Георгій Маліноўскі: жыццё чалавека і прафесіянала

У пачатку сакавіка заўчасна пайшоў з жыцця цудоўны чалавек, прафесійны настаўнік і кіраўнік, заслужаны работнік адукацыі Беларусі Георгій Мікалаевіч Маліноўскі.

Жыццёвы шлях Георгія Мікалаевіча — прыклад для пераймання. Сферы адукацыі ён прысвяціў звыш 50 гадоў свайго жыцця. Настаўнічаць пачынаў у сельскіх школах Магілёўскага раёна. Пасля пэўны час займаўся партыйнай работай. Але ў выніку вярнуўся ў педагогіку, больш за тры дзесяцігоддзі ўзначальваў Магілёўскі прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага. 

“Чалавеку неабходна марыць. Але важна таксама ўмець знахо­дзіць у сабе сілы для дзеянняў, для рэалізацыі задуманага”, — так не раз казаў Георгій Мікалаевіч падчас інтэрв’ю.

Для яго гэта былі не пустыя словы. Такім прынцыпам ён кіраваўся і ў жыцці, і ў прафесійнай дзейнасці. На гэта заўсёды арыентаваў і педагагічны калектыў, які ўзначальваў.

Георгій Мікалаевіч прытрымліваўся меркавання, што галоўная задача прафтэхшколы — навучыць маладых людзей працаваць. Каб навучэнцы маглі ў поўнай меры атрымліваць практычныя працоўныя навыкі, ён дзесяцігоддзямі  клапаціўся аб стварэнні ў кале­джы самай сучаснай матэрыяльнай базы.  

Значна, што ў Георгія Мікалаевіча ўсё задуманае атрымалася. У агралесатэхнічным каледжы сёння выдатныя ўмовы для навучання. Дзякуючы ініцыятыўнасці Георгія Мікалаевіча, ва ўстанове дзейнічае рэсурсны цэнтр, ёсць шмат вучэбных майстэрняў і лабараторый, уласныя сельскагаспадарчыя і лясныя ўгоддзі, на якіх працуюць навучэнцы. Сярод вучэбных лабараторый асабліва вылучаецца заасад — унікальны для ўсёй рэспублікі.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Георгій Мікалаевіч асаблівую ўвагу ўдзяляў не толькі якаснаму прафесійнаму навучанню, але і выхаванню маладога пакалення. Ён быў упэўнены: акрамя атрымання грунтоўнай прафесійнай адукацыі, моладзь трэба далучаць да карыснай занятасці, рыхтаваць да дарослага жыцця. Па яго ініцыятыве ў каледжы мадэрнізавалі ўласны Дом культуры, стварылі кабінет эстэтычнага выхавання, дзе маладых людзей вучаць этыцы, эстэтыцы, расказваюць, як правільна буда­ваць сямейныя адносіны, паво­дзіць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях.

Вельмі важным Георгій Мікалаевіч лічыў грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Менавіта ён натхніў калектыў на стварэнне музейнай экспазіцыі па ваеннай гісторыі. Уласнымі сіламі педагогаў і навучэнцаў на тэрыторыі каледжа аднавілі лінію нямецкай абароны з асноўнымі элементамі: бліндажом, агнявой кропкай, назіральным пунк­там, зямлянкай, траншэя­мі, гарматамі, мінамётам, танкам, самалётам. У комплексе з музейна-гістарычнай экспазіцыяй на базе каледжа пачаў дзейнічаць адзіны ў рэспубліцы музей ваеннага карэспандэнта пісьменніка Канстанціна Сіманава.

Ігар Васільевіч Карпенка, міністр адукацыі:

– Я неаднаразова наведваў агралесатэхнічны каледж, і тое, як ставіўся да сваёй працы Георгій Мікалаевіч, выклікала вялікую павагу. Кажуць, педагогамі не становяцца, імі нараджаюцца. Упэўнены, ён нарадзіўся педагогам. Усё, што сёння створана ў каледжы — выдатная матэрыяльная база, майстэрні, лабараторыі, сельскагаспадарчыя пляцоўкі, рэсурсны цэнтр — вялікая заслуга дырэктара. Вельмі важна ўсё гэта зберагчы.

