Гендарнае раўнапраўе неабходна для ўстойлівага развіцця грамадства

- 10:56Інфармацыйная гадзіна

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына прыняла ўдзел у дыскусіі міністэрскага ўзроўню за круглым сталом на 60-й сесіі Камісіі па становішчы жанчын, што праходзіла гэтымі днямі ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Беларускі дыпламат праінфармавала ўдзельнікаў дыскусіі аб дзяржаўных мерах, якія прымаюцца ў Беларусі па пашырэнні правоў і магчымасцей жанчын, а таксама аб пазіцыі дзяржавы па выкананні элементаў парадку дня развіцця да 2030 года, якія тычацца гендарнага раўнапраўя.
Алена Купчына падкрэсліла, што гендарнае раўнапраўе неабходна для паступовага і ўстойлівага развіцця любога грамадства, і звярнула ўвагу на неабходнасць дастатковага фінансавання адпаведных міжнародных праграм. У сувязі з гэтым яна заклікала міжнародныя арганізацыі пашыраць дапамогу краінам праз ажыццяўленне рэгіянальных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі па гендарных пытаннях. Алена Купчына таксама прапанавала галоўнай структуры ААН па правах жанчын “ААН-Жанчыны” больш актыўна далучацца да гэтай работы.
Намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі звярнула асаблівую ўвагу ўдзельнікаў дыскусіі на ролю сям’і і традыцыйных каштоўнасцей як важнага фактару ўстойлівага развіцця. Намеснік міністра адзначыла, што падтрымка сям’і павінна стаць адным з асноўных мерапрыемстваў па выкананні парадку дня развіцця да 2030 года.