Геаграфію вывучалі па падручніках Манышава

- 13:08Людзі адукацыі
М.М. Манышаў з маладымі настаўнікамі

22 сакавіка споўнілася б сто гадоў аднаму з самых вядомых педагогаў Магілёўскай вобласці Міхаілу Мікалаевічу Манышаву, заслужанаму настаўніку школ БССР, узнагароджанаму медалём імя Н.К.Крупскай.

Дваццаць восем гадоў прысвяціў навучанню і выхаванню дзяцей з дэфектамі слыху і мовы. Большасць спецыялізаваных школ былога Савецкага Саюза вучылі дзяцей па падручніках Міхаіла Мікалаевіча. У музеі гісторыі адукацыі Магілёўскай вобласці захоўваюцца некаторыя з гэтых падручнікаў.

М.М. МанышаўМіхаіл Мікалаевіч нарадзіўся 22 сакавіка 1913 года ў вёсцы Галачоўка Чавускага раёна. Вучыўся ў Чавускай сямігадовай школе і Княжацкай школе Магілёўскага раёна. Закончыў школу фабрычна-заводскага навучання ў Шклове, Мінскі друкарскі тэхнікум. Па волі лёсу апынуўся на Каўказе. Па камсамольскай пуцёўцы быў накіраваны на вучобу ў Грозненскі сельскагаспадарчы інстытут. Правучыўшыся два гады, перавёўся на завочнае навучанне і вярнуўся на радзіму. З 1933 года працаваў настаўнікам прыродазнаўства і геаграфіі ў Галіцкай школе Клімавіцкага раёна, у Клімавіцкай школе, Запольскай школе Бялыніцкага раёна, Благавіцкай школе Чавускага раёна, Магілёўскай міжраённай школе сялянскай моладзі, інспектарам Чэрыкаўскага аддзела адукацыі. Перад вайной завочна закончыў геаграфічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута.
М.М.Манышаў удзельнічаў у абароне Магілёва, быў цяжка паранены і трапіў у палон. За чатыры гады ён пабываў у канцлагерах Бабруйска, Мінска, Польшчы. Толькі ў 1944 годзе ўдалося ўцячы з палону і далучыцца да Чырвонай Арміі. Міхаіл Мікалаевіч удзельнічаў у вызваленні Польшчы, Прагі, у баях за Берлін. Быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, трыма баявымі медалямі. Пасля мабілізацыі працаваў выкладчыкам, намеснікам дырэктара Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума.
Сапраўды педагагічны талент Міхаіла Мікалаевіча раскрыўся падчас работы ў спецыялізаванай школе для глуханямых дзяцей, дзе ён працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара з 1948 па 1976 гады.

Асаблівую ўвагу ён удзяляў фарміраванню мовы, выпрацоўцы ўменняў, навыкаў правільнага вымаўлення. У школе пад яго кіраўніцтвам праводзіліся практычныя заняткі па пастаноўцы голасу, вымаўленні гукаў. Міхаіл Мікалаевіч быў перакананы, што вучыць дзяцей правільнаму вымаўленню неабходна сістэматычна, з першых дзён іх знаходжання ў школе. Такая работа шырока праводзілася і ў пасляўрочны час.

Міхаіл Мікалаевіч неаднаразова задумваўся над недасканаласцю дэфекталагічных падручнікаў. З першым сваім рукапісам падручніка ён, будучы ў Маскве, пазнаёміў навуковых работнікаў сурдапедагагічнай кафедры геаграфіі педагагічнага інстытута. Тут сур’ёзна паставіліся да прапанаванага рукапісу. Была атрымана станоўчая рэцэнзія. Ужо праз год усе дэфекталагічныя школы краіны атрымалі новы падручнік па геаграфіі для сёмых класаў, аўтарам якога быў Міхаіл Мікалаевіч Манышаў. Услед за геаграфіяй настаўнік-практык падрыхтаваў да выдання падручнік па рускай мове і геаграфіі для навучэнцаў шостага класа, прыродазнаўства — для трэцяга і чацвёртага класаў. Шэраг падручнікаў напісаны М.М.Манышавым у суаўтарстве з настаўнікамі Мсціслаўскай школы для глухіх дзяцей.
М.М.Манышаў актыўна ўдзельнічаў у рабоце рэспубліканскага метадычнага аб’яднання дэфектолагаў, рэгулярна выступаў перад маладымі настаўнікамі. Ён напісаў асобныя главы ў вядомай кнізе “Навучанне і выхаванне глухіх дзяцей” і шэраг артыкулаў у спецыяльных часопісах.
У школу прыходзілі маладыя педагогі. Міхаіл Мікалаевіч цярпліва, не шкадуючы часу, вучыў іх тонкасцям педагагічнага майстэрства. Высокі быў яго аўтарытэт у педагагічным калектыве. Да Міхаіла Мікалаевіча настаўнікі ішлі са сваімі праблемамі, ведаючы, што яны могуць атрымаць кваліфікаваны адказ на ўсе пытанні. Пра аўтарытэт Міхаіла Мікалаевіча сведчыць яшчэ адзін факт: яго брат, дачка, пляменнікі сталі настаўнікамі. 21 настаўнік з прозвішчам Манышаў, выхадзец з родных мясцін Міхаіла Мікалаевіча, у розны час працаваў і працуе школах Магілёўскай вобласці. Усяго 35 чалавек з радзімы гэтага дзіўнага чалавека сталі настаўнікамі.

Валянціна НАВУМЕНКА,
загадчык музея гісторыі адукацыі Магілёўскай вобласці.