Прадукцыйная прафесійная дзейнасць Георгія Мікалаевіча дазволіла Магілёўскаму прафесійнаму агралесатэхнічнаму каледжу стаць установай, добра вядомай у рэспуб­ліцы. Заасад — ужо не проста вучэбная лабараторыя. Ён па праве стаў адной са славутасцей Прыдняпроўскага краю. У зааса­дзе створаны зоны адпачынку, міні-чыгунка, турыстычная экалагічная сцежка, пляцоўкі для назірання. У калекцыі дзікіх звяроў і птушак ёсць зубры, плямістыя і высакародныя алені, ласі і казулі, козы і муфлоны, вярблюды, дзікі, мядзведзі, ваўкі, лісы, тыгр, рысь, янотападобныя сабакі, барсукі, пясцы, страусы, глушцы, фазаны, совы, шматлікія віды свойскіх жывёл. Для ўсіх іх у заасадзе створаны ўмовы пражывання, максімальна набліжаныя да натуральных. Сюды прыязджаюць турысты з усёй краіны, каб паназіраць за жывёламі, адпачыць і атрымаць новыя ўражанні. Частыя госці тут і гараджане, асабліва — маленькія магілёўцы.

Вядома, плённая праца Георгія Мікалаевіча Маліноўскага неаднаразова адзначалася. Ён меў званні “Чалавек года” і “Ганаровы грама­дзянін Магілёва”. Яго імя занесена ў Кнігу славы Магілёўшчыны. Ён быў узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём “За працоўныя заслугі”, нагрудным знакам “За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі”, атрымаў падзяку ад прэзідэнта. Сам Георгій Мікалаевіч не вельмі любіў гаварыць пра асабістыя ўзнагароды, затое заўсёды цікава і доўга расказваў пра каледж, педагагічны калектыў, навучэнцаў…

Высокапрафесійны кіраўнік і педагог, але сціплы чалавек… Георгій Мікалаевіч, нягледзячы на паважаны ўзрост, да апошняга заставаўся ў педагагічным страі, самааддана працаваў на карысць каледжа і ўсёй сістэмы прафесійнай адукацыі рэгіёна.

Андрэй Барысавіч ЗАБЛОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама:

— Георгій Мікалаевіч Маліноўскі быў выключным прафесіяналам, шчыра захопленым сваёй справай. Кіраўніком Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа ён працаваў на працягу больш як 30 гадоў. За гэты час навучальная ўстанова змянілася да непазнавальнасці. А ўсё таму, што Георгій Мікалаевіч здолеў з’яднаць педагагічны калектыў і натхніць на рэалізацыю самых маштабных, смелых ідэй і задум. Дзякуючы намаганням і таленту Георгія Мікалаевіча, сёння агралесатэхнічны каледж — не проста навучальная ўстанова, а вядомы ў Беларусі цэнтр падрыхтоўкі высакакласных спецыялістаў для сельскай і лясной гаспадаркі, сапраўдны брэнд прафесійнай адукацыі Магілёўскай вобласці.

Георгій Мікалаевіч заўсёды смела рэалізоўваў самыя амбіцыйныя праекты. Магілёўскі заасад, музейна-гістарычная экспазіцыя пад адкрытым небам, прысвечаная вызваленню Магілёва і вёскі Буйнічы — усе гэтыя знакавыя аб’екты вядомыя не толькі ў Магілёве, але і далёка за межамі рэгіёна.

За высокае прафесійнае майстэрства, актыўную і плённую працу ў галіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі Георгій Мікалаевіч быў адзначаны шматлікімі ганаровымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Дзякуючы ўважлівым адносінам да лю­дзей, сваёй бясконцай душэўнай шчодрасці ён карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у калектыве і сярод калег.

