэа з экрана камп’ютара ці з камеры. Можна дабаўляць агучванне для відэараду ў праграме, накладваць розныя эфекты на відэа, мя­няць яго параметры.

Гукавое суправаджэнне. З гэтым этапам стварэння электроннага адукацыйнага кантэнту былі, мабыць, самыя вялікія цяжкасці. Па-першае, ва ўстановах адукацыі няма адпаведнай гуказапісвальнай апаратуры, на якой можна зрабіць запіс высокай якасці. Па-другое, гэта не ўласцівая для большасці настаўнікаў работа.

Мы звярнуліся ў Цэнтр дзіцячай творчасці, дзе ёсць стацыянарная студыя гуказапісу. Гук атрымаўся чысты, без перашкод і дадатковых шумаў.

Мантаж відэафільма. Для стварэння відэафільма выкарыстоўвалі відэарэдактар VideoPad Video Editor. Гэтая праграма бясплатная, што і абумовіла наш выбар. Мантажом відэафрагментаў у нашай творчай групе займалася Вольга Вайтовіч.

Стварэнне тэставага задання да модуля. Мы рыхтавалі тэставыя заданні да вывучаемага матэрыялу і прытрымліваліся наступных патрабаванняў. Колькасць заданняў у тэксце — 5—10. Яны павінны быць разнастайнымі: з адным правільным адказам, з двума або некалькімі правільнымі адказамі, заданні на ўстанаўленне адпаведнасці, заданні на веданне тэрмінаў або паняццяў. Пры складанні заданняў выкарыстоўвалі толькі той матэрыял, які быў агучаны ў відэафрагменце ўрока. Адказы запісвалі ў назоўным склоне з вялікай і маленькай літар.

На мой погляд, атрымаўся вельмі добры, якасны вучэбны кантэнт. Ён можа выкарыстоўвацца не толькі вучнямі, якія па ўважлівых прычынах часова не могуць наведваць установу адукацыі. Любы школьнік можа зайсці на гэты рэсурс і загадзя падрыхтавацца да наступнага ўрока. А яшчэ рэсурс выкарыстоўваецца ў школе падчас замены настаўніка на ўроку.

Таццяна ХАЛОПІЦА,
настаўніца геаграфіі Затур’янскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці.