Геаграфія: важная, але… недаацэненая

- 8:55Погляд

Важную ролю ў патрыятычным выхаванні моладзі адыгрывае не толькі гісторыя, але і геаграфія, якая таксама дапамагае самаідэнтыфікацыі народа. На жаль, айчынная геаграфічная адукацыя сутыкаецца з шэрагам праблем матывацыйнага, змястоўнага і метадычнага характару. У сучаснай школьнай праграме гэта, бадай, адзін з самых незапатрабаваных прадметаў. Як павысіць прэстыж недаацэненай вучэбнай дысцыпліны? Чаму сённяшнім спецыялістам не абысціся без ведання геаграфічных заканамернасцей? І пры чым тут патрыятызм? Пра гэта разважае член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар кафедры геаграфіі і прыродакарыстання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Максім Багдасараў.

Вядомы навуковец лічыць, што геаграфію трэба ўсяляк папулярызаваць і знайсці ёй дастойнае месца ў школе. Гэты прадмет знаходзіцца на стыку прыродазнаўчых і грамадскіх навук, што забяспечвае сувязь атрыманых ведаў з актуальнымі прыроднымі, сацыяльнымі і эканамічнымі працэсамі ў свеце, вучыць знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі ў іх, праводзіць аналогіі і параўнанні, выпрацоўваць ацэначныя меркаванні і інш.

— Геаграфія дапамагае ўсвядоміць, што прырода — крыніца задавальнення жыццёвых і духоўных патрэб людзей, асэнсаваць неабходнасць адказных і беражлівых адносін да навакольнага свету, — гаворыць Максім Альбертавіч. — Акрамя таго, геаграфія — гэта яшчэ і сродак эканамічнай адукацыі, найважнейшая задача якой заключаецца ў фарміраванні новага тыпу эканамічнага мыслення, здольнага ўлічваць зменлівыя ўмовы і характар вырашаемых задач. На жаль, на геаграфію ў школе адведзена вельмі мала гадзін. Навучыць дзяцей эфектыўна выкарыстоўваць геаграфічныя веды на практыцы за абмежаваны час немагчыма. У выніку моладзь ведае больш пра Германію ці ЗША, чым пра суседні рэгіён сваёй краіны.

Геаграфія сёння запатрабавана ў многіх прыкладных сферах сусветнай эканомікі: прамысловасці і сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і транспарце, турыстычнай і прыродаахоўнай дзейнасці. Сучасныя географы працуюць з рознымі данымі, таму ў практычным сэнсе не бывае проста географаў, як і проста фізікаў, хімікаў і біёлагаў. Усюды свая спецыялізацыя, звязаная з вырашэннем канкрэтных задач і распрацоўкай канкрэтных напрамкаў.

— Геаграфія адкрывае шырокія перспектывы для моладзі. У апошнія гады ў многіх краінах свету павялічваецца яе роля ў грамадстве, — расказвае Максім Багдасараў. — Ва ўніверсітэтах з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, узмацняецца дыферэнцыяцыя геаграфічных дысцыплін, укараняюцца новыя тэхналогіі ў навуках пра Зямлю. Усё гэта патрабуе ад сённяшніх выпускнікоў высокага ўзроўню падрыхтоўкі.

Адзін з найбольш перспектыўных напрамкаў геаграфіі — урбаналогія, якая ўключае гарадское планаванне, землекарыстанне, транспарт, забудову, камунікацыі і інш. Калектыў кафедры геаграфіі і прыродакарыстання працуе над тым, каб адкрыць ва ўніверсітэце новую спецыяльнасць — “Урбаналогія і сіці-менеджмент”. Навуковец упэўнены, што прапанова будзе дыктаваць попыт на спецыялістаў гэтага профілю з улікам сучаснага развіцця эканомікі і грамадства.