Георгій Мікалаевіч быў сапраўдным лакаматывам прафесійнай адукацыі Магілёўшчыны. Пра яго складана гаварыць у мінулым часе, бо гэты чалавек неверагодна любіў жыццё ва ўсіх яго праявах, заўсёды быў поўны сіл і энергіі. Яго сыход стаў сур’ёзнай стратай для сістэмы ПТА рэгіёна.

Уладзімір Ула­дзіміравіч РЫЖКОЎ, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа:

— Георгія Мікалаевіча Маліноўскага ведаў з пачатку двухтысячных. Доўгія гады ён быў старшынёй Савета дырэктараў устаноў ПТА рэгіёна, таму мы з ім часта сумесна вырашалі розныя пытанні, звязаныя з фарміраваннем нарматыўнай базы прафесійнай адукацыі. Тады ішло станаўленне новых відаў навучальных устаноў гэтага ўзроўню, і адметна, што нават нязначныя аспекты работы не заставаліся без яго ўвагі. Усе пытанні ён прапускаў праз сябе.

Георгій Мікалаевіч заўсёды імкнуўся да ўдасканалення каледжа. Я добра памятаю, што яго задуму аб будаўніцтве вучэбнай лабараторыі — заасада першапачаткова ўсе ўспрымалі як нейкую ўтапічную ідэю. Часта даводзілася чуць: “Што там зноў сабе Маліноўскі прыдумаў? Гэта нерэальна ўвасобіць у жыццё”.

Але Георгій Мікалаевіч быў з тых людзей, якія вераць у поспех і імкнуцца ажыццяўляць намечаныя мэты. Ён змог сабраць сапраўдную каманду аднадумцаў. Вялікі энтузіяст, ён верыў у поспех, а галоўнае — у патрэбнасць задумы, і зараджаў гэтай верай свой калектыў. У выніку ў рэгіёне з’явілася ўнікальная нават для рэспублікі вучэбная лабараторыя.

Так было і з іншымі праектамі Георгія Мікалаевіча. Ён лічыў вельмі важным грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Узначалены ім каледж знаходзіцца ў легендарным месцы, недалёка ад добра вядомага Буйніцкага поля. Менавіта ад гэтага Георгій Мікалаевіч адштурхоўваўся ў патрыятычным выхаванні моладзі. З яго падачы педагогі і навучэнцы аднавілі нямецкую лінію абароны на беразе Дняпра. Дзякуючы Георгію Мікалаевічу, у агралесатэхнічным каледжы было створана мноства патрэбных аб’ектаў. Усяго не пералічыш.

Гэты чалавек валодаў неверагоднай харызмай. Моцная асоба, ён з любым чалавекам — усё роўна, высокі гэта начальнік ці просты работнік або вучань — заўсёды меў зносіны на роўных. Найвышэйшага ўзроўню інтэлігент, Георгій Мікалаевіч быў вельмі спагадлівым, уважлівым. З вялікай любоўю, нават па-бацькоўску ён ставіўся да навучэнцаў каледжа. Кожнаму спрабаваў дапамагчы ў станаўленні. Ён быў сапраўднай глыбай — і ў плане праяўлення чалавечнасці, і ў любові да педагогікі і прафесійнай адукацыі.

Віктар Віктаравіч БУРАКА, дырэктар Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа:

— Я вельмі добра запомніў сваю першую сустрэчу з Георгіем Мікалаевічам Маліноўскім. Гэта быў 2004 год, пасяджэнне адной з калегій упраўлення па адукацыі аблвыканкама. Выступленне Георгія Мікалаевіча пра стварэнне на базе каледжа заасада было ўключана ў парадак дня. Першапачаткова, калі ён толькі пачаў гаварыць, яго словы ў прысутных выклікалі здзіўленне, лёгкую іронію і нават смех. Ідэю ўсе ўспрынялі несур’ёзна. Але ўжо пасля некалькіх хвілін выступлення людзі сталі прыслухоўвацца да таго, што ён кажа. Яго прамова была займальнай, глыбокай і вельмі цікавай. Да канца выступлення ў зале была поўная цішыня, усе ўважліва слухалі Георгія Мікалаевіча. Ён умеў данесці інфармацыю так, каб зацікавіць любую аўдыторыю.

У далейшым па родзе сваёй дзейнасці мне неаднаразова даводзілася вельмі шчыльна працаваць з Георгіем Мікалаевічам. Самыя галоўныя рысы гэтага чалавека — прыстойнасць, чулыя адносіны да людзей і неверагодны пазітыў, якім ён заўсёды шчодра дзяліўся з іншымі. У любой сітуацыі, якой бы складанай яна ні здавалася, на твары Георгія Мікалаевіча была ўсмешка.

Ён заўсёды падтрымліваў лю­дзей, якія яго акружалі, асабліва моладзь. У яго можна было павучыцца не толькі нейкім прафесійным навыкам, але і ўменню мець зносіны з людзьмі, працаваць з калектывам. І зараз памятаю тую параду, якую Георгій Мікалаевіч даў 11 гадоў назад, калі мяне толькі прызначылі дырэктарам электратэхнічнага каледжа. Ён тады павіншаваў мяне і сказаў: “Цяперашняя пасада — гэта больш канкрэтная работа, але важна навучыцца тонка працаваць з людзьмі. Як толькі навучышся праяўляць сваю зацікаўленасць не толькі агульным фонам работы ўстановы, але і жыццём свайго калектыву, тады станеш сапраўдным кіраўніком, за якім пойдуць людзі”. Я і цяпер у сваёй рабоце кіруюся гэтым прынцыпам.

Георгій Мікалаевіч быў над­звычай цікавым суразмоўцам. Яго заўсёды хацелася слухаць. Гэта быў прафесіянал высокага ўзроўню. Ён умеў выбудаваць работу ў сістэму, якая давала вынік. Ён не толькі верыў у патрэбнасць таго, што робіць, але і рабіў гэта. Умеў мабілізаваць усе сілы калектыву на рэалізацыю агульных ідэй.

Георгій Мікалаевіч вельмі цаніў людзей. Кожнага ўмеў выслу­хаць, падтрымаць, прычым падтрымаць добрымі словамі менавіта тады, калі гэтыя словы чалавеку былі патрэбныя. І не проста ска­заць нейкія агульныя фразы, а даць слушную параду ці супакоіць.

Вельмі яркай рысай Георгія Мікалаевіча была таксама любоў да жыцця, неверагодная любоў да прафесіі, да той справы, якой ён займаўся. Напэўна, гэта і тлумачыла тое, што нават у сталым узросце ён з энтузіязмам працягваў працаваць. Гэта сапраўды быў чалавек, на якога варта раўняцца, у якога было чаму павучыцца, павучыцца жыць.

Ірына Уладзіміраўна ДРАЗ­ДОЎСКАЯ, майстар вытворчага навучання, старшыня прафкама Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага:

— Разам з Георгіем Мікалаевічам я адпрацавала ў кале­джы 17 гадоў. Калі толькі прыйшла ва ўстанову, у мяне раптоўна памёр бацька. У нейкай ступені Георгій Мікалаевіч мне яго замяніў. Ён заўсёды аказваў падтрымку і ў прафесійным станаўленні, і ў вырашэнні розных жыццёвых сітуацый. Да ўсіх педагогаў і майстроў вытворчага навучання наш ды­рэктар заўсёды ставіўся па-бацькоўску. Кожная працоўная раніца ў Георгія Мікалаевіча пачыналася са слоў: “Прывітанне, дзеці!” Так ён звяртаўся не толькі да навучэнцаў, але і да работнікаў каледжа.

Кожны дзень, бачачы, як ён ідзе па калідоры, у нас усіх, у кожнага члена педагагічнага калектыву, заўсёды з’яўлялася ўсмешка. Жыццярадаснасць і актыўнасць Георгія Мікалаевіча перадавалася ўсім навокал. Ён да кожнага работніка ставіўся са спагадай, заўсёды стараўся ўсім дапамагчы ў меру сваіх магчымасцей.

