Геаграфія з прывязкай да мясцовасці

- 9:30Адукацыйная прастора

Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія” праходзіў у Гродне на базе Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы.

У Гродна прыехалі 116 старшакласнікаў, пераможцы трэцяга этапу алімпіяды, якія прадстаўлялі ўсе шэсць абласцей краіны і Мінск.

Гродна — вельмі цікавы горад для географаў. Да таго ж палявы тур алімпіяды праходзіў у маляўнічых месцах каля Каложскай царквы на беразе ракі Нёман, а таксама ў гістарычным цэнтры горада на вуліцы Савецкай. 

Па словах намесніка старшыні журы дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрыя Курловіча, асноўнымі мэтамі алімпіяды былі павышэнне цікавасці навучэнцаў да вучэбнага прадмета “Геаграфія”, развіццё іх творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы.

— У Гродне прыемна праводзіць алімпіяду: тут і людзі гасцінныя, і мясцовасць вельмі багатая ў геаграфічным, гістарычным, сацыяльна-эканамічным плане, шмат культурных аб’ектаў, таму географам тут вельмі цікава, — адзначыў старшыня журы намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Карпічэнка. — Падчас інтэлектуальных спаборніцтваў школьнікі лепш спазнаюць сваю краіну і разумеюць, наколькі яна багатая на прыродныя рэсурсы. Мала таго, што вучні паказваюць свае веды, яны іх яшчэ і атрымліваюць. Традыцыйна большая частка пераможцаў і ўдзельнікаў алімпіяд паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі геаграфічнага профілю. З іх атрымліваюцца добрыя навукоўцы, выкладчыкі, кіраўнікі. Гэта таленавітыя маладыя людзі, з якімі трэба займацца. 

Дарэчы, Аляксандр Аляксандравіч, будучы школьнікам, сам прымаў удзел у абласной алімпіядзе ў Гродне, атрымаў дыплом на рэспубліканскім этапе і без экзаменаў паступіў на геаграфічны факультэт БДУ, затым у аспірантуру і ўжо 20 гадоў там працуе. Усё пачалося менавіта з алімпіяды па геаграфіі.

Удзельнікаў сёлетняй алімпіяды чакалі заданні тэарэтычнага тура, якія былі прадстаўлены некалькімі блокамі. Яны ахоплівалі тэмы па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, такія як шматгадовая мерзлата ва ўмовах глабальнага пацяплення, геаграфічная карта і план мясцовасці, эканамічны рост і геаграфія развіцця, сусветная транспартная сістэма, міжнародны і ўнутраны турызм.

Яшчэ адным турам быў мультымедыйны тэст, дзе навучэнцы павінны былі выбраць адзін адказ з некалькіх варыянтаў на кожным слайдзе, які суправаджаўся картай або аэрафотакосмаздымкам, фатаграфіяй ці графікам-дыяграмай.

— Спецыфіку Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія” вызначаў праектна-практычны тур, — заўважыў Дзмітрый Курловіч. — На яго палявым этапе навучэнцам было прапанавана вывучыць участак гістарычнага цэнтра Гродна і параўнаць сучасны стан мясцовасці з аэрафотаздымкам часоў Другой сусветнай вайны, а таксама абследаваць характар забудовы гэтага ўчастка, вызначыць функцыянальныя асаблівасці будынкаў і збудаванняў, выявіць гістарычна-культурныя аб’екты і інфраструктуры абслугоўвання турызму. На камеральным этапе ўдзельнікам алімпіяды неабходна было выканаць па выніках палявых работ шэраг практычных заданняў: стварыць ментальную карту абследаванага ўчастка, выканаць SWOT-аналіз яго турысцкага патэнцыялу, зрабіць праект удасканалення сацыяльнай і турысцкай інфраструктуры, распрацаваць экскурсійны маршрут культурна-пазнавальнага характару.

Для тых, хто жадае паўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па геаграфіі, быў арганізаваны дадатковы тур на англійскай мове. Гэта адна з нешматлікіх алімпіяд у нашай краіне, якая праводзіцца на англійскай мове. Удзельнікі павінны паказаць як веданне геаграфіі, так і валоданне замежнай мовай. 

Пераможцамі ў 11 класе сталі 19 навучэнцаў. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны Дзяніс Рабчук (гімназія № 1 Брэста), Ванда Вульвач (сярэдняя школа № 8 Магілёва), Дзмітрый Міхасько (гімназія № 2 Віцебска), Кацярына Шэндрык (гімназія № 1 Оршы). Геаграфія лаўрэатаў (дыпломы II і III ступені) сёлета вельмі шырокая. Гэта Старасельская сярэдняя школа Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, установы адукацыі Мінска, Брэста, Баранавіч, Бабруйска, Жодзіна, Капыля, Ваўкавыска, Ліды, Гродна, Магілёва.

У 10 класе дыпломамі ўзнагароджаны 18 навучэнцаў. Дыпламантамі I ступені сталі Мікіта Віхараў (гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна), Яўген Кузьміцкі (гімназія № 5 Віцебска імя І.І.Люднікава), Юлія Мацэль (гімназія № 36 Мінска), Данііл Васілюк (сярэдняя школа № 24  Гомеля). Сярод уладальнікаў дыпломаў II і III ступені навучэнцы Мінска, Полацка, Гомеля, Жлобіна, Магілёва, Ліды, Баранавіч, Гродна, Жодзіна, Петрыкава, Барысава.

Дыпломамі I ступені ў 9 класе ўзнагароджаны Раман Пенязь (гімназія № 1 Слуцка), Аляксандр Юха (гімназія № 3 імя В.З.Каржа Пінска) і Марыя Упфаль (гімназія № 71 Гомеля). Дыпломы II і III ступені заваявалі навучэнцы з Межысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, Рагоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мінскай вобласці, а таксама з Пастаў, Мінска, Наваполацка, Бабруйска, Віцебска, Мсціслава, Ліды, Кобрына, Магілёва. 

Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначаны Захар Панфіловіч, навучэнец Межысецкай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.

Усе ўдзельнікі алімпіяды ўзнагароджаны падзячнымі лістамі Беларускага геаграфічнага таварыства і спецыяльнымі прызамі, прадастаўленымі ТАА “Сохра”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.