Геалагічная гісторыя

- 14:46Краязнаўства

Ёсць на свеце месцы, дзе гісторыю свайго стварэння расказвае сама Зямля. Расказвае праз цікавыя геалагічныя аб’екты — пячоры, фіёрды, палеанталагічныя ўзоры. Калі такія месцы ахоўваюцца чалавекам, то аповеды становяцца больш красамоўнымі і іх можа пачуць большая колькасць людзей. Так з’яўляюцца геапаркі. У Беларусі нядаўна пачалася работа па стварэнні геапарку.

Града Лукінская.

У нашай краіне плануюць стварыць новую ахоўную прыродную тэрыторыю — геапарк. У якасці яго патэнцыяльнага месца размяшчэння разглядаюцца тэрыторыі двух нацыянальных паркаў: “Браслаўскія азёры” і “Нарачанскі”. Экспертную ацэнку прыроднага патэнцыялу іх тэрыторый праводзяць навукоўцы факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і Нацыянальнай акадэміі навук. Кіраўніком праекта выступае загадчык навукова-даследчай лабараторыі возеразнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Барыс Уласаў.

Што такое геапарк?

Геапарк — гэта рэгіён, на тэрыторыі якога наглядна раскрываецца геалагічная гісторыя Зямлі, фарміравання мясцовых ландшафтаў, утварэння парод і радовішчаў карысных выкапняў. Гэта месца, якое расказвае, як фарміравалася наша планета, а мовай для гэтага расказа служаць горы, мінералы, горныя пароды, палеанталагічныя ўзоры, пячоры, ландшафты і інш. Геалагічныя аб’екты з’яўляюцца сведкамі змяненняў клімату, прыродных катастроф, змены біяразнастайнасці, якія адбываліся на працягу тысячагоддзяў. Нярэдка з такімі месцамі адвеку звязаны павер’і і легенды. Таму геапарк — гэта не толькі цікавыя геалагічныя аб’екты, тут сплятаюцца геалогія, біялогіі, культура, этнаграфія, археалогія. Такія тэрыторыі набываюць асаблівы ахоўны статус. 

Геапаркі маюць вялікае значэнне для навуковых даследаванняў, захавання і вывучэння геаспадчыны. Таксама даюць новыя адукацыйныя магчымасці, дазваляюць папулярызаваць веды аб Зямлі і ахове прыроды для шырокага кола людзей. І, нарэшце, геапаркі маюць вялікі турыстычны патэнцыял. Набывае папулярнасць геатурызм як адна з форм актыўнага, пазнавальнага турызму. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца для абазначэння падарожжаў да геалагічных аб’ектаў. У створаных у розных краінах геапарках праводзяцца азнаямленчыя экскурсіі, найбольш значныя месцы абсталяваны тлумачальнымі табліцамі. Па спецыяльна пракладзеных маршрутах, абсталяваных паказальнікамі і дарожнымі картамі, могуць перамяшчацца як пешыя турысты, так і велатурысты.

Цікавасць да такіх участкаў зямной паверхні актывізавалася ў 90-я гады, пазней была створана глабальная сетка геапаркаў ЮНЕСКА (Global Geoparks Network). Зараз сусветная сетка налічвае 169 нацыянальных геапаркаў у 44 краінах, прычым 4 з іх з’яўляюцца трансгранічнымі.

На экскурсію — у геапарк

Сёння геапаркі сеткі ЮНЕСКА размешчаны на 5 кантынента, яны нераўнамерна размеркаваны па тэрыторыі планеты. У Злучаных Штатах, Паўднёвай Азіі і большай частцы Афрыкі (акрамя Марока і Танзаніі) пакуль няма глабальных геапаркаў. А вось Кітай — краіна з найбольшай іх колькасцю.
Адзін з найбуйнейшых — геапарк Danxiashan. На яго тэрыторыі размешчаны музей, адукацыйны цэнтр, цэнтр папулярызацыі навукі, прадстаўніцтва ўніверсітэтаў і каледж. У геапарку пракладзены 9 маршрутаў, на якіх размешчаны каля тысячы інфармацыйных стэндаў. Штогод Danxiashan наведвае больш як 3 мільёны чалавек. Ту­рызм прыносіць мясцоваму насельніцтву даход і стварае дадатковыя працоўныя месцы.

За прыкладамі геапаркаў можна не хадзіць далёка, а паглядзець на краіну-суседку. Геапарк “Янган-Тау” — першы геапарк Расіі, уключаны ў глабальную сетку ЮНЕСКА. Ён створаны ў 2017 годзе і размешчаны на тэрыторыі Салавацкага раёна Рэспублікі Башкартастан. У межах геапарка функцыянуюць турыстычныя маршруты з наведваннем геааб’ектаў, развіта сетка музеяў, а таксама праходзіць палявая практыка студэнтаў Башкірскага дзяржаўнага ўніверсітэта па геаграфіі і геалогіі.

Валун “Вялікі камень” едагельскі.