У апошнія два гады, пасля майго абрання на пасаду старшыні прафкама, з Георгіем Мікалаевічам мы сустракаліся больш часта. Часам у яго кабінет я прыходзіла з цэлай кучай пэўных задач або праблем, але выходзіла адтуль заўсёды з усмешкай. У Георгія Мікалаевіча неяк атрымлівалася дастаткова проста вырашыць усе праблемныя моманты. А яшчэ ён умеў зараджаць пазітывам, прымушаючы паверыць у тое, што ў цябе абавязкова атрымаецца зрабіць усё неабходнае.

З Георгіем Мікалаевічам мы даволі доўга працавалі ў звязцы ў прыёмнай камісіі. Ён вельмі перажываў за выкананне планаў набору. Любіў гутарыць з паступаючымі і іх бацькамі. Натхнёна расказваў ім пра каледж і перавагі навучання ў ім, прычым ніколі не акцэнтаваў увагу на тым, што ён дырэктар установы. Улетку ён часта ездзіў па тэрыторыі каледжа на веласіпедзе. Апранаўся пры гэтым заўсёды проста, у спартыўным стылі. Памятаю выпадак, калі яго ў адзін такі момант спыніла група бацькоў і падлеткаў і спытала, як прайсці да дырэктара. Георгій Мікалаевіч усё ім падрабязна растлумачыў. Яны вельмі здзівіліся, калі ў прыёмнай ўбачылі таго самага веласіпедыста і даведаліся, што ён і ёсць дырэктар.

Георгій Мікалаевіч заўсёды быў разам са сваім калектывам. Просты, шчыры, неверагодны жыццялюб. Ён сапраўды вельмі любіў жыццё. Нават знаходзячыся ў рэанімацыі, працягваў адказваць на рабочыя званкі, абяцаў, што хутка вернецца ў строй… Сыход Георгія Мікалаевіча стаў вялікай стратай для ўсяго нашага калектыву, бо з такім кіраўніком мы заўсёды былі як за каменнай сцяной.

Матэрыялы паласы падрыхтавала Ганна СІНЬКЕВІЧ, уласны карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” па Магілёўскай вобласці. І ў дадатак мне таксама хацелася б сказаць некалькі слоў:

— Прафесійнага кіраўніка, цудоўнага педагога Георгія Мікалаевіча Маліноўскага асабіста я ведала на працягу 7 гадоў. За гэты час было падрыхтавана мноства рэпартажаў аб дзейнасці каледжа, замалёвак пра выкладчыкаў, артыкулаў з развагамі Георгія Мікалаевіча аб праблемах і перспектывах развіцця ўстаноў ПТА.

Кожны візіт у агралесатэхнічны каледж быў запамінальным. Кожнае інтэрв’ю з Георгіем Мікалаевічам доўжылася па некалькі гадзін, але час нашых гутарак пралятаў непрыметна. Таму што заўсёды было цікава, таму што не хацелася развітвацца.

За час нашых зносін Георгій Мікалаевіч стаў для мяне чалавекам-прыкладам. Узорам у праяўленні любові да жыцця, да той справы, якую робіш. Наглядным прыкладам таго, што, калі верыць і мэтанакіравана працаваць, нават самыя грандыёзныя мары могуць стаць рэальнасцю.

Падстаў для чарговай сустрэчы з Георгіем Мікалаевічам заўсёды было дастаткова, бо, увасобіўшы адну ідэю, ён браўся за ажыццяўленне новай, ніколі не спыняўся на дасягнутым. А яшчэ ён умеў натхніць на здзяйсненні іншых. Умеў падтрымаць, праявіць непадробленую чуласць і ўвагу.

Маштаб асобы Георгія Мікалаевіча змаглі ацаніць і кіраўніцтва, і рэдакцыя “Настаўніцкай газеты”. Наведванне агралесатэхнічнага каледжа і зносіны з яго дырэктарам падчас аднаго з прэс-тураў па Магілёўшчыне запомніліся кожнаму яго ўдзельніку.

Неверагодны чалавек, свое­асаблівы маяк для іншых… Па­мяць пра Георгія Мікалаевіча Маліноўскага назаўсёды застанецца ў сэрцы кожнага, хто яго ведаў.