Геаграфія жыве ўражаннямі

- 14:44Людзі адукацыі

Калі маладая настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 34 Мінска Аксана Віктараўна Жданава рабіла першыя крокі ў прафесіі, хтосьці са знаёмых спрабаваў горача ўпэўніваць яе, што геаграфія даўно нікому не патрэбна, што гэта чыста апісальны прадмет. Але зацікаўленыя вочы яе вучняў і радасць, з якой яны чакаюць геаграфіі ў школьным раскладзе, сведчаць аб адваротным. Нягледзячы на невялікі стаж работы, Аксана Віктараўна мае трывалае меркаванне, як павінен выкладацца гэты школьны прадмет сёння, каб ён быў цікавы, даступны і максімальна інфармацыйны для навучэнца.

Свой выбар прафесіі Аксана Віктараўна тлумачыць тым, што з дзяцінства любіла вандраваць: “Так склалася, што мае сваякі раскіданы па ўсёй Беларусі, таму паездак на цягніках і аўтобусах выдалася шмат. Магчымасці вандраваць па іншых краінах не было, і кампенсавала гэта, выбраўшы такую жывую навуку, як геаграфія”.

Амаль тры гады назад, скончыўшы геаграфічны факультэт БДУ, маладым спецыялістам яна прыйшла выкладаць геаграфію ў сталічную школу № 34.

“У мяне няма такой праблемы, якая часта стаіць перад маладымі педагогамі, — навучыцца “збіраць” дзяцей, канцэнтраваць іх увагу ў пачатку ўрока, — расказвае педагог. — Геаграфіі ў школьным раскладзе мае вучні заўсёды рады, таму што ведаюць, што я абавязкова пакажу ім нешта цікавае. Мая справа — не апусціць планку вучнёўскай цікавасці”.

Роля сучаснага настаўніка геаграфіі, на думку настаўніцы, у тым, каб дапамагчы вучням адкрыць усю разнастайнасць свету, даць школьнікам магчымасць комплексна ўбачыць шматлікія праблемы, звязаныя з прыроднымі, эканамічнымі і сацыяльнымі працэсамі, а таксама развіць іх практычныя ўменні: напрыклад, уменне арыентавацца, працаваць з картай, прадказваць надвор’е, — адным словам, усё тое, што спатрэбіцца ў жыцці.

Кругасветнае падарожжа за партамі

На сваіх уроках Аксана Віктараўна шырока выкарыстоўвае праектную дзейнасць і ІКТ. На думку педагога, інфармацыйныя тэхналогіі становяцца добрым памочнікам для настаўніка-географа, робячы працэс выкладання прадмета не толькі цікавым, але і больш зразумелым.

“Геаграфія сама па сабе такая навука, што ведаць усё немагчыма — штораз яна дорыць табе нешта новае. Калі ў 8—9 класах мы вывучаем геаграфію мацерыкоў і краін (гэта найбольш цікавая тэма для сучасных школьнікаў), я шырока выкарыстоўваю ўсё тое, што можна выцягнуць з сусветнай сеткі: мультымедыйны матэрыял, з дапамогай якога фармірую прэзентацыі, відэаролікі. На прагляд відэа — усяго 4—5 хвілін на ўроку, але кожны раз гэта той матэрыял, да якога самастойна школьнікі наўрад ці звернуцца, — дзеліцца Аксана Віктараўна. — Вывучанае раней правяраю таксама з дапамогай мультымедыйных тэстаў: паказваю нейкую выяву і прашу пазнаць краіну, горад, з’яву. Шмат увагі ўдзяляю дробязям: калі рыхтую прэзентацыю, напрыклад, пра Аўстралію і шукаю карцінку з выявай кенгуру, перавярну ўвесь інтэрнэт, але знайду такую жывёлу, якая дзецям запомніцца назаўсёды, уразіць іх. Пераканана, што для паспяховага засваення геаграфіі патрэбны ўражанні! І калі няма магчымасці вандраваць і бачыць розныя краіны на ўласныя вочы, трэба карыстацца яркімі і запамінальнымі фота- і відэаматэрыяламі”.

Навучэнцы Аксаны Віктараўны маюць унікальную магчымасць здзейсніць кругасветнае падарожжа па кантынентах і краінах або апусціцца ўглыб акіяна, азнаёміцца з гаспадарчай дзейнасцю Бамбея ці наведаць субтрапічныя лясы Алжыра. Усё гэта развівае пазнавальныя здольнасці школьнікаў і стымулюе да вывучэння геаграфіі, фарміруе навыкі работы з інфармацыяй.