Беларускія цуды прыроды

І ў Беларусі таксама ёсць унікальныя мясціны, якія могуць стаць геапаркам. Беларускія навукоўцы працуюць над тым, каб яго стварыць і далучыць да глабальнай сеткі.

Як расказала Таццяна Віктараўна Архіпенка, старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі возеразнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, ацэнка патэнцыялу Беларусі для стварэння геапаркаў дазволіла выявіць тэрыторыі, найбольш перспектыўныя ў гэтым кірунку. Гэта нацыянальныя паркі “Браслаўскія азёры” і “Нарачанскі”, бо размешчаныя тут геамарфалагічныя і геалагічныя аб’екты лічацца найбуйнейшымі падобнымі ўтварэннямі ў свеце. Іх фарміраванне звязана з апошняй ледавіковай эпохай.

Нацыянальныя паркі адметныя багатай геаразнастайнасцю, маюць развітую інфраструктуру і эфектыўную структуру кіравання, актыўна развіваюць турызм і асветніцка-адукацыйную дзейнасць.

Нацыянальныя паркі налічва­юць больш за 60 каштоўных геалагічных і геамарфалагічных пом­нікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. У прыватнасці, тут захаваліся сляды апошняга, паазерскага абледзянення. Гэта створаны ледніком унікальны рэльеф — незвычайнай формы пагоркі, пясчаныя грады, розныя валуны, азёрныя катлавіны глыбінёй больш за 40 метраў і інш.

У якасці прыкладу геамарфалагічнага помніка можна прывесці граду Лукінскую, што знаходзіцца за тры кіламетры ад Мядзела. Выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход озавая града ўтварылася прыблізна 15—20 тысяч гадоў назад падчас паазерскага абледзянення ў выніку назапашвання адкладаў у вузкай шчыліне ледавіка. Гэтая форма непаўторная і маляўнічая.

Яшчэ адзін цуд прыроды — валун “Вялікі камень”, размешчаны недалёка ад вёскі Едагеле ў Браслаўскім раёне. Гэты геалагічны помнік уяўляе сабой ледавіковы валун са светла-ружовага граніту, прынесены ледавіком з паўднёва-заходняй Фінляндыі прыкладна 18—20 тысяч гадоў назад. Вага толькі бачнай часткі — больш за 8 тон. Спіс аб’ектаў, што стануць часткай геапарку, яшчэ будзе ўдакладняцца.

— Уключэнне парку ў глабальную сетку ЮНЕСКА — працэс доўгі. Існуе пералік крытэрыяў, якія павінны выконвацца пры прысваенні геалагічнаму аб’екту статусу ўнікальнага помніка геалагічнай спадчыны. Для гэтага ён павінен валодаць выбітнай універсальнай каштоўнасцю, адпавядаць умовам цэласнасці і сапраўднасці, адказваць аднаму або некалькім крытэрыям сусветнай спадчыны і мець адпаведную сістэму аховы і кіравання, якая гарантуе яго захаванасць, — тлумачыць Таццяна Віктараўна Архіпенка. — Зараз мы працуем над праектам, які дазволіць распрацаваць праграму і комплекс практычных мерапрыемстваў, каб выбраныя тэрыторыі адпавядалі міжнародным патрабаванням.

Над праектам працуюць супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі возеразнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ і супрацоўнікі сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. У далейшым да работы далучацца супрацоўнікі нацыянальных паркаў “Нарачанскі” і “Браслаўскія азёры”.

Магчымасці для кожнага

Геалагічная спадчына і геалагічная разнастайнасць Зямлі ствараюць магчымасці для адукацыі, адпачынку, турызму і ў выніку для павышэння якасці жыцця ў сельскіх раёнах і гарадах. Стварэнне і развіццё геапарку ў нашай краіне будзе спрыяць мясцоваму развіццю ў галінах аховы навакольнага асяроддзя, культурнай спадчыны, адукацыі і міжнароднага супрацоўніцтва. І, канечне, гэта магчымасці для развіцця малога бізнесу, звязанага з турызмам. Гэта могуць быць паслугі ў сферы гандлю, харчавання, пражывання, вырабу сувенірнай прадукцыі.

У геапарку будзе магчыма праходжанне палявой практыкі для студэнтаў кафедры рэгіянальнай геалогіі і кафедры агульнага землязнаўства БДУ, а таксама іншых навучальных устаноў падобнага профілю. Увогуле, самае важнае, геапарк дасць кожнаму магчымасць пашырэння ведаў пра гісторыю свайго краю, магчымасць самастойнага пошуку і вывучэння геалагічных помнікаў сваёй мясцовасці.

Работа па праекце яшчэ ў самым пачатку. Навукоўцы правялі ацэнку патэнцыялу і перспектыў стварэння геапаркаў, здзейснілі палявыя абследаванні, склалі папярэдні спіс аб’ектаў, падрыхтавалі іх апісанне і картасхемы іх размяшчэння. Работы наперадзе яшчэ шмат. Плануецца, што статус нацыянальнага геалагічнага парка выбраныя тэрыторыі атрымаюць да 2025 года.

Дар’я РЭВА.