— Прынцыпова новая для нашай краіны спецыяльнасць дазволіць падрыхтаваць унікальных менеджараў у сферы развіцця беларускіх гарадоў, — тлумачыць Максім Альбертавіч. — Сусветны вопыт паказвае, што такія спецыялісты запатрабаваны ў адміністрацыях рознага ўзроўню. І стартавай пляцоўкай у гэтым плане могуць стаць Брэстчына і горад над Бугам, дзе ўжо ёсць вопыт рэалізацыі ідэй зялёнай эканомікі. Так, абласны цэнтр адным з першых у краіне паспрабаваў ажыццявіць праект “СімбіяСіці”. Тут рэалізаваны многія ініцыятывы, у тым ліку стратэгія азелянення “Брэст — зялёныя вароты ў Беларусь”.

Спецыялісты ў галіне ўрбаналогіі могуць адыграць ключавую ролю ў вырашэнні задач па распрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі “Разумны горад” у адпаведнасці з Нацыянальным планам дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Беларусі да 2025 года і Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця да 2035 года.

Урбанолагі ўплываюць на тое, якімі заўтра будуць умовы жыцця людзей ва ўсім свеце, пераўтвараюць буйныя і малыя гарады, цэлыя рэгіёны, знаходзяць узаемасувязі паміж будынкамі, транспартнымі сістэмамі, прыродным асяроддзем і жыхарамі. Місія ўрбанолага — зрабіць любы населены пункт зручным і камфортным для жыцця грамадзян, забяспечыўшы пры гэтым яго ўстойлівае развіццё.

— Дзіўная сітуацыя: геаграфія нібыта і неабходна, але незапатрабавана, — заўважае Максім Багдасараў. — Адна з прычын — мінімальная колькасць гадзін у школе. Другая — адсутнасць геаграфіі ў цыкле сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у сістэме вышэйшай адукацыі. Пра любоў да малой радзімы недастаткова толькі гаварыць. Яе трэба выхоўваць!

Па словах прафесара, недастатковая ўвага геаграфіі ўдзяляецца і пры падрыхтоўцы будучых настаўнікаў пачатковых класаў, якія павінны найперш навучыць дзяцей чытаць, пісаць і лічыць. Але менавіта ў малодшых класах адбываецца знаёмства з прыродазнаўствам, гэтакімі ўводзінамі ў геаграфію. У выніку выпускнікі пачатковай школы маюць даволі цьмяныя ўяўленні пра навакольны свет.

— Геаграфія амаль адсутнічае ў пераліку абавязковых экзаменаў пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, у адрозненне ад той жа гісторыі, — працягвае Максім Альбертавіч. — Таму школьнікі заканамерна не жадаюць марнаваць час на гэты прадмет. Выйсце — у папулярызацыі геаграфіі, як у Расіі. Там у 2019 годзе на ўзроўні кіраўніка дзяржавы былі прыняты комплексныя меры, якія закранаюць усе сферы навучання геаграфіі, работы географаў, арганізацыі геаграфічных даследаванняў.

Прафесар лічыць, што для павышэння прэстыжу прадмета ў грамадстве і якасці геаграфічнай адукацыі варта павялічыць колькасць вучэбных гадзін у школе да дзвюх на тыдзень з 6 да 11 класа, уключыць геаграфію ў пералік абавязковых экзаменаў ва ўніверсітэты і прадугледзець значную колькасць гадзін на яе вывучэнне па шэрагу спецыяльнасцей (“Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, “Міжнародныя адносіны”, “Пачатковая адукацыя”), увесці дысцыпліну “Геаграфія Беларусі” ў вучэбныя планы большасці спецыяльнасцей устаноў вышэйшай адукацыі нароўні з гісторыяй Беларусі.

Максім Багдасараў згодны са старшынёй Рускага геаграфічнага таварыства С.К.Шайгу: “Дзяржаве і грамадству трэба ўсвядоміць, што геаграфія — найважнейшы, асноваўтваральны прадмет школьнай праграмы, эфектыўны інструмент патрыятычнага і ідэалагічнага выхавання моладзі, базіс для ўніверсітэцкай адукацыі, умова далейшага развіцця і росквіту краіны”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.