Геалогія выбрала нас

- 15:39Адукацыйная прастора

Адной рукой Марына ўключае асвятляльнік мікраскопа, другой — кладзе шліф на столік, мікраметрычным вінтом падпраўляе факусіроўку, падключае аналізатар мікраскопа — і перад яе вачыма ўзнікае тое, дзеля чаго яна адмовілася ад запрашэння схадзіць сёння на выставу твораў папулярнага мастака. Вышэйшая асалода — назіраць пад мікраскопам таямнічы свет унутры каменя — і для яе аднакласніц, Лены і Ульяны, якія размясціліся за суседнім сталом тут жа, у музеі геаграфічнага факультэта БДУ. Варта толькі выразаць з каменя тоненькую пласцінку, пакласці яе на столік мікраскопа — і палітра невядомага майстра ўспыхвае перад вачыма. Ні на адной мастацкай выставе не знойдзеш такога багацця фарбаў!

Цікавасць да геалогіі ў навучэнцаў сярэдняй школы № 53 Мінска трэці год развіваецца дзякуючы ініцыятыве Жанны Гвозд, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніцы геаграфіі.

Паспяховы дэбют

“Геалогія, мабыць, адна з самых цікавых навук — складаных і ў той жа час самых рамантычных, — гаворыць Жанна Яўгенаўна. — Нездарма дзіцяча-юнацкі геалагічны рух некалі быў развіты ў Савецкім Саюзе. У Расіі і ў некаторых краінах СНД ён развіваецца і цяпер амаль бесперапынна. У Беларусі ж гэты кірунак нанава зараджаецца. Пра яго актуальнасць гаварыў і наш прэзідэнт на V Усебеларускім сходзе: “У краіне ёсць магутны комплекс па разведцы нетраў, найбагацейшы вопыт, але няма сучаснага руху. Прыцягвайце да гэтай работы моладзь, выкарыстоўвайце патэнцыял таленавітай моладзі для ўдасканалення геолагаразведкі і асваення радовішчаў”. Але тут ёсць супярэчнасці, якія і заахвоцілі мяне шукаць новыя формы работы з навучэнцамі. Каб была “таленавітая моладзь для ўдасканалення геолагаразведкі і асваення радовішчаў”, неабходны высокі ўзровень адпаведнай падрыхтоўкі школьнікаў, а ў нас ён амаль адсутнічае. У школьным курсе геаграфіі за 6 гадоў усяго толькі 8 гадзін адведзены на вывучэнне геалогіі. Ды і ва ўніверсітэцкім курсе для будучых настаўнікаў геаграфіі ўсяго 90 гадзін геалогіі. Калі перавесці на пары, гэта толькі 2 тыдні за ўсе гады вучобы. Хіба можна такі ўзровень геалагічнай адукацыі лічыць дастатковым?”

Няма ў Беларусі і ніводнай праграмы факультатыўных заняткаў геалагічнай накіраванасці, зацверджанай Міністэрствам адукацыі. Магчыма, хутка сітуацыя зменіцца — распрацаваная Жаннай Яўгенаўнай праграма ўжо чакае запаветнага грыфа. У 2017 годзе насычаныя майстар-класы ад геолагаў Беларусі, экскурсіі “Мінск у камені”, тэматычныя гульні, віктарыны, канферэнцыі зацікавілі школьнікаў, якія і аб’ядналіся ў каманду.

Пакуль яе ўдзельнікі даследавалі свой першы аб’ект — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Парк камянёў” — і рабілі яго вэб-карту, штуршок да пераходу ад тэорыі да практыкі дало запрашэнне ў маі 2017 Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі прыняць удзел у Міжнароднай палявой алімпіядзе юных геолагаў у рамках XI Усерасійскай адкрытай палявой алімпіяды юных геолагаў.

“Былі змешаныя пачуцці. З аднаго боку, было вялізнае жаданне ўвязацца ў гэтую аванцюру, з другога — азнаёміўшыся з палажэннем, мы разумелі, наколькі гэта складана. Улічваючы, што мы адзіныя прадстаўлялі Рэспубліку Беларусь, гэта яшчэ і вельмі адказна”, — успамінае Жанна Яўгенаўна.

Па-першае, акрамя 35 вопытных расійскіх каманд, сапернікамі чакаліся каманды і тых краін СНД, дзе вельмі грунтоўная дзіцячая геалагічная школа, — усяго больш за 300 чалавек. Па-другое, у грунтоўнасці сваіх ведаў у кірунку геалогіі Ж.Я.Гвозд не была ўпэўнена, таму прыйшлося заручыцца падтрымкай Інстытута геалогіі Навукова-практычнага цэнтра па геалогіі, геаграфічнага факультэта БДУ і асабіста Дзмітрыя Міраслававіча Курловіча, загадчыка кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геафака БДУ, які таксама выступіў кіраўніком каманды. Толькі пасля гэтага для навучэнцаў пачаліся па-сапраўднаму гарачыя, але вельмі цікавыя дні.

На працягу двух летніх месяцаў для ўсіх 8 удзельнікаў каманды былі арганізаваны тэарэтычныя і практычныя заняткі па мінералогіі і петраграфіі, палеанталогіі, пабудове геалагічнага разрэзу, вывучэнні сучасных падыходаў да распрацоўкі радовішчаў нафты і газу, адпрацоўцы навыкаў шліхавога апрабавання і інш. Іх палявая практыка па гідралогіі і праходжанні геалагічнага маршруту праходзіла на вучэбнай геаграфічнай станцыі БДУ “Заходняя Бярэзіна”. Вынікам такой грунтоўнай падрыхтоўкі стала заваяваная імі на алімпіядзе “бронза”!

Д.М.Курловіч, загадчык кафедры глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм геаграфічнага факультэта БДУ: “У Беларусі вышэйшая геалагічная школа заўсёды была адной з наймацнейшых на прасторах СНД. І нам вельмі важна не страціць гэты ўзровень. Пад Салігорскам у нас буйнае радовішча калійных солей, у Прыпяцкім прагібе ёсць радовішчы нафты, шмат у Беларусі радовішчаў будаўнічых матэрыялаў, торфу і іншых карысных выкапняў. Таму нам неабходны спецыялісты-геолагі ва ўсіх гэтых сферах. І мы, выкладчыкі, зацікаўлены ў развіцці юнацкага геалагічнага руху. Толькі так да нас будуць прыходзіць зацікаўленыя абітурыенты, а выпускацца будуць падрыхтаваныя спецыялісты”.

Дарэчы, у многіх конкурсах нашы дэбютанты заваёўвалі першынство. Напрыклад, журы ўразіла ўменне Ягора Стаўрова “здабываць золата”. Гэта быў конкурс “Шліхавое апрабаванне”: у спецыяльным тазіку табе даюць жменю шліху, кідаюць у яго 10 грузікаў, якія імітуюць золата, і ўсё гэта добра перамешваюць з некалькімі кілаграмамі пяску. Задача ўдзельніка — вымыць пясок так, каб застаўся толькі шліх, а ў ім не згубіліся грузікі. “У нас не было практычнага вопыту, таму рэкордна хуткае і чыстае выкананне задання і ўсе 10 грузікаў у далоні дарагога варты!” — гаворыць Жанна Яўгенаўна.

Не было роўных і Арцёму Валчку ў радыяметрыі. “Гэта пошук закапаных на палігоне радыеактыўных парод і нанясенне іх месцазнаходжання на карту з указаннем -радыуса выпраменьвання, — тлумачыць Арцём. — У жыцці гэты метад дапамагае знаходзіць карысныя выкапні”.

Аднавіць былы рух

“Канечне, поспех нас акрыліў. Мы загарэліся ідэяй аднавіць гэты рух у Беларусі. Так і нарадзіўся наш праект па развіцці дзіцяча-юнацкага геалагічнага руху як формы сумеснай работы школы і УВА”, — расказвае Ж.Я.Гвозд.

Суаўтарам праекта выступіла вядучы геолаг музея землязнаўства БДУ і настаўніца геаграфіі гэтай жа школы Алена Мікалаеўна Дземяшкевіч. Кіраўніком жа праекта стаў Дзмітрый Міраслававіч Курловіч. На конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” яны атрымалі грант Мінгарвыканкама на рэалізацыю свайго праекта. У ім было прадугледжана правядзенне адкрытай інтэрнэт-алімпіяды па геалогіі на базе іх школы. Але пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і асабіста намесніка міністра Р.С.Сідарэнка алімпіяда атрымала статус рэспубліканскай і вясной 2018 года праводзілася Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. І самым вялікім адкрыццём стала тое, што ўдзел у ёй прынялі ажно 196 каманд з усёй Беларусі! Хоць перамога ўсё роўна дасталася геолагам з 53-й школы, колькасць зацікаўленых была нечаканасцю для ўсіх — будзе з кім развіваць геалагічны рух.

Летам 2018 года каманда 53-й школы па запрашэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Татарстан прыняла ўдзел у V Татарстанскай рэспубліканскай палявой алімпіядзе юных геолагаў, дзе стала пераможцай у 5 конкурсах і 3 спаборніцтвах. І гэта пры тым, што татарстанская юнацкая геалогія лічыцца самай моцнай ва ўсёй Расіі. Сёлета каманда пераможцаў рыхтуецца да ўдзелу ў II Міжнароднай алімпіядзе юных эколагаў, якая ладзіцца раз у 2 гады і сёлета пройдзе ў Новасібірску.

Паралельна старшакласнікі адточваюць свае веды на практыцы. Напрыклад, вучацца выбіраць самае спрыяльнае месца для калодзежа, малююць геалагічныя разрэзы на аснове тэкталагічных карт. Гэта дапаможа вызначаць, дзе і на якой глыбіні залягаюць карысныя выкапні.

У гэтым навучальным годзе Марына Кузьмар, Данііл Ржэвіцкі і Іван Сафонаў пачалі даследаванне “Геалогія станцый Мінскага метрапалітэна”, з якім яны нядаўна перамаглі на раённым этапе і атрымалі дыплом II ступені на гарадскім этапе конкурсу даследчых работ навучэнцаў. Як расказаў Данііл, гэтую работу яны праводзілі па заказе Мінскага метрапалітэна, у архівах якога захавалася шмат інфармацыі па геалогіі распрацовак, але, як афармляліся станцыі, якія горныя пароды выкарыстоўваліся для афармлення і адкуль яны прывозіліся, звестак няма. Таму па 11 станцыях першай лініі метро школьнікі сабралі інфармацыю. Плануецца, што яна будзе размешчана на гэтых станцыях, каб з ёй маглі знаёміцца пасажыры. Так, напрыклад, увага пасажыраў станцыі метро “Акадэмія Навук” будзе звернута на жоўтыя, ружовыя, блакітныя пералівы лабрадарыту, з якога зроблены прыступкі станцыі.

Юлія Гаўрылюк: “Толькі калі я прыйшла на заняткі да Жанны Яўгенаўны, уключылася ў сваю першую работу па вывучэнні парка камянёў, зразумела, што гэта тая справа, якой я хачу займацца прафесійна, хоць падсвядомае імкненне да даследаванняў у мяне было заўсёды. Я з дзяцінства збірала камяні, прыносіла іх дадому, разглядвала. Мне было цікава, з чаго яны складаюцца і якія яны па тэкстуры, што паўплывала на іх колер і што будзе, калі іх пацерці адзін аб другі. У мяне былі тры вялікія скрыні камянёў. Праўда, пасля шматлікіх маміных старанняў навесці парадак у маім пакоі засталася палова, але я рэгулярна папаўняю сваю калекцыю: гэта і цікавыя знаходкі з наваколля майго дома ў Мінску, дачы пад Валожынам, геабазы БДУ. Часам набываю камяні і мінералы на выставах”.

З гэтага года двое з васьмі ўдзельнікаў каманды свае геалагічныя даследаванні працягваюць ужо на больш прафесійным узроўні: Юлія Гаўрылюк стала студэнткай геаграфічнага факультэта БДУ, а Іван Брыгас атрымлівае прафесію на спецыяльнасці “Распрацоўка радовішчаў карысных выкапняў” у БНТУ.

“Мая мара — каб не толькі ў Расіі, Казахстане, Таджыкістане, Узбекістане, але і ў Беларусі дзіцяча-юнацкі геалагічны рух стаў папулярным. Магчыма, гэта паспрыяе таму, што нашы юныя геолагі знойдуць радовішчы нафты ці іншых падземных скарбаў Беларусі новым, дагэтуль не вядомым, уласна вынайдзеным спосабам разведкі. Для гэтага ў нас ёсць галоўнае — надзея на наяўнасць радовішчаў і жаданне займацца такой захапляльнай справай, як геалогія”, — падагульняе Жанна Яўгенаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Жанны ГВОЗД.