Генератары ідэй

Педагагічная грамадскасць заўсёды адрознівалася творчасцю, багаццем дасягненняў, кемлівасцю ў сваёй справе, уменнем прадставіць сябе, свае творчыя знаходкі. Педагогі — гэта генератары розных ідэй. Пераканацца ў гэтым можна было падчас конкурсу для маладых педагогаў “Шлях у прафесію”. У Капыльскім раёне спаборніцтва праводзілася ўпершыню.

Конкурс спрыяе асобаснай самарэалізацыі і прафесійнаму росту, удасканаленню прафесійна значных якасцей маладых педагогаў, дапамагае фарміраванню індывідуальнага стылю педагагічнай дзейнасці і развіццю педагагічнай творчасці. Мерапрыемству папярэднічала падрыхтоўчая работа непасрэдна ва ўстановах адукацыі і ў рамках раёна. Пры сустрэчы з маладымі педагогамі загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вера Фёдараўна Станкевіч звярнула асаблівую ўвагу на тое, што ўдзел у такім конкурсе — гэта першая прыступка ў самаадукацыі, магчымасць заявіць пра свой прафесіяналізм.

Заяўку на ўдзел падалі ўсе маладыя педагогі ўстаноў адукацыі са стажам работы не больш за 3 гады — 11 дзяўчат і 1 прадстаўнік моцнага полу. Гэта настаўнікі-прадметнікі, настаўнікі пачатковых класаў і педагог-псіхолаг установы дашкольнай адукацыі.

У конкурсныя мерапрыемствы былі ўключаны такія выпрабаванні, як відэаўрок (заняткі, мерапрыемствы), эсэ “Мая прафесія настаўнік”, творчае самапрадстаўленне ўдзельнікаў на тэму “Мой педагагічны поспех”, конкурс “Міні-ўрок (заняткі, мерапрыемства)” па сваім прадмеце.

У фінале маладыя педагогі трымалі марку на сцэне: неабходна было звярнуць на сябе ўвагу, вылучыцца сярод іншых настаўнікаў, запомніцца, прывабіць членаў журы і гледачоў.

Вельмі цікава было назіраць за правядзеннем конкурсу “Шлях у прафесію”. Педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі праявілі свае лепшыя якасці: уменне падтрымліваць, аказваць прафесійную дапамогу.

Па выніках конкурсу дыпломам пераможцы, граматай і памятнымі падарункамі ўзнагароджана Іна Вітальеўна Юрчык, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі. Радасна ад таго, што мы разам прайшлі гэты нялёгкі, але цікавы шлях.

Алена СЕРАДЗІНСКАЯ,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Капыльскага райвыканкама.