Геапалітычныя цэнтры сілы павінны паважаць суверэнітэт і незалежнасць малых дзяржаў

Ініцыятыва кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі аб запуску новага Хельсінкскага працэсу прызначана павысіць давер паміж краінамі. Пра гэта ішла размова на сустрэчы беларускіх парламентарыяў з дэлегацыяй Сумеснай камісіі па абароне ўрада і парламента (Рыксдага) Швецыі, паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Удзельнікі сустрэчы падрабязна абмеркавалі геапалітычную і ваенна-стратэгічную сітуацыю ў рэгіёне і свеце. Асаблівая ўвага была ўдзелена падыходам Беларусі да пытанняў еўрапейскай бяспекі і ролі краіны ў забеспячэнні міру і стабільнасці ў рэгіёне і Еўразіі ў цэлым. Шведскі бок быў праінфармаваны пра тое, якія Беларусь бачыць для сябе знешнія пагрозы на фоне геапалітычнага супрацьстаяння і ўсё большага напружання паміж глабальнымі гульцамі. У гэтым кантэксце старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі асабліва падкрэсліў неабходнасць нармалізацыі адносін паміж дзяржавамі, у першую чаргу тымі, што лічацца сусветнымі лідарамі.

“Паводле яго слоў, трэба стварыць такі кантэкст у міжнароднай палітыцы, які вёў бы да большага даверу паміж краінамі. На гэта і нацэлена міралюбная беларуская знешняя палітыка і ініцыятыва прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі аб запуску новага палітычнага працэсу, падобнага да Хельсінкскага. На гэта накіраваны таксама намаганні Мінска па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне і іншыя беларускія ініцыятывы, пра якія падрабязна гаварылася ў час сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Мінску”, — адзначылі ў прэс-службе.

Увага шведскага боку была прыцягнута таксама да неабходнасці змянення парадыгмы міжнароднай палітыкі. Валерый Варанецкі выказаў перакананасць, што геапалітычныя цэнтры сілы, калі яны сапраўды зацікаўлены ў захаванні міру і бяспекі, павінны паважаць суверэнітэт і незалежнасць малых дзяржаў. Замест спроб аказання ўплыву і націску ва ўласных інтарэсах, яны павінны супрацоўнічаць з імі ў інтарэсах міру, стабільнасці і бяспекі, дадаў ён.

Прыклад Беларусі, якая знахо­дзіцца на мяжы геапалітычнага супрацьстаяння і захавала пры гэтым добрыя партнёрскія адносіны з усімі сваімі суседзямі, мог бы разглядацца ў якасці мадэлі для выбудоўвання новай архітэктуры еўрапейскай і глабальнай бяспекі, лічыць парламентарый. “Нягледзячы на знешні націск, спробы розных геапалітычных гульцоў уцягнуць Беларусь у сферу свайго ўплыву, краіна змагла адстаяць суверэннае права на правядзенне самастойнай знешняй палітыкі”, — заўважыў Валерый Варанецкі.

У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Сяргей Бобрыкаў у размове са шведскай дэлегацыяй расказаў пра беларускую ваенную дактрыну і падкрэсліў яе абарончы характар. Дэпутат пацікавіўся таксама канцэпцыяй развіцця ваеннай арганізацыі Швецыі.

Сустрэча адбылася па ініцыятыве шведскага боку. У дэлегацыю, якую ўзначаліў старшыня Сумеснай камісіі па абароне былы міністр абароны Швецыі Б’ёрн фон Сюдаў, увайшлі прадстаўнікі палітычных сіл парламента гэтай краіны.

У беларускім парламенце адзна­чылі, што размова прахо­дзіла ў адкрытай і дружалюбнай атмасферы і садзейнічала ўмацаванню ўзаемаразумення і даверу паміж краінамі.