“Старшакласнікі ўжо самастойна рыхтуюць відэапрэзентацыі да ўрокаў у якасці варыянта творчай дамашняй работы. Некаторыя (асабліва гэта тычыцца моцных у інфарматыцы вучняў) гатовы рыхтаваць такія творчыя работы на кожны ўрок. Але адзначу, што відэапрэзентацыі — неабавязковая частка кожнага ўрока геаграфіі. Я мала выкарыстоўваю іх у 6—7 класах, таму што курс геаграфіі ў гэтых класах складаны, насычаны, шмат часу і ўвагі затрачваецца на работу з контурнымі картамі. А ў старшых класах — з 8 па 11 — мультымедыя прысутнічае на кожным уроку. У пяцікласнікаў выкладаю прадмет “Чалавек і свет”, дзе многія тэмы трэба ілюстраваць. Таксама актыўна падключаю тых вучняў, якія выязджалі за мяжу і могуць расказаць пра свой вопыт наведвання замежных краін. Нядаўна праходзілі геаграфію краін-суседак — Польшчы і Літвы — і дзеці столькі расказвалі, што, здавалася, ведаюць не менш за мяне”.

Колькі важыць сіні кіт?

Як адзначае настаўніца, дзеці з году ў год становяцца ўсё больш цікаўнымі і патрабавальнымі да педагога. На факультатыў “Шэсце па геаграфічнай карце” прыходзяць з жаданнем абмеркаваць нейкую цікавую ім тэму, самі рыхтуюць яе, а настаўніца дапаўняе. “Геаграфія — прадмет пра ўсё, з ёй мяжуюць і хімія, і біялогія, і фізіка. Настаўнік павінен быць падкаваным ва ўсіх гэтых прадметах. Толькі ўчора праходзілі Антарктыду, прыгадалі такога жыхара кантынента, як сіні кіт, і пасыпаліся пытанні: “А колькі важыць сіні кіт? А колькі ён жыве?” Толькі паспявай адказваць”, — смяецца Аксана Віктараўна.

Падрыхтоўка да ўрокаў займае ў настаўніцы шмат часу. Для большай інфарматыўнасці заняткаў яна спрабуе прадказаць вучнёўскія пытанні і ўсе іх магчымыя “што?”, “калі?”, “чаму?” прапрацаваць загадзя. Зрэдку здараецца так, што колькі б яна ні рыхтавалася, дзеці задаюць пытанне, адказу на якое ў Аксаны Віктараўны не будзе. У такім выпадку педагог прапаноўвае пашукаць інфармацыю па пытанні самастойна і сама абяцае заняцца пошукам, а на наступным уроку яны абавязкова супастаўляюць знойдзеныя факты.

Маляванне для адзінаццацікласнікаў

Аксана Віктараўна — адзіны ў школе настаўнік геаграфіі, таму нагрузка на ёй каласальная. Да кожнай узроставай катэгорыі дзяцей выпрацаваны свой падыход.

“Да працы з контурнымі картамі прывучаю яшчэ ў 6 класе. Калі ў гэтым узросце не падрыхтаваць вучняў да такой карпатлівай і манатоннай работы, у старшых класах будзе цяжка растлумачыць ім, для чаго гэта патрэбна. Мае старшакласнікі прывучаны, і яны нават любяць працаваць з контурнымі картамі. Увесь час смяюцца і кажуць, што яны, як маленькія, носяць у школу рознакаляровыя алоўкі. А я адказваю, што гэта яшчэ не бяда: я, напрыклад, усе 5 гадоў вучобы на геаграфічным факультэце БДУ хадзіла з алоўкамі”.

У больш жвавым, непаседлівым узросце, які прыходзіцца на 6—7 класы, прымусіць працаваць з картамі складана — дзеці хутчэй пойдуць на бераг Цны (вадаём знаходзіцца недалёка ад будынка школы) і будуць выконваць аб’ёмную практычную работу па апісанні вадаёма, чым манатонна замалёўваць чарговую карту.

Экалагічны ўрок

Цяперашнія адзінаццацікласнікі наогул больш пасіўныя на ўроках геаграфіі. Але на ўра імі ўспрымаюцца практычныя, актуальныя тэмы: глабальныя праблемы, вывучэнне дзейнасці знакамітых кампаній.

“Першыя гады я практыкавала такі прыём, як спіс абавязковых для ведання тэм, — расказвае настаўніца. — Выдавала яго ў пачатку года. Кожны вучань выбіраў сабе тэму і чакаў свайго часу, каб выступіць са сваім паведамленнем ці прэзентацыяй. Тэмы старалася падбіраць такія, каб дзеці, рыхтуючы іх, вучыліся размаўляць на геаграфічнай мове, паглыбляліся ў пытанні, засяроджвалі ўвагу на важных дробязях. У гэтым годзе спецыяльна не навязвала дзецям свой спіс, але добрая звычка ўжо была сфарміравана, таму яны самі разабралі тэмы і сталі рыхтавацца”.

Погляд

Наталля Уладзіміраўна Котава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 34 Мінска:

— Сярэдні ўзрост настаўнікаў нашай школы — усяго 37 гадоў. Маладыя кадры добра прыжываюцца ў школе. Як паказвае практыка нашай навучальнай установы, педагагічная моладзь творчая, цікавая, зусім не пасіўная. Аксана Віктараўна Жданава — добры таму прыклад.

Калі ўпершыню я ўбачыла яе на парозе нашай школы, падумала: як гэтая маладая, маленькая, худзенькая дзяўчына будзе спраўляцца з арганізацыйнымі момантамі адукацыйнага працэсу? Але настаўніца настолькі лёгка і незаўважна ўлілася ў калектыў і заваявала аўтарытэт як класны кіраўнік, нібы была на гэтым месцы заўсёды. Малады педагог цікавая для дзяцей, таму што практычна на адной мове з імі размаўляе, задавальняе іх інтарэсы.

Мне здаецца, у Аксаны Віктараўны — вялікая прафесійная будучыня. Яна ніколі не звернецца да мяне ці калег з просьбай “раскажыце, падкажыце”, а заўсёды з канкрэтным рашэннем. Разам мы абмяркоўваем, наколькі гэтае рашэнне можа быць прадукцыйным і выніковым.

З цікавасцю назіраю, як яе праца з кожным годам становіцца больш глабальнай, як яна выкарыстоўвае магчымасці для развіцця і рэалізацыі прафесійна-асобаснага і творчага патэнцыялу. На сённяшні дзень Аксана Віктараўна выходзіць на той узровень, калі гатова шырока трансліраваць свае веды.

Аксана Віктараўна — педагог сціплы. Яна не імкнецца да ўдзелу ў конкурсах педагагічнага майстэрства, але з задавальненнем разам са сваімі вучнямі прымае ўдзел у разнастайных сацыяльных праектах геаграфічнай накіраванасці. Адзін з самых любімых дзецьмі і педагогам — адкрыты ўсерасійскі экалагічны ўрок, за ўдзел у якім школьнікі атрымалі ўжо 3 дыпломы. Сёлета ён праходзіць пад назвай “Раздзяляй з намі” і прысвечаны актуальнай тэме правільнага захавання адходаў і іх раздзельнага збору. У планах — стварэнне сацыяльных ролікаў і ўласнага геаграфічнага блога.

Прафесійнае партфоліа

Школьны прадмет “Геаграфія” прадугледжвае не настолькі багаты спектр інтэлектуальных мерапрыемстваў, як, напрыклад, літаратура, дзе настаўнік можа сябе шырока праявіць. Тым не менш за два гады працы Аксана Віктараўна ўжо можа пахваліцца перамогамі сваіх навучэнцаў у шэрагу інтэлектуальных марафонаў і конкурсаў. Так, у мінулым годзе зборная каманда школы пад кіраўніцтвам педагога атрымала перамогу ў гарадскім конкурсе “Мой родны кут”, у гарадской канферэнцыі “Чарнобыль — катастрофа XX стагоддзя” ў рамках гарадскога конкурсу “Зямля мая — лёс мой”. У аднайменным інтэрнэт-конкурсе вучаніца Юлія Казак стала пераможцай з работай “Не забудзь… Каб памятаць…”. У гэтым годзе пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі адзінаццацікласніцы Дзіяна Вяршыніна і Кацярына Салаўёва атрымалі дыплом ІІІ ступені ў XXXVI гарадской вучнёўскай канферэнцыі з даследчай работай па тэме “Сямейная структура насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.

“У мінулым годзе рыхтавалі да конкурсу даследчых работ тэму “Нацыянальная структура насельніцтва Рэспублікі Беларусь”. Сёлета ўзяліся за сямейную структуру. Па спецыяльнасці я эканом-географ, гэтым і апраўдваецца мая цікавасць да падобных тэм, — дзеліцца Аксана Віктараўна. — Разам з вучнямі мы шукаем афіцыйную статыстыку, апрацоўваем яе, складаем карты насельніцтва ў праграме Adobe Illustrator. Усё гэта патрабуе шмат часу і ўвагі, але і прыносіць вынік”.

Пасля ўрокаў Аксаны Віктараўны смела можна адпраўляцца ў вандроўку па іншых краінах і правяраць геаграфічныя веды на практыцы. Педагог настолькі рэалістычна паглыбляецца ў матэрыял, што на перапынках пасля геаграфічных вандровак па джунглях Бразіліі або бяскрайніх лавандавых палях Францыі вучні Аксаны Віктараўны прыкідваюць кошт білета і ўмоўна пракладаюць маршруты. Упэўнена, што многія з іх, падарожнічаючы па гэтых краінах ужо ў дарослым узросце, не раз успомняць сваю настаўніцу геаграфіі, якая не толькі пашырыла веды сваіх вучняў, але і адкрыла ім новыя гарызонты.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.