Генеральная рэпетыцыя перад рэспубліканскім фіналам

- 14:21Адукацыйная прастора

У Магілёўскай вобласці вызначаны склад каманды для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Своеасаблівая генеральная рэпетыцыя перад фіналам інтэлектуальных спаборніцтваў — трэці этап — сабрала ў абласным цэнтры каля 980 навучэнцаў 8—11 класаў. У лік алімпіяднікаў увайшлі прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усяго рэгіёна.

Старшакласнікі праверылі свае веды па 18 вучэбных дысцыплінах. Больш за ўсё дзяцей узяло ўдзел у алімпіядзе па матэматыцы — 112 чалавек, а таксама па пяці замежных мовах — 115. Па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, які сёлета ўпершыню ўключаны ў праграму, спаборнічалі 50 удзельнікаў.

Былі на алімпіядзе і свае маленькія юбілеі — так, трэці этап па грамадазнаўстве праходзіў ужо 15 раз. На працягу ўсяго гэтага часу нязменным старшынёй журы па гэтым прадмеце з’яўляецца загадчык кафедры дыдактыкі і прыватных методык Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціна Мікалаеўна Гірына.

Падчас трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Грамадазнаўства”.

Грамадазнаўства — прадмет унікальны

“Грамадазнаўства — гэта ўнікальны прадмет, які спалучае ў сабе велізарны спектр ведаў па паліталогіі, эканамічнай тэорыі, філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі і гэтак далей, — адзначае кандыдат педагагічных навук. — Менавіта таму сюды не трапляюць выпадковыя дзеці, бо падрыхтавацца на алімпіяду па грамадазнаўстве — вельмі вялікая праца: дзеці павінны быць падкаванымі па многіх кірунках. Напрыклад, сёлета ім прапаноўваліся заданні, якія ўключалі пытанні падатковай палітыкі і канстытуцыйнага заканадаўства Эстонскай Рэспублікі. Нават калі не ўдавацца ў падрабязнасці, адзін паняційны апарат змяшчае значную колькасць тэрмінаў, якім трэба даць расшыфроўку з прывядзеннем адпаведных прыкладаў.

З разліку вольнага часу і пазнавальных магчымасцей дзяцей для засваення ім прапанаваны ўражальны аб’ём інфармацыі”.

Сёлета ўдзельнікамі алімпіяды па грамадазнаўстве сталі 52 чалавекі: 27 — у 10 класе, 25 — у 11. У складзе 16 каманд дзеці прадставілі практычна ўсе раёны вобласці. Напрыклад, сур’ёзная дэлегацыя з сямі чалавек прыбыла з устаноў адукацыі Горацкага раёна.

“Нягледзячы на тое, што разумовыя і фізічныя працавыдаткі пры падрыхтоўцы да дысцыпліны вялікія, колькасць алімпіяднікаў за апошнія 15 гадоў не знізілася, і ў гэтым велізарная заслуга настаўнікаў, якія прывіваюць дзецям любоў да свайго прадмета”, — кажа Валянціна Мікалаеўна.

Працаваць на агульны вынік

Сярод такіх таленавітых і захопленых сваёй прафесіяй спецыялістаў — настаўнік гісторыі Кадзінскай сярэдняй школы Ірына Віктараўна Ефрамкова. За апошнія 6 гадоў яе вучні 4 разы бралі прызавыя месцы ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Былі нават дыпломы І ступені, прычым з вялікім адрывам. “У кожнага педагога свая — методыка падрыхтоўкі дзяцей да алімпіяды, кожная з іх цікавая і прыносіць свае вынікі. Напрыклад, я раблю найбольшы ўпор на развіццё паняційнага мыслення, таму што сістэма навуковых паняццяў — гэта аснова любога тэарэтычнага мыслення і свядомасці дзіцяці”, — дзеліцца сакрэтам поспеху Ірына Віктараўна.

Таксама суразмоўніца адзначыла, што ў Магілёўскай вобласці ёсць зладжаная творчая каманда педагогаў, якая працуе на адзіны вынік. У яе склад уваходзяць і школьныя настаўнікі, і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Яны аказваюць усебаковую дапамогу і падтрымку ўдзельнікам алімпіяды, якія на час падрыхтоўкі становяцца агульнымі дзецьмі: ніхто не дзеліць іх на “сваіх” і “чужых”. У гэтым і ёсць залог поспеху, як упэўнена Ірына Віктараўна.

Дзеці павінны быць запатрабаваны дома

Перамога на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах дае ўдзельніку ўнікальны шанс паступіць на профільную спецыяльнасць у любую ўстанову вышэйшай адукацыі краіны без уступных выпрабаванняў. Аднак і гэтай магчымасцю трэба правільна скарыстацца, каб у далейшым працаваць па абранай прафесіі і не расчаравацца ў ёй, як лічыць Валянціна Мікалаеўна Гірына.

“Наша задача — зрабіць так, каб дзеці былі запатрабаваны дома, — адзначае старшыня журы. — Гэтаму і павінны садзейнічаць разнастайныя конкурсы і алімпіяды. Можна паехаць за высокай марай у прэстыжную ўстанову вышэйшай адукацыі, бліскуча там адвучыцца і, на жаль, не знайсці сабе прымянення. У той жа час творчыя спаборніцтвы павінны спрыяць не толькі выяўленню здольных дзяцей, але і развіццю рэгіёна. Нам трэба матываваць творчых і таленавітых абітурыентаў паступаць у свае рэгіянальныя ўстановы. Гэта павысіць якасны кантынгент студэнтаў, а таксама дазволіць вырашыць шматлікія лакальныя пытанні. На такія моманты ў першую чаргу павінны звяртаць увагу аўтары алімпіядных заданняў, бо праз іх таксама можна весці дзейсную прафарыентацыйную работу”.

Гісторык = дэтэктыў

Паралельна з грамадазнаўствам 49 навучэнцаў Магілёўскай вобласці дэманстравалі свае веды па гісторыі. Сярод удзельнікаў былі вельмі моцныя дзеці, якія змаглі здзівіць педагогаў: ім паддаваліся такія складаныя заданні, адказы на якія даводзілі да спрэчак нават членаў журы. Бачыць, што дзеці паспяхова штурмуюць такія вяршыні ведаў, — самае прыемнае ў працы журы, як лічыць старшыня журы трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі прафесар кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя А.А.Куляшова Аляксандр Рыгоравіч Агееў.

“Часцей за ўсё ў прапанаваных на алімпіядзе заданнях патрабуецца дэманстрацыя не столькі канкрэтнага ведання гістарычных дэталей, колькі інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў: умення разважаць, супастаўляць факты, аналізаваць, — расказвае суразмоўца. — У гэтым плане пошук удзельнікамі алімпіяды рашэння падобны да работы дэтэктыва. Гэта захапляе дзяцей, менавіта таму мы сёння бачым столькі апантаных гісторыяй навучэнцаў”.

Калі аналізаваць заданні, то з кожным годам іх аўтары робяць большы акцэнт на візуалізацыю — усё пацвярджаецца пэўным малюнкам або тэкстам. “Напрыклад, мне падалося, што ў заданнях для 10 класа такіх карцін з мінулага, якія трэба патлумачыць, стала пераважная большасць. А вось адзінаццацікласнікам прапаноўваліся дакументы і нават літаратурныя творы, якія трэба бало прааналізаваць. Напрыклад, у мастацкім вершы апісвалася, але не згадвалася канкрэтная гістарычная падзея. Задачай удзельніка алімпіяды было зразумець, якая падзея ў гэтым творы зашыфравана, дзе яна адбылася і да якіх вынікаў прывяла. Мне як спецыялісту хацелася б, каб пытанняў па гісторыі Беларусі было больш, але многае залежыць ад праграмнага матэрыялу”.

Быць уманціраваным у соцыум

Рыхтуючыся да алімпіяды па гісторыі, вучань атрымлівае не толькі веды і канкрэтныя навыкі, як упэўнены Аляксандр Рыгоравіч. Самае галоўнае, што гэтая гуманітарная дысцыпліна дае чалавеку грунт, на які ён абапіраецца, а таксама разуменне свайго мінулага і, як вынік, лепшае разуменне сучаснасці і больш дакладнае мадэляванне будучыні. “Калі малады чалавек будзе ўманціраваны ў соцыум, у тым ліку дзякуючы гісторыі, фальклору і нават таму, што псіхалагічна тут сябе камфортна адчувае, ведае свае традыцыі, то, безумоўна, з’явіцца больш шансаў, што ён застанецца жыць на роднай зямлі і працаваць на карысць сваёй краіны”.

Вяртаючыся да тэмы алімпіяды, асобную ўвагу Аляксандр Рыгоравіч удзяліў спаборніцкаму складніку. “На маю думку, барацьба за прызавыя месцы не з’яўляецца самамэтай гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў, але, на жаль, менавіта так гэта ўспрымаюць кіраўнікі асобных навучальных устаноў, — адзначыў прафесар. — Наша першапачатковая задача — не вызначыць, хто лепшы або наймацнейшы, а падштурхнуць дзяцей да дадатковага вывучэння прадмета, паглыблення ў яго і развіцця сваіх здольнасцей. Калі сыходзіць з гэтага, то ўдзел у алімпіядзе ўжо добры вынік, а для настаўнікаў — гэта стымул да лепшай работы са сваімі гурткоўцамі, а таксама да выяўлення здольных навучэнцаў”.

Цікава ведаць

Як адзначылі ў галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, алімпіядны рух у рэгіёне штогод паказвае годныя вынікі. Так, у 2018 годзе ў рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах прыняло ўдзел амаль 190 прадстаўнікоў Прыдняпроўскага краю. Заваявана 74 дыпломы: 13 — І ступені, 23 — ІІ, 38 — ІІІ. Найбольшую колькасць дыпломаў магілёўская каманда прывезла па беларускай мове. Лепшыя вынікі ў мінулым годзе паказалі навучэнцы Магілёва і Бабруйска